3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной- летам 1917 г.

З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Ўстаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт.

Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). У працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі ўласныя плыні.

Да ўсерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) або кадэты і "Союз 17 октября" .

У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта нацыянальным, а не агульным праблемам. Але і яны групаваліся па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала ППС "лявіца"; да цэнтра – СДКПіЛ, ППС "правіца"; да правых – народныя дэмакраты (эндэкі).

Яўрэйскія левыя складаліся з Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш.

БСГ з’яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй.

Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з’яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі) або бундаўцы. Іх погляды на бягучыя падзеі з’яўляліся вызначальнымі для астатняй масы "рэвалюцыйнай дэмакратыі". Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты.

Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi усё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, "як буржуазна-памешчыцкаму". На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў.

18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на "перамоганоснае заканчэнне вайны". Тым самым міністр праігнараваў імкненне "рэвалюцыйнай дэмакратыі" на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі "рэвалюцыйнай дэмакратыі" узнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм’ер-міністр Г. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў).

Партыя бальшавікоў рэзка адмоўна аднесліся да ідэі кааліцыі і называлі прыхільнікаў супрацоўніцтва з буржуазнымі партыямі "згоднікамі" і нават здраднікамі. "Красавіцкі крызіс", акрамя іншага, адбіўся ў павышэнні актыўнасці бальшавікоў. Пад іх уздеяннем на франтах распаўсюдзіліся "братанні" і ўзмацнілася дэзерцірства.

Рэальнае стаўленне палітычных сіл і ўсяго грамадства ў цэлым да вайны выявілася 18 чэрвеня, калі па закліку Ўсерасійскага з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у многіх гарадах краіны адбыліся маніфестацыі і мітынгі. На Беларусі яны прайшлі ў губернскіх і асобных (Бабруйск, Гомель) цэнтрах пад лозунгамі падтрымкі Часовага ўрада і распачатага наступлення рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту. Бальшавіцкія антываенныя заклікі на тых маніфестацыях поспеху не мелі, затое на пазіцыях іх уздзеянне набылі разбуральныя наступствы. У выніку многія часці адмовіліся выконваць загад камандавання і выступіць супраць ворага.

Наступленне рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту скончылася для іх катастрофай і абвастрыла маральна-палітычную напружанасць у грамадстве. Так, 3-4 ліпеня ў Петраградзе, часці гарнізона, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў і анархістаў, здзейснілі спробу звяржэння Часовага ўрада.

У адказ з мэтай умацавання дысцыпліны на фронце ўрад А. Керанскага ўвёў пакаранне смерцю і забараніў антыўрадавую агітацыю. У Мінску быў перапынены выхад бальшавіцкай газеты "Звезда".

Палітычная напружанасць у краіне ўзрасла яшчэ больш, калі стала вядома аб пасылцы вярхоўным галоўнакамандуючым генералам Л. Г. Карнілавым казацкіх і іншых часцей на Петраград для замены войск бальшавізаванага гарнізона. Гэтая акцыя была ўзгоднена з прэм’ер-міністрам А. Керанскім, тым не менш, была ўспрынята як спроба дзяржаўнага перавароту і ўсталявання ваеннай дыктатуры.

Намаганнямі палітычных партый, Саветаў, салдацкіх камітэтаў, Саюзу чыгуначнікаў, большасці вышэйшага камандавання і г. д. узнікшы 25-26 жніўня "карнілаўскі мяцеж" скончыўся без кравапраліцця, а сам былы галоўнакамандуючы са сваім штабам здаўся. У ліку важнейшых наступстваў гэтага канфлікту было і тое, што колькасць прыхільнікаў кааліцыі з буржуазіяй рэзка зменшылася, ідэя ваеннага шляху ў дасягненні міру была канчаткова адкінута. Адначасова аўтарытэт бальшавікоў як змагароў за неадкладнае спыненне вайны і прыхільнікаў перадачы ўсёй улады Саветам істотна ўзрос.

Па меры развіцця рэвалюцыі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый былі ўключаны ў органы дзяржаўнай улады – губернскія і павятовыя камісарыяты. Летам-восенню адбыліся выбары ў гарадскія думы і земствы, галоўным чынам па партыйных спісах, якія прынеслі перамогу левым партыям – эсэрам і меншавікам. Шматпартыйная сістэма, што ўсталявалася ў краіне, рабілася асноўнай крыніцай фарміравання органаў улады. Пры тым раскладзе палітычных сіл левыя партыі мелі найлепшыя шанцы атрымаць большасць ва Ўстаноўчым сходзе.

Бальшавікі таксама склалі свой выбарчы спіс у парламент, але адначасова яны ўзмацнілі ўсебаковую, у тым ліку канспіратыўную дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання пад лозунгам "Уся ўлада Саветам". У цэлым, з вясны па восень усе палітычныя сілы ў сваім стаўленні да Часовага ўрада падзяліліся на яго безумоўных прыхільнікаў і не менш ваяўнічых праціўнікаў. Такія ж прынцыповыя разыходжанні назіраліся і ў адносінах да ваеннага, аграрнага, рабочага, нацыянальнага пытанняў. Кожная партыя ўсведамляла, што рэалізацыя іх стратэгічных мэт у многім залежыць ад таго, наколькі прывабнай для мас (як патэнцыяльных выбаршчыкаў) будзе палітычная праграма і тактыка кожнай з іх па азначаных пытанняў.

Што датычыць праблемы вайны, то вясной РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ лiчылі яе абарончай і таму заклiкалі да яе працягу да заключэння ганаровага мiру, без анексiй i кантрыбуцый. Партыйныя арганізацыі і падначаленыя ім Саветы ўзялі актыўны ўдзел у падпісцы на аблігацыі "Пазыкі Свабоды" для папаўнення дзяржаўнага бюджэту.

ПНС з’яўлялася прыхiльнiцай вайны да пераможнага канца. Яе пазіцыі падзялялі меншавікі-абаронцы (Г. Пляханаў) і энэсы. Яны таксама ўзялі ўдзел у рэалізацыі ваеннай пазыкі.

Бальшавiкі працягвалі лiчыць вайну iмперыялiстычнай, патрэбнай, быццам толькi буржуазii i памешчыкам, і таму выступалі за яе неадкладнае спыненне. Бальшавіцкі лозунг неадкладнага спынення вайны сталi падзяляць меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i левыя эсэры. Тым часам развал армія імкліва губляла сваю баяздольнасць.

Падрыхтоўка аграрнай рэформы таксама прыцягвала павышаную ўвагу грамадскасці. Задоўга да выбарчай кампаніі ва Ўстаноўчы сход кожная з партый абвясціла ўласны зямельны праект або аграрную частку праграмы).

Кадэты выступалі за надзяленне сялян зямлёй з дзяржаўнага фонда ў прыватную ўласнасць пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Прадугледжвалася таксама перадача часткі памешчыцкіх зямель у дзяржаўны фонд, але толькі за пэўную кампенсацыю.

Народныя сацыялісты (энэсы і трудавікі) прапаноўвалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне (за кампенсацыю) і надзяляць сялян зямлёй па спажывецкай норме.

Сацыял-дэмакраты лічылі мэтазгоднымі нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе ў распараджэнне сясцовых органаў кіравання). Лічучы сялян дробнай буржуазіяй, яны імкнуліся рэалізацыяй сваёй праграмы паспрыяць інтарэсам сельскіх пралетарыяў. Бальшавікі як сацыял-дэмакраты выступалі за нацыяналізацыю зямлі, але заклікалі да неадкладнай ліквідацыі памешчыцкага землеўладання да склікання Ўстаноўчага схода, перадаваць зямлю сялянам.

Правыя меншавікі (Г. Пляханаў і інш.) лічылі, што не трэба адбіраць зямлі ў памешчыкаў, каб не "пладзіць новых жабракоў".

Сацыялісты-рэвалюцыянеры прапанавалі праект "сацыялізацыі": канфіскацыя памешчыцкай зямлі, лясоў і нетраў; надзяленне зямлёй тых, хто яе апрацоўвае па працоўна-спажывецкай норме з забаронай яе продажу і эксплуатацыі наёмнай сілы. Але ў маі, адразу пасля І Ўсерасійскага з’езда сялянскіх дэпутатаў зямельныя камітэты, на чале з эсэрамі сталі перадаваць памешчыцкія землі сялянам. У выніку ўжо з канца лета аграрны рух з лакальнага і стыхійнага стаў ператварацца ў арганізаваны. Акрамя таго, пад уздзеяннем бальшавіцкай прапаганды сяляне секлі лес, захоплівалі пашу, сенакосы, землі, не чакаючы Ўстаноўчага сходу.

Па меры пагаршэння эканамічнай сітуацыі ўсе левыя партыі патрабавалі ад Часовага ўрада ўсталявання кантролю над вытворчасцю прадуктаў і іх размеркаваннем. Бальшавікі лічылі, што вырашэнне рабочага пытання, роўна як і іншых, немагчыма без адабрання ўлады ў "буржуазнага ўрада" і перадачы яе Саветам.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі шматнацыянальнае насельніцтва Расіі як былой "турмы народаў" атрымала магчымасць свабодна рэалізаваць свае нацыянальныя патрэбы. Ужо ў сакавіку менавіта яўрэі дамагліся ліквідацыі дыскрымінацыйнай палітыкі, набылі роўныя з астатнімі грамадзянамі правы. Найбольшую папулярнасць сярод яўрэйскіх працоўных набыў бундаўскі праект "культурна-нацыянальнай аўтаноміі". Часовы ўрад і Петраградскі Савет далі гарантыю палякам у тым, што пасля перамогі над Германіяй будзе адроджана незалежная Польшча. Усе партыі мелі свае нацыянальныя праграмы, якія, акрамя кадэцкай прадугледжвалі, у перспектыве наданне народам нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Бальшавікі выказваліся за наданне кожнаму народу права на нацыянальнае самавызначэнне аж да аддзялення ад Расіі і ўтварэння ўласнай дзяржаўнасці.

Такім чынам, з вясны па восень найбольшыя зрухі ў лозунгах і тактыцы партый вызначыліся ў пытанні аб вайне. Асноўная маса "рэвалюцыйнай дэмакратыі", за выключэннем бальшавікоў, адкінула "абаронніцкі" погляд на яе, але па-ранейшаму выступала за мір без анексій і кантрыбуцый. Ацэнка зместу аграрных праграм дазваляе меркаваць, што памешчыцкае землеўладанне не мела перспектыў на далейшае існаванне. Вырашэнне рабочага пытання дасягнула значнага прагрэсу, але ва ўмовах узрастаўшага эканамічнага крызісу яшчэ заставалася вельмі вострым. Нацыянальнае пытанне таксама набывала рэальные перспектывы да станоўчага вырашэння. Наогул, большасць грамадскасці аддавала перавагу дэмакратычнаму, рэфармісцкаму шляху развіцця Расіі, які павінен быў вызначыць Устаноўчы сход.


Информация о работе «Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 34985
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх