Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя


Змест

1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны

2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі

3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной - летам 1917 г.

4. Беларускі рух вясной - летам 1917 г.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны

На пачатку ХХ стагоддзя Еўропа ўяўляла сабой нестабільны ў палітычных адносінах рэгіён, асабліва пасля таго, як паміж яе буйнейшымі дзяржавамі – Англіяй, Францыяй і Расіяй – з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Італіяй – з другога, былі заключаны ваенна-палітычныя пагадненні. Да блокаў (адпаведна) Антанты і Траістага саюза ў 1914 г. пэўным чынам далучаліся іншыя, менш уплывовыя краіны. Кожны з блокаў меў уласныя iнтарэсы, звязаныя, з усталяваннем гегемоніі на еўрапейскім кантыненце, кантролю над слабаразвiтымi краiнамi і калонiямі.

Падставай для пачатку вайны паслужыла забойства 15 чэрвеня 1914 г. у Сараеве (Боснiя) нашчадка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда. Ультыматум, прад’яўлены Аўстра-Венгрыяй на адрас Сербii, закранаў яе прэстыж i таму быў адхiлены. 17 ліпеня Расiя пачала мабiлiзацыю, дэманструючы гатоўнасць абаранiць Сербiю. Кайзер Вiльгельм II запатрабаваў ад Мiкалая II спынення мабiлiзацыi i, не дачакаўшыся cтаноўчага адказу, 19 лiпеня 1914 г. аб’явiў вайну Расii, 21 лiпеня – Францыi. 22 ліпеня вайну Германіі аб’явіла Англія, а 10 жнiўня Японiя. Праз колькі часу ў баявыя аперацыі былі ўцягнуты 33 краiны з 75 % насельнiцтва свету (звыш 1, 5 млрд чал.).

Першымі баявыя дзеяннi пачалі войскі Германiі, якія 20 ліпеня перасеклі тэрыторыю Бельгiі i рушылі на Парыж. Каб ліквідаваць пагрозу захопу французскай сталiцы, па просьбе саюзнікаў дзве рускiя арміі распачалi наступленне ва Усходняй Прусii. Ужо першыя баі выявілі сур’ёзную перавагу праціўніка ва ўзбраенні, тэхнічных сродках, ваенным майстэрстве. У вынікі рускія войскі былі цалкам знішчаны. Летам наступнага, 1915 г. германская армія захапіла Царства Польскае і палову беларускіх зямель. Расійская іх частка ўяўляла сабой прыфрантавую зону з насельніцтвам каля 6 млн чал. У гарадах і вёсках скапілася да 500 тыс. бежанцаў без сродкаў існавання. Цэнтрамi iх згуртавання з’яўлялiся камiтэты дапамогi ахвярам вайны, якія будаваліся па нацыянальнай прыкмеце.

З-за наплыву бежанцаў павялічылася колькасць жахароў Мінска (да 250 тыс.), Вiцебска – (да 120 тыс.), Магiлёва – (да 75 тыс.), Гомеля (да 100 тыс.), Бабруйска (да 50 тыс.) і інш. Тут жа размясціліся прадпрыемствы арганiзацый па абслугоўваннi фронту – Усерасiйскага Земскага Саюза (УЗС), Усерасiйскага Саюза Гарадоў (УСГ), Земска-Гарадскога Саюза (Земгара), Ваенна-прамысловага камiтэта (ВПК).

За час вайны на Беларусi большасць існаваўшых прадпрыемстваў (79 са 134) вырабляла боепрыпасы, абмундзіраванне, абутак і інш. Выраб тавараў народнага спажывання складаў толькі шостую-сёмую частку ад даваеннага ўзроўню. Агульная колькасць рабочых, занятых у прамысловасцi, на абарончых прадпрыемствах, на чыгунцы i г. д. складала каля 270 тыс. Недахоп працоўных абумовiў дастаўку на Беларусь тысяч работнiкаў з Сiбiры, Сярэдняй Азii, Далёкага Ўсходу.

Частыя мабілізацыі негатыўна адбіваліся і на стане сельскай гаспадаркі. Па прычыне недахопу працоўных рук скарачэнне пасяўных плошчаў дасягнула ў 1916 г. 15%. Жорсткая харчовая палітыка царскага ўрада прымушала вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі прадаваць яе рэквізіцыйным службам па нявыгадных "цвёрдых" цэнах. З-за недахопу прадуктаў і грашовай інфляцыі іх кошт значна ўзрос і рабіўся недаступным для працоўных.

За час вайны ў расійскую армію было мабілізавана каля 13 млн чал., у тым ліку да 40-50% мужчын беларускіх губерняў. У 1916-1917 г. тут размяшчалася амаль 2 млн салдат і афіцэраў Заходняга (галоўнакамандуючы А. Эверт) i асобных армiй Паўночнага франтоў (галоўнакамандуючы М. Рузскi). Цывільную адмiнiстрацыю ўзначальвалі губернатары (Мiнскай губ. – У. Друцкi-Сакалiнскi, Магiлёўскай – Дз. Яўленскi і Вiцебскай – Б. Хiтраво).

Удзельная вага беларусаў пасля масавых мабiлiзацый на фронт, найму працоўных з цэнтральных раёнаў Расii, размяшчэння эвакуiраваных з Польшчы i Прыбалтыкi прадпрыемстваў i устаноў, вымушаных мiграцый, бежанства i г. д. знiзiлася з 85 да 61,8%.

На Беларусі быў усталяваны асобы рэжым кiравання i забеспячэння парадку жыццядзейнасцi у адпаведнасцi, у першую чаргу, з iнтарэсамi абароны краiны i баяздольнасцi фронту. Ён выяўляў сябе ў iснаваннi надзвычайных законаў i у вызначальнай ролi ваенных чыноў перад грамадзянскiмi. Так, у адпаведнасці з цыркулярам "Аб мерах да папярэджання i перапынення фабрычных забастовак", яго парушальнiкi неадкладна звальнялiся i адпраўлялiся на фронт. Дзейнасць прафесiйных саюзаў забаранялася. Законы ваеннага часу прадугледжвалі ўвядзенне працоўнай павiннасцi на карысць фронта, практыку аблаў сярод насельнiцтва з мэтай затрымання дэзерцiраў i тых, хто ўхiляўся ад вайсковай службы; высылку "недабранадзейных" углыб Расii, абмежаванне магчымасцяў людзей выбiраць месца жыхарства i працы, збiрацца на сходы, нават перапiсвацца па пошце.

Мясцовыя ўлады ў сваiм iмкненнi забяспечыць адпаведны парадак i дапамогу фронту абапіралася на дзяржаўную iдэалогiю, якая ўвасобiлася ў лозунгу – "За цара, веру i айчыну". З апорай на яго ў грамадскую свядомасць укаранялася неабходнасць падтрымкi расiйскай армii, якую ўзначальваў сам Імператар, для давядзення вайны да "пераможнага канца" i "ганаровага мiру". Iдэяй аб’яднання народа вакол цара у барацьбе з ворагам была прасякнута ўся ваенная і цывільная прэса. Вайна, што працягвалася, называлася iмi не iнакш, як "Вялiкая Айчынная" або "Другая Айчынная".

Большасць насельнiцтва ўсведамляла неабходнасць вайны. Разам з тым на Беларусi, як i паўсюдна, iснавалi пэўныя антываенныя настроi. Іх носьбітамі з’яўляліся прадстаўнікі левай плыні сацыялістаў, якія выступалі за паражэнне Расіі і за ператварэнне вайны з імперыялістычнай у грамадзянскую. Аб нежаданні ваяваць сведчылі ўцёкі салдат з фронта і ўхіленне ваеннаабавязаных ад прызыву ў армію. Аб тым жа сведчылі падзеі ў Гомелі ў кастрычніку 1916 г., дзе адбылося паўстанне салдат размеркавальнага пункту. У цэлым жа, узброеныя сілы заставаліся дастаткова баяздольнымі. На вяснулета 1917 г. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання, якая размяшчалася ў Магілёве, распрацавала план наступлення, якое павінна было завяршыцца доўгачаканай перамогай

Такім чынам, асноўная маса насельніцтва Беларусі адкрыта не выказвала незадавальнення сваім становішчам і цярпліва выконвала свае грамадзянскія абавязкі. Чуткі аб хуткім заканчэнні вайны былі настолькі моцнымі, што дадому сталі вяртацца бежанцы Так, 25 лютага 1917 г. мінскі губернскі земскі сход разглядаў праект аб інвакуацыі 10 000 бежанцаў, а на адрас губернатара паступалі тысячы хадайніцтваў аб вяртанні дадому.


Информация о работе «Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 34985
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх