2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі

Велiзарныя людскiя, матэрыяльныя i маральныя страты, якiя цярпела расiйскае грамадства на працягу трох год вайны, моцна пахiснулі аўтарытэт цара і веру ў пераможнае заканчэнне вайны. Пачатак рэвалюцыi быў звязаны з выступленнямi рабочых Петраграда за паляпшэнне свайго становiшча. 23 лютага 1917 г. тысячы людзей, галоўным чынам жанчын, выйшлi на вулiцы сталiцы з патрабаваннем хлеба. Іх падтрымалі рабочыя прадпрыемстваў, якія спынілі працу і аб’явілі забастоўкі пратэсту. Неўзабаве стыхійныя мітынгі ператварылiся ў масавыя дэманстрацыi пад палiтычнымi лозунгамi аб спыненні вайны і звяржэнні ўрада. 25-26 лютага салдаты адмаўлялiся страляць у дэманстрантаў, затым самі сталi далучацца да іх і агульнымі намаганнямі раззбройваць палiцыю i жандараў. Развiццё падзей выйшла з-пад кантролю ўрада i назаўтра ён быў арыштаваны паўстанцамі.

У выніку пратэстны рух сталічных працоўных, узмоцнены ўдзелам салдат, перарос ва ўзброенае паўстанне супраць царскага ўрада i абумовiў перамогу рэвалюцыi па ўсёй краіне. 27 лютага з удзелам дэпутатаў Дзяржаўнай думы i кiраўнiкоў Петраградскага Савета быў створаны новы орган улады – Часовы камiтэт (старшыня М. Радзянка), які звярнуўся да кіраўніцтва гарадскіх і земскіх самакіраванняў з адозвай аб падтрыманні грамадскага парадку.

Ранiцай, 28 лютага Мікалай ІІ выехаў з Магiлёва ў напрамку Царскага Сяла, але яго эшалон быў спынены i завернуты на Пскоў. Там 2 сакавiка i адбылося адрачэнне цара ад трона на карысць брата Мiхаiла. Але апошнi адмовiўся заняць яго да часу, пакуль Устаноўчы сход не дасць на тое сваю згоду. У вынiку вышэйшая ўлада ў краiне перайшла да Часовага ўрада. 2 сакавiка быў сфармiраваны яго склад на чале з Г. Я. Львовым, куды ўвайшлi думскія дзеячы з ліку кадэтаў і акцябрыстаў, а таксама 1 сацыялiст – А. Ф. Керанскi, якi заняў пасаду мiнiстра юстыцыi. 3 сакавiка была распаўсюджана Дэкларацыя Часовага ўрада, у якой абвяшчалася праграма яго дзейнасці, а таксама амнiстыя палiтычным зняволеным, скасаванне палiцыi i жандармерыi, наданне ўсiм грамадзянам дэмакратычных правоў і свабод.

Скасаванне самаўладдзя – асноўнае дасягненне Лютаўскай рэвалюцыі. Аўтарытарная сістэма кіравання была разбурана, але інстытут прыватнай уласнасці застаўся непахісным: па-ранейшаму заставалася непарушным памешчыцкае землеўладанне, большасць фабрык, заводаў, банкаў належалі прыватным асобам. Але з наданнем усім грамадзянам роўных правоў і свабод узнікла магчымасць вырашэння наспелых грамадскіх і эканамічных праблем мірным, рэфармісцкім шляхам. Аптымістычнай падставай таму з’яўлялася шырокая падтрымка Часовага ўрада і яго палітыкі і ўзросшая актыўнасць усіх пластоў насельніцтва ў галіне абароны сваіх інтарэсаў. Важна адзначыць, што нідзе па краіне, у тым ліку на Беларусі, не назіралася актыўнасці прыхільнікаў манархіі. Пасля адрачэння Раманавых ад трона вышэйшае ваеннае камандаванне, а таксама афіцэры і салдаты вызваляліся ад дадзенай цару прысягі і пакляліся ў вернасці Часоваму ўраду.

Такім чынам, усе ўзброеныя сілы, у тым ліку паўтарамільённы Заходні фронт, размешчаны на Беларусі, зрабіліся рэальнай апорай новых органаў улады, якія толькі пачалі фарміравацца. На пераходным этапе іх функцыі ўскладаліся на гарадскія і местачковыя грамадскія камітэты парадку, створаныя на базе мясцовых самакіраванняў і прадстаўнікоў ад усіх пластоў насельніцтва і арганізацый. Замест скасаванай паліцыі і жандармерыі ахова правапарадку была ўскладзена на народную мiлiцыю. 4 сакавіка першы яе атрад, складзены ў Мінску з рабочых і служачых УЗС, узначаліў славуты змагар супраць самаўладдзя М. В. Фрунзе. Надалей, замест царскіх губернатараў і павятовых земскіх начальнікаў былі ўведзены пасады губернскіх і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія занялі адпаведныя старшыні земстваў. Замест сялянскіх валасных упраў пачалося абранне ўсесаслоўных валасных камітэтаў. У выніку камісарыят Віцебскай губ. узначаліў М. Л. Карташоў, Магілёўскай – В. А. Судзілоўскі, Мінскай – Б. М. Самойленка. Характэрнай прыкметай новага дэмакратычнага ладу стала тое, што адміністрацыя перастала прызначацца "звыш", а стала абірацца ўсімі пластамі грамадства, аб’яднанага ў палітычныя і грамадскія арганізацыі. Судовая сістэма істотна памянялася. Зараз суддзі мусілі абірацца грамадскасцю. Асобныя законы (аб пакаранні смерцю, палітычных праследаваннях і інш.) і цэнзура скасоўваліся. Усе палітычныя зняволеныя атрымалі свабоду і амністыю.

Таксама скасоўваліся ўсе рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні. Асабліва шчыра віталі гэты закон яўрэі, якія да таго адчувалі жорсткі дыскрымінацыйны прэс царскага ўрада. Часовы ўрад пацвердзіў права палякаў на адраджэнне іх дзяржаўнасці пасля заканчэння вайны і склікання Ўстаноўчага сходу.

У мэтах згуртавання вайскоўцаў і працоўных для падтрымання парадку і прадухілення контррэвалюцыі ў гарадах і мястэчках сталі ўтварацца класавыя прадстаўнічыя арганізацыі – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку ў ліку першых яны ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Оршы, Віцебску. Крыху пазней, у красавікумаі сталі фарміравацца Саветы сялянскіх дэпутатаў. Большасць Саветаў наладзіла выданне сваіх газет. Паступова Саветы сталі самымі масавымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, якія не толькі змагаліся за інтарэсы працоўных і салдат, а і дапамагалі органам Часовага ўрада. У ліку найбольш уплывовых рабоча-салдацкіх Саветаў былі Мінскі, Гомельскі, два Віцебскія, Магілёўскі, Бабруйскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Полацкі і іншыя.

Найбольш аўтарытэтным для ўсіх расійскіх Саветаў, у тым ліку і створаных на Беларусі, быў Петраградскі Савет (старшыня меншавік М. С. Чхеідзе), які вызначаў сваё стаўленне да Часовага ўрада адпаведнасцю яго палітыкі інтарэсам так званай "рэвалюцыйнай дэмакратыі" – рабочых, салдат, сялян, іх партый і арганізацый. Адначасова Петраградскі Савет выяўляў прыкметы паралельнага органа ўлады. Так, ужо 14 сакавіка яго Выканаўчы камітэт звярнуўся да працоўных ваюючых краін з заклікам да ўціску на свае ўрады з мэтай хутчэйшага заключэння міру. У далейшым тэндэнцыя да ўзнікнення двоеўладдзя стала ўзрастаць, асабліва пасля сфарміравання ў чэрвені 1917 г. новага цэнтра "рэвалюцыйнай дэмакратыі" – Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага камітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі з моманту свайго ўтварэння таксама падтрымалі Часовы ўрад і сваёй далейшай дзейнасці арыентаваліся на Петраградскі Савет. Вясною Саветы (усяго каля 40) на Беларусі дзейнічалі ва ўсіх губернскіх, павятовых гарадах і нават некаторых мястэчках. Сваю задачу яны бачылі ў арганізацыі і палітычнай асвеце рабочых і салдат, абароне іх інтарэсаў, а таксама ў падтрымцы органаў Часовага ўрада. Для ўтварэння Саветаў сялянскіх дэпутатаў, адбывалася іх зліццё і сумесная дзейнасць у адпаведнасці з курсам Петраградскага Савета і новых цэнтраў рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскімі выканкамамі рабочых і салдацкіх, а таксама сялянскіх дэпутатаў. У адрозненне ад сталіцы, ніякіх прыкмет наяўнасці "двоеўладдзя" на Беларусі не назіралася.

Намаганнямі Саветаў, земстваў, вясковай інтэлігенцыі ўдалося перасекчы разрастанне аграрнага руху. Сялянам тлумачылася сутнасць перамены ўлады, неабходнасць далейшай дапамогі фронту і чакання Ўстаноўчага сходу. У выніку сяляне абавязаліся прадаваць прадукты толькі дзяржаўным нарыхтоўшчыкам і тым падтрымліваць хлебную манаполію дзяржавы.

Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з’езд Мінскай і Віленскай губ. адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны М. Фрунзе. З мая па распараджэнні Часовага ўрада ў мэтах барацьбы з аграрным рухам і для падрыхтоўкі да Ўстаноўчага сходу пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты.

Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы Саветам і прафсаюзам, асноўная маса буйных прадпрыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень.

Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з’езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай, каб пачаць наступленне і наблізіць мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі.

Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з’ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, галоўным чынам у напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, вузкапартыйных інтарэсаў.

Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Ўстаноўчага сходу.


Информация о работе «Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 34985
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх