2.3 Тэма Радзімы ў лірыцы А.Пісьмянкова

Лірык па характары, А.Пісьмянкоў заставаўся лірыкам і ў паэзіі, але лірыкам, якому не чужой была і філасофія. Ды не тая – мудрагелістая, што часцей лунае дзесьці высока, а філасофія жыцця, зямная ў сваёй аснове. І гэта вельмі адчувальна ў вершах, у якіх гучыць тэма "малой радзімы" – таго кутка Бацькаўшчыны, дзе Алесь Пісьмянкоў нарадзіўся і гадаваўся, куды нязменна вяртаўся ў снах і на яве.

Бесядзь змалку гайдала яго на сваіх хвалях, яна ж калыхала і ягоныя мары, якія сягалі далёка-далёка за небакрай, што хаваўся за мройнасцю абсягаў. І гэтыя мілыя сэрцу вобразы не маглі не выліцца ў паэзію. Пачынаючы з таго яшчэ моманту, калі ўпершыню з’явілася жаданне расказаць у вершы пра ўбачанае, пра тое, што нязменна хвалюе. І гэты верш нарадзіўся:

Мая вёска, мая вёска,

Сонца, мар маіх, надзей,

Усміхаецца бярозка,

Сустракаючы людзей.

Твор гэты, магчыма, у нечым яшчэ празмерна наіўны, але невыпадкова менавіта на яго звярнуў увагу выдатны знаўца паэзіі Аляксей Пысін.

Хараство родных краявідаў з гадамі не толькі не забываецца, а пры кожнай новай сустрэчы вабіла яшчэ больш. Паэта напаўняла такая любоў, што ягоны лірычны герой, адчуваючы гэтую спаконвечную еднасць, прызнаваўся ў сваіх пачуццях да Бацькаўшчыны быццам на адным дыханні [10; С.3].

Паэзія творцы прачулая, у ёй ёсць жыццёвая моц, духоўная трываласць. І пры гэтым – дзіўная, лаканічная, што месцамі нагадвае нават пэўную эскізнасць, але эскізнасць гэтая – не штрыхавая, а контурна выразная. Таму і атрымліваецца паэтычны малюнак такім зрокава выразным і пераканальным.

Няма паэта, еле жыве напісанае ім. І па-ранейшаму дзесьці на касцюковіцкай зямлі блукае белы конь яго маленства і ягонай паэзіі:

За Бесяддзю-ракой

Іржэ мой белы конь,

Вушамі конь стрыжэ...

Трывожна конь іржэ...

Праз вёрсты і гады

Заве мяне туды,

Да той святой вады,

Што горкне ад бяды.

Вушамі конь стрыжэ,

Самотна конь іржэ

Над чорнаю бядой,

Над горкаю вадой ("Белы конь").

Радзіма асацыіруецца ў свядомасці пісьменніка таксама з родным бацькоўскім домам, куды зноў і зноў памяць цягне яго:

Якая позняя вясно,

Якое доўгае чаканне!

Мне ноччу сніцца баразна,

Шпаком разбуджанае ранне.

І бацькам выбелены сад.

Пад белай яблыняю – грады.

І маці ясніцца пагляд:

Яна высаджвае расаду

Мне сніцца выбелены сад,

О, каб вярнуць той кадр назад!

Не выклікае таксама здзіўлення, што вобраз малой радзімы ў вершах паэта часта стаіць побач з вобразам маці. Бо нездарма ж бытуе словазлучэнне, што складаецца з дарагіх кожнаму слоў – "радзіма-маці".


Заключэнне

Як сапраўдны мастак, Алесь Пісьмянкоў быў вельмі патрабавальны да слова, праўдзівы ў сваіх пачуццях і ацэнках пра што б ні пісаў, якую б тэму ні закранаў. А пісаў ён нетарапліва, удумліва, з сапраўдным вясковым розумам.

Некаторыя крытыкі і літаратуразнаўцы лічуць, што тая папулярнасць, якая характэрная вершам Алеся Пісьмянкова напрамую залежыць ад яго стаўлення да слова як да святая святых, дадзенага чалавеку для таго, каб зберагчы ў душы ўсё ўзвышанае, светлае.

Замілаванай простасцю, лёгкім і дакладным стылем аповеду палоніць нас творчасць Алеся Пісьмянкова, лірычны герой якога жыве ў прадчуванні велічных старонак жыцця.

На думку многіх літаратуразнаўцаў, Алесь Пісьмянкоў меў неад’емны талент на любоў: да бацькоў, да Радзімы, да жанчыны, да сям’і, да ўсіх добрых людзей. Пра гэта сведчыць і невыпадкова абраны ім назоў для сваёй, як аказалася апошняй прыжыццёвай кніжкі – "Я не памру, пакуль люблю".

Мастакоўская спадчына Алеся Пісьмянкова (наступнае вельмі цяжка сцвярджаць, але ад такога сцвярджэння нікуды не дзенешся, бо яно ў дачыненні да напісанага ім паспела стаць рэальнасцю – суровай і разам з тым непазбежнай) патрапляе пад вызначэнне: малы залатнік, ды дарагі.

Сапраўды, калі сабраць усё напісанае ім, а гэта не толькі "дарослыя" вершы і згаданыя публіцыстычныя развагі, а і тры кнігі паэзіі для дзяцей, набярэцца не нашмат болей за дзесяць улікова-выдавецкіх аркушаў, але гэта ўсё тое, што з поўным правам трэба аднесці да безумоўных ягоных мастакоўскіх здабыткаў, а значыць, і да набыткаў беларускай паэзіі ў цэлым.

Такім чынам, мае рацыю сцвярджэнне самога Алеся Пісьмянкова пра тое, што той з паэтаў, хто выступае ў друку не часта, нязменна трымае планку мастацкасці на высокім узроўні. Правільна гэта, аднак, найперш для яго самога. Як правільным будзе сцвярджэнне, што Алесь Пісьмянкоў – адзін з нямногіх, хто з першых жа сваіх творчых крокаў аказаўся гэтак цесна прывязаны да роднай яму бесядзьскай зямлі, а яшчэ адразу намацаў тую сцяжыну, што вядзе ў мінуўшчыну роднага краю, кранаецца самых вытокаў, а ўжо з гэтых агледзін даўніны паспяхова перайшоў і да больш глыбокага асэнсавання паняцця Радзімы, Бацькаўшчыны, Беларусі. Ён апяваў хараство краявідаў, што з гадамі не толькі не забываліся, а пры кожнай новай сустрэчы з імі яшчэ больш вабілі. Такая любоў настолькі напаўняла паэта, што ягоны лірычны герой, адчуваючы гэтую спаконвечную еднасць, прызнаваўся ў сваёй любові да Бацькаўшчыны быццам на адным дыханні. Таму яго вершы і такія кароткія.


Спіс літаратуры

1. Вішнеўскі Алесь. Шуміць лес, цвіце сад. // Бел. думка. – 2007. - №2. – С. 127 – 133.

2. Галубовіч П. Рыцар паэзіі // Полымя. – 2005. - №4. – С. 211 – 216.

3. Гальпяровіч Навум. Паэзія дабрыні:творчасць Алеся Пісьмянкова //Пачатковая школа. – 2005. - № 4. – С. 48-49.

4. Гальпяровіч Н. Элексір бессмяротнасці: Творчы партрэт Алеся Пісьмянкова // Настаўніцкая газета. – 2002. – 17 студзеня. – С. 4.

5. Заяц Н. "Нам адпушчана так небагата..." // Роднае слова. – 2007. - №2. – С. 3-5.

6. Зэкаў А. 3 гады пра сёе-тое і ўсяго //ЛіМ. – 2006. – 21 красавіка. - №16. – С. 14.

7. Зэкаў А. Такі ён быў – Алесь // Полымя. – 2006. - №10. – С. 207 – 212.

8. Ківатыцкі У. Шчымлівы боль расстання // Полымя. – 2006. - №12. – С. 62 – 63.

9. Коршуков Е. Сердце поэта: прочитывая книгу поэзии Алеся Письменкова "Думаць вершы" //Нёман. – 2005. - № 7. – С. 198 – 200.

10. Марціновіч А. Праз уласнае сэрца: Тэма Радзімы ў творчасці Алеся Пісьмянкова //Роднае слова. – 2005. - №2. – С.3-5.

11. Марціновіч А. Белы бусел над Бесяддзю. Творчы партрэт Алеся Пісьмянкова // Полымя. – 2004. - №10. – С. 180-190.

12. Мушынская Т. "Я не памру, пакуль люблю...". Творчы партрэт Алеся Пісьмянкова // Культура. – 2004. – 1-7 мая. – С.23.

13. Паэзія А.Пісьмянкова ў колерах і пахах. Бельскі А.І. // Галасы і вобразы: літаратурна-крытычны артыкул, А.І. Бельскі. – С. 144 – 157.

14. Патапенка В. "Дзівакамі былі геніі...". Алесь Пісьмянкоў //ЛіМ. – 2007. – 2 сакавіка. - №9. – С. 14.

15. Патапенка В. На зямлі радзімічаў // Полымя. – 2007. - №2. – С. 198 – 202.

16. Пісьмянкоў А. Белы камень. Вершы. – 1983. – ЛіМ. – 1984. – 23 сакавіка. – С. 6-7.

17. Пісьмянкоў А. Вершы //ЛіМ. – 2003. – 27 чэрвеня. – С.8.

18. Саковіч П. Ён не памрэ, пакуль яго любім //ЛіМ. – 2007. – 4 мая. - №18. – С.14.

19. Цімошык Л. Алесь Пісьмянкоў: "Баюся прозы як агню" // Звязда. – 1997. – 10 кастрычніка. – С. 4.

20. Яскевіч А. "Трэба капаць крыніцу...". Пра паэзію Алеся Пісьмянкова //Роднае слова. – 2000. - №4. – С. 13-17.


Информация о работе «Творчая спадчына Алеся Пісьмянкова»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 32642
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх