2.2 Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў Алеся Пісьмянкова

Творчасць вядомага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова добра вядома чытачам. Відавочна, прычына такой папулярнасці паэзіі А.Пісьмянкова ў яго стаўленні да Слова як да святая святых, дадзенага чалавеку для таго, каб зберагчы ў душы ўсё ўзвышанае, светлае. У засваенні роднага слова творца абапіраецца на мовазнаўчыя пошукі сваіх землякоў-лексікографаў Івана Бялькевіча:

... гартаю

Бялькевічаў "Слоўнік",

Нібыта гасцюю

Ў радні

Таксама паэт часта звяртаўся і да спадчыны Івана Насовіча, які ў беларускай літаратурнай мове новага часу плённа развіваў традыцыі "Літоўскай граматыкі" і "Літоўскага слоўніка" Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, сваякі якога і параілі Насовічу заняцца беларушчынай.

...І ноч насоўваецца,

І старасць насоўваецца...

Усе у Амсціславе спяць,

Не спіцца толькі Насовічу.

Насовічу некалі спаць:

Трэба крыніцу капаць,

Трэба капаць крыніцу,

Каб унукі маглі напіцца.

...Бачыш, як нешта

бліскае –

Вада ўжо блізка. ("Насовіч")

У творчасці Алеся Пісьмянкова мінуўшчына арганічная, як падых, як прага глытка вады ў спякоту.

Еднасць яго музы з старадаўняй нацыянальнай кніжнасцю здзяйсняецца праз засваенне геральдычных сімвалаў – маральных арыенціраў даўніны ў сучасным айчынным мастацкім працэсе. Згадаем, што асноўная паэтычная адзінка ў сістэме вобразна-выяўленчых сродкаў (асабліва ў часы Сярэднявечча) – не троп, а рытарычная фігура ці метабала (адхіленне ад пачатковай нулявой ступені як вынік прамоўніцкай дзейнасці). Дасягненні параджальнай паэтыкі і неарыторыкі дапамагаюць вытлумачыць як традыцыйны, так і сучасны творчы працэс, шмат у чым тоесны з пошукамі сярэднявечнага гамілета ў "вынаходніцтве" прамовы-казання. Зазвычай "вынаходніцтва" пачынаецца з тэмы, яе макракантэксту, той часткі літаратурнага паведамлення, якая папярэднічае мастацкаму прыёмы, метабале, і знешняя ў адносінах да яго:

Чорны крыж

На белым полі...

Край распяты

На крыжы?

"Смерць ці воля,

смерць ці воля? –

Грозна звоняць палашы. ("Дума Вітаўта").

Сінтаксічны этап гэтага рытарычнага працэсу мае на мэце стварэнне звязак і прэдыкатываў, якія б аб’ядноўвалі простыя ідэі. Для лексічнага напаўнення верша выкарыстоўваюцца топасы – адзнакі трафарэтных суадносінаў паміж паняццямі і з’явамі. Топасы выступаюць сродкам пошуку аргументаў ці доказаў, развагаў у межах твора:

Смерць ці воля –

Вырашаюць палашы.

Вырашае меч булатны

І татарскае страла.

Вырашае просты ратнік –

Сейбіт з ціхага сяла. ("Дума Вітаўта").

Такая структура макракантэксту, у нечым роднасная еўрапейскай, постмадэрнісцкай, на думку вучоных, - узор параджальнай сістэмы, калі твор будуецца паводле ўяўлення пра яго:

І нястрымная Пагоня,

Што ўразаецца ў крыжы...

Не затопча нышы гоні

Бот чужы ("Дума Вітаўта").

Лірычны герой Алеся Пісьмянкова стварае ўласны загадкавы паэтычны свет, своеасаблівую легенду пра сябе і сваю творчасць:

І ўсё-такі цуда бывае!

Захочаш – і я пакажу,

Як сонечны промень іграе

На струнах гарэзных дажджу

І роспач сплывае, як пена...

Захочаш – і я дакажу,

Што дождж на узроўні Шапена.

Ты толькі даверся дажджу.

Я знаю – мяне падтрымаюць

У горадзе веснім усе.

І нават вадзіцель трамвая,

Што нас без білета вязе. ("І ўсё-такі цуда бывае...")

Лірычны герой паэта (хоць і баіцца нават сабе ў гэтым прызнацца) роднасны героям п’есаў "Прынцэса Гарэзія", "Сірано дэ Бержэрак", "Рамантыкі" Эдмона Растана, але мары яго аздоблены здаровым, часам нават казацкім гумарам, карані якога ў старабеларускім (палескім ) Адраджэнні XVІІ стагоддзя:

Не журыся, хлапеча,

Што памрэш не на печы.

Ганарыся, хлапеча,

Што загінеш у сечы.

Ты ж радзіўся ў сарочцы,

А хрысціўся ты ў сечы.

Ёсць віно яшчэ ў бочцы,

Не журыся, хлапеча.

Нас чакаюць не марна,

Нас кахаюць і помняць

І паненкі ў фальварках,

І ў мястэчках папоўны. ("Не журыся, хлапеча").

З роздумащ Алеся Пісьмянкова пра душу беларускую ў зборніках "Чытаю зоры", "Вершы" ў беларускай літаратуры канца 80-90-х гг. распачалася выразна акрэсленая лінія, якая знайшла ўвасабленне ў пакутлівых пошуках маральнага і этнічнага стрыжня ў творчасці Віктара Шніпа, Уладзіміра Марука, Людмілы Рублеўскай.

Айчынныя паэты ўвесь час падсвядома імкнуліся пераадолець галоўную загану мастацкай сістэмы той няўдалай пары, у якой нацыянальны гісторыка-культурны працэс выглядаў збяднелым, бляклым, бо мы вывучалі, даследавалі сацыяльна-грамадскія з’явы, а не гісторыю постацяў з усім багаццем духоўнага свету асобы.

Любоў мая невылечная,

Чалавечая, пастаянная,

Стрыж над змялелай рэчкаю,

Чмель на сухім святаянніку.

Я з малітвай адзінаю

Да Ўсявышнягя грукаю:

Хай маё стане сынавым

І хай сынава будзе ўнукавым ("Любоў мая невылечная").

Уся паэзія пісьменніка – шчымлівы Сад Душы. А галоўная ў ім – гераіня-Муза, што жыве ва ўзвышаным свеце павагі, шчырасці і захаплення, як у вершы "Мой сад у снеза па калена":

Мой сад у снезе па калена

Азяб у золь і снегапад...

Табе не холадна, Алена?

Табе не холадна, Алена?

Табе не хочацца назад?

Мой сад зусім не салаўіны –

У ім ахрыплыя вятры.

У ім рабіна ды каліна,

У ім рабіна ды каліна –

Вось і усе яго дары.

Мой сад пусцее без дагляду.

Яго сячэ калючы град.

Ён замаркоціўся без свята...

Ён замаркоціўся без свята...

Табе не хочацца назад?

Ключ да разгадкі таямнічай вобразнасці гэтага верша-феерыі, летуцення – у феномене Душы: "Запрашэнне глянуць на звыклы як быццам краявід, але ўжо і нязвыклы, бо ён непазнавальна змяніўся пад поглядам паэта, было па сутнасці запрашэннем глянуць у сваю душу, адкрыць яе для роднага краю. Свае "дамашнія", правінцыяльныя, нічым як быццам не знакамітыя лес і возера заслугоўвалі, аказваецца, самай натхнёнай паэтычнай увагі...".

Відаць, мелі рацыя сярэднявечныя пісьменнікі, аўтары класічных міракляў, лэ, маралітэ, калі асноўнай этычнай каштоўнасцю лічылі Сад Душы герояў, дзе кветкі і дрэвы нібы сімвалічныя правобразы заганаў і вартасцяў чалавечых. А ў Садзе Душы Алеся Пісьмянкова кветкаю-героем – чалавечая дабрыня-любасць да бліжняга, роднай зямлі, Айчыны, таму ўвайсці ў паэтычны сад гэтага пісьменніка заўсёды прыемна:

І будзе дзень,

І будзе вечар,

І лістапад,

І снегапад.

Пакуль смяецца

І шчабеча

Дзіцячы сад – тушыны сад.

Тут на адкрыцці

дзень багаты

Тут самы светлы

Ў свеце лад.

...Ах, птушаняты,

Птушаняты –

Сінеча

Мілых вачанят!

Калі ад зайздрасці

хто хворы,

Душа стамляецца

ад звад

І пачарнела,

Быццам воран,

Акно адкрыйце ў гэты сад. ("І будзе дзень, і будзе вечар...")

Сучаснасць і мінулае ў часавай прасторы твораў Алеся Пісьмянкова, як ужо адзначана вышэй, аргнанічна спалучаныя:

Я зноў на станцыі лясной,

Марозна-звонкай, заінелай,

Стаю ў Бялынківачах белых,

Прапахлых смольнаю сасной ("Калядныя строфы")

Узнікае пытанне: ці не мае гэты радок падсвядомы мастацкі падтэкст, генетычную паралель з вобразам Бялыніцкай іконы Багародзіцы? Дарэчы, сваю назву святыня атрымала ад таго, што час яе з’яўлення ў ХІІІ стагоддзі на Магілёўшчыне (хоць да Х стагоддзя яна вядомая як кракаўская ікона – сведчанне праваслаўнага мінулага Польшчы) цудадзейны вобраз заззяў яркім святлом, і нгочы на вачах у людзей рабіліся белымі. У замілаванай душы лірычнага героя паэта цудадзейнае святло патронкі родных земляў Багародзіцы і святло Віфлеемскай зоркі Нараджэння Хрыстовага паядноўваюцца:

Іскрыцца радасцю зіма,

Не спяць аснежаныя хаты.

О свята светлае калядаў!

Святлей на свеце свят няма ("Калядныя строфы").

І духоўныя карані сваёй паэзіі А.Пісьмянкоў бачыць менавіта ў гэтым свяце святаў, пачатку выбаўлення роду чалавечага з грахоўнага нябыту:

І ў гэтай чуйнай цішыні,

Якую лёс яшчэ даў зведаць,

Вялікі грэх не быць паэтам,

Вялікі грэх... ("Калядныя строфы").

Замілаванай простасцю, лёгкім і дакладным стылем аповеду палоніць нас творчасць Алеся Пісьмянкова, лірычны герой якога жыве ў прадчуванні велічных старонак жыцця, дзе:

Вершы могуць здарацца,

Вершы могуць прысніцца,

Могуць плакаць, смяяцца,

Крычаць і маліцца.

Вершы могуць забыцца,

У куточак забіцца,

Замаўчаць, затаіцца,

Каб аднойчы адбыцца.

І – збыцца. ("Вершы могуць здарацца").



Информация о работе «Творчая спадчына Алеся Пісьмянкова»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 32642
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх