2.1 Асноўныя тэмы і вобразы паэзіі А.Пісьмянкова

Алесь Пісьмянкоў меў неад’емны талент на любоў. Да баькоў, да Радзімы, да жанчыны, да сям’і, да ўсіх добрых людзей. Падчас здавалася, што гэткая яго празмерная любоў набывала лагічныя формы, тады суб’екты яго любові каналі ў яго вачах, а кола роднасці звужалася да яго ўласнай істоты. Таму нярэдка даходзіла да адкрытай споведзі і сентыментальнага апраўдання (у тым ліку і перад самім сабой):

Вечарам

зорка ў акне,

ноччу

каханая ў сне,

раніцай

птах на бярозе

пакрыўдзяцца на мяне,

калі перайду я

на прозу.

Безумоўна, што па прыродзе сваёй такая паэзія не магла быць ні пафаснай, ні трыбуннай (хоць Алесь Пісьмянкоў нярэдка выступаў перад аудыторыяй).

І ўсё ж такі, як усякі сапраўдны творца, ён быў самадастатковы і спрагнены ўласнай адзінотаю перад пытаннямі вечнасці. Адсюль і гэтая мінорная элегічнасць ("Прачнуўся з жахам безгалосы - //Прапала музыка ў душы// Не чую музыкі ў бярозах, // Не чую музыкі ў нябёсах, // А вы мне кажаце "Пішы") і рэдкая для яго багемная, кажучы па-руску, "отстранённость":

Ад неба блізкі ці далёк,

Хоць у царкве, хоць на піру –

Паэт заўсёды адзінокі,

Я гаварыў і гавару.

І дакараць яго не трэба –

Яго і так туга шкрабе:

Ён гаманіў нядаўна з небам,

А зараз слухае цябе.

Тыя, хто ведаў А.Пісьмянкова, могуць без асаблівых намаганняў прыпомніць яго агіднае стаўленне да ўсяго цёмнага, двухаблічнага і прымхлівага і амаль бязвольную прыхільнасць да ўсяго чыстага, шчырага і сумленнага.

Дабрыня, спагадлівасць, інтэлігентнасць, а падчас і рэдкая для мужчын сентыментальнасць на фоне выбітнага лапідарнага стылю пісьма вылучалі яго сярод равеснікаў (а бадай, і ўсіх літаратараў-сучаснікаў) па паэтычным цэху. Сказаць, што ён быў рэалістам альбо кансерватарам можна толькі з умоўнай доляй дапушчальнасці, хоць для гэтага можна знайсці неабвержаныя сцвярджэнні самога паэта:

Зноў снег без марозу,

Зноў снег без марозу –

Зноў дзён аднастайных гурма,

Як постмадэрнісцкая

Нудная проза,

Дзе выйсця ў героя няма.

Няўжо гэтак будзе бясконца?

Сюжэт безнадзейна завіс...

З марозам і сонцам,

З марозам і сонцам

Вярнуцца хачу ў рэалізм.

Падсвядомае прадчуванне страшных падзей адчуваецца не толькі ў апошняй кнізе аўтара, але і ва ўсёй яго творчасці наогул:

На кругі свая,

На свае кругі...

Вось дайшоў і я

Да сівой тугі.

Не заві, вярста,

У радзінны кут:

Сірата я там

Сірата і тут.

Тут можна тлумачыць – і як у горадзе, і як у сям’і, і як сярод сяброў і калег, і, нарэшце, як на гэтым свеце – тут...

Часта папярэджваючы прадраканне смерці ў творах сваіх сяброў і калег, ён сам, як бы міжвольна, а падчас і свядома гуляўся са смерцю, выклікаючы яе, як сапраўдны значны мастак, прагнучы ўведаць ці падлеглы і ён яе выраку, як найчасцей былі падлеглыя ёй усе найбольш знаныя трагічныя Паэты, Мастакі і Творцы.

У А.Пісьмянкова жыло, напаўняла ягонае сэрца і душу да самых краёў асаблівае стаўленне да свайго народа. Ён не захапляўся ім безаглядна, як гатовы захапляцца тыя, хто клянецца ў вернасці яму. Аднак і не папракаў за тое, што ён не такі, якім павінен быць. Успрымаў яго такім, якім ёсць на самой справе. Калі ж і гатовы быў у чымсьці папракнуць, дык найперш гэты папрок адрасаваў самому сабе, бо пастаянна адчуваў сябе сынам свайго народа, сынам Беларусі. І гэтае сваё стаўленне цудоўна выказаў у адным з твораў:

Год не прыходзіцца на год –

Такая ў нас пагода:

Не наракаю на народ,

Які не стаў народам.

З яго герой і супастат,

І кат з яго, з народа,

Народ ні ў чым не вінават –

Такая ў нас пагода.

Не варта вулей варушыць,

Знайсці б сабою згоду..

Найлепей жыць, як набяжыць

У гэткую пагоду.

Найпершым жаданнем Алеся Пісьмянкова – было высветліць свае ўласныя вытокі. І невыпадкова, а сімптаматычна тое, што першая ягоная кніга адкрывалася не якім-небудзь творам, а менавіта "Баладай роду". Аднак не ад уласнага імя пісаў, а падаваў гэтую гісторыю як прамоўленае адным са сваіх дзядоў, і ў выніку такога мастацкага прыёму гаворка набывала яшчэ больш важкі сэнс, бо тое, што ажывала падчас яе, сягала з самых глыбінь даўніны, а тым самым ненавязліва адчуваласясувязь некалькіх пакаленняў, а яшчэ, што таксама важна, паэтаў продак успрымаўся часцінкай усяго народа, які здаўна насяляў гэты куток беларускай зямлі:

- З Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэкаў і Вашчыл.

Гарачы норавам і сэрцам.

Як люд у нашай старане,

Вачэй радзіміцкіх азерцы,

Крыху гарэзінкі на дне.

Гэтая повязь пакаленняў яскрава прысутнічае і ў вершы "Дзень нараджэння", змешчаным у кнізе "Чытаю зоры".

Бачыў Алесь Пісьмянкоў сваю роднасць і іншага кшталту, звяртаючыся ў вершы "У Каменцы" (таксама з першай кнігі) да падзей, звязаных са знаходжаннем у маёнтку Давыдавых дзекабрыстаў, з наведваннем да іх Пушкіна. А для таго, каб найлепш паказаць гэтую повязь, знаходзіў нечаканы і надзіва выйгрышны сюжэтны паварот, як бы падкрэсліваючы сваю асабістую прысутнасць у тым часе:

...Яшчэ не б’е Дантэсаў пісталет,

Не ганьбіць свецкая гамонка,

Яшчэ смяюцца звонка-звонка

Мішэль Бястужаў і Паэт.

Яны ідуць пад небам сінім –

Няхай іх сівер не кране, -

Яны гавораць пра Расію

І, можа, нават – пра мяне.

Усю паэзія Алеся Пісьмянкова крытыкі часта называюць загадкай. У тым сэнсе, што, як на першы погляд, як быццам нічога нечаканага ў ёй няма, матывы цалкам традыцыйныя, а бярэ ж, як кажуць, за жывое, кранаецца самых патаемных душэўных струн. Ды інакш і быць не можа, бо ўсё напісанае А.Пісьмянковым – не толькі талентам народжана, а і прапушчана праз ягонае сэрца, напоўненае любоўю да чалавека і безабароннае перад няшчырасцю, двурушнасцю. І некалі прамоўленае ім сёння ўжо ўспрымаецца і ягоным голасам адтуль. З нематы і вечнасці:


Я прыеду, я вярнуся,

Я прыйду да плыткай рэчкі,

Дзе самотны белы бусел

Думу думае аб вечным


Информация о работе «Творчая спадчына Алеся Пісьмянкова»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 32642
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх