4.3 Семантыка міфалагемы сонца ў сямейнай абраднасці

Значную ролю адыгрываюць рытуалы, звязаныя з сонцам і ў сямейных абрадах беларусаў. Вялікае значэнне мае сонца ў вясельным і радзінным абрадзе, бо сонца ў нашых продкаў лічылася пачаткам жыцця, і таму вельмі значнай была яго роля пры з’яўленні на свет новага чалавека і стварэнні новай сям’і, новага мікракосмасу ў Сусвеце. Калі навароджанага першы раз выносілі з хаты, яго як бы паказвалі першы раз усяму Сусвету, усім сусветным сілам. І спачатку яго прадстаўлялі менавіта Сонцу.

Нявеста (як будучая маці) і жанчына-парадзіха вельмі блізкія Сонцу, якое дае жыццё, свет і цяпло. І нявесцін вянок, і шлюбны пярсцёнак прысвячаліся сонцу (мелі круглую форму).

Нявеста раніцай сустракала Сонца неапранутая, з расплеценай касой, кветкамі медуніцы ў руках і прасіла ў Сонца шчасця і благаславення. Нявеста прасіла ў Сонца дараваць ёй памылкі і грахі, благаславіць яе на шчаслівае жыццё, паслаць здаровых дзяцей (часцей трох: двух сыноў і дачку), абавязвалася быць вернай свайму мужу, шанаваць яго бацькоў, быць добрай гаспадыняй, уставаць разам з сонцам, не насіць дзявочага ўбору, пакінуць толькі чырвоную спадніцу (або сарафан) для будучай дачкі і інш. Адным з галоўных сімвалаў усіх трох сямейна-абрадавых цыклаў з’яўляўся ўрачысты каравай [15, с. 75].

Святочны хлеб (каравай) быў прысвечаны Сонцу. Каравай выпякаўся такой жа самай, як і Сонца, круглай формы. У час вясельных рытуалаў да Сонца звярталіся з просьбай, каб яно благаславіла каравай.

Пасля жанчыны-каравайніцы неслі каравай на ручніку на ўзгорак і прасілі сонца благаславіць яго. Каравай на некалькі хвілін пакідалі на ручніку, а самі спускаліся з узгорка. Пасля благаславення каравая Сонцам ён станавіўся свяшчэнным. Вельмі дрэннай прыкметай лічілі, калі не было сонца ў дзень выпечкі вясельнага каравая. Нявесцін вянок і шлюбны пярсцёнак таксама маюць форму круга, як і сонца. На думку А. М. Афанасьева, “круглавідная форма сонца прымушала чалавека бачыць у ім вогненнае кола, кольца або шчыт. Круглая форма, як вядома, сімвалізуе кола жыцця (а таксама пэўную незалежнасць, вольнае жыццё). Тут бачна сувязь з Сонцам, якое таксама мае форму круга. Па старажытных уяўленнях, сонца дае жыццё і мае пэўную ўладу.

Уся сямейная абраднасць таксама прасякнута салярным культам. Дзённае свяціла паўстае як адвечная крыніца жыцця, пладароддзя, сонечнай энергіі. Ва ўрачыстыя моманты жыцця чалавека-працаўніка сонца радуецца разам з ім, як і ў вялікія святы, паводзіць сябе даволі незвычайна.

Сонца — нябеснае свяціла, якое славяне шанавалі як крыніцу жыцця, цяпла і святла. Народныя ўяўленні аб Сонцы і свеце адчувалі ўплыў царкоўна-кніжнай традыцыі.

У фальклоры Сонца называлі ясным і чырвоным, божым і праведным, добрым і чыстым. У многіх славянскіх традыцыях Сонцу кляліся і ўпаміналі яго ў праклёнах. Яно прадстае ў павер’ях як разумная і дасканалая істота, якая ці сама з’яўляецца боствам, ці выконвае боскую волю. У народных уяўленнях Сонца — гэта твар, вока ці слова Бога, ці ваконца, праз якое Бог глядзіць на зямлю.

У славянскіх павер’ях Сонца сочыць з неба за справамі людзей і вечарам расказвае аб іх Богу. У поўдзень і перад тым, як апусціцца за гарызонт, яно трошкі запавольвае сваю хаду і адпачывае. Па легендзе, пасля распяцця Хрыста сонца ад гора спынілася на небе і не заходзіла тры дні. На ўсходзе на Вялікдзень Сонца “грае” (пераліваецца рознымі колерамі), радуючыся ўваскрашэнню Хрыста, а на Купалле — купацца ў вадзе[10, с. 47].

У славянскім фальклоры Сонца можа персаніфіцыравалася як у жаночым, так і ў мужчынскім вобразе. У казках яно жыве там, дзе зямля сходзіцца з небам, мае маці і сястру, выкрадае сабе жонку ў людзей; да Сонца адпраўляецца чалавек, каб даведацца, чаму яно ўсходзіць вясёлае, а вечарам садзіцца маркотнае і цёмнае (сюжэт выкарыстаны П. П. Яршовым у казцы “Канёк-гарбунок”).

Шанаваннем Сонца абумоўлена шматлікасць правіл і забаронаў; не станавіся да Сонца спіною нават у час працы на полі, не спраўляй свае патрэбы так, каб гэта магло бачыць Сонца, не плюй у яго бок, інакш запануе цемра, не паказвай на яго пальцам, бо выкалеш яму вока і інш. Пасля заходу Сонца не давалі нічога з дому ў доўг, асабліва агонь, каб шчасце і дастатак не пакінулі сям’ю, не выкідвалі смецце на вуліцу, не пачыналі новы акраец хлеба.

У абрадах і народнай харэаграфіі рух па коле адбываецца, як правіла, па Сонцу, г.зн. злева направа, хоць у царкоўнай практыцы пасля Сабора 1666г. правільным прызнаецца адваротны напрамак: справа налева.

У абрадах, фальклоры і народным мастацтве Сонца могуць сімвалізаваць кола, золата, вогнішча, сокал, конь або алень, вока чалавека і інш. Салярныя матывы звычайны ў арнаменце народнай вопраткі і тканінах, у разьбе на разнастайных частках сялянскіх хат, мэблі, прыладах для ткацтва і якасці.


5. Семантыка і функцыянальнасць міфалагемы Поўні (Месяца) ў беларускім фальклоры (у агульнаславянскім кантэксце)

 

Месяц — начное нябеснае свяціла, элемент астранамічнага коду традыцыйнай беларускай мадэлі свету, з якім звязана мноства разнастайных павер’яў і прыкмет. Яны з’яўляюцца па сутнасці рэшткамі некалі, відаць, вельмі развітага культу гэтага свяціла. Лічыцца, што пакланенне Месяцу значна больш старажытнае, чым пакланенне Сонцу, і сягае, прынамсі, часоў так званага “індаеўрапейскага адзінства”, пра што сведчыць агульная для ўсіх індаеўрапейскіх моў назва свяціла. Асаблівасці руху Месяца па небе спарадзілі саму ідэю каляндарнасці.

Сярод розных народаў свету былі распаўсюджаны вераванні, што цыкл жыцця і смерці на зямлі — нараджэнне і ўвяданне раслін, жывёл і людзей — звязаны з ростам і ўбываннем Поўні, з яе бясконцым цыклам нараджэння і смерці на небе. Назва Поўня замацавалася за Месяцам у беларускай мове параўнальна нядаўна. Пэўна назва начнога свяціла жаночага роду дапамагае больш звучна вытлумачваць менавіта жаночы характар гэтага міфалагічнага вобраза, што адлюстравана ў міфалогіі розных народаў свту. Легенды народаў Усходу адлюстроўваюць уяўленне, што Зямля з’яўляецца як бы спараджэннем Поўні, іншымі словамі, Поўня з’яўляецца мацер’ю Зямлі.

Розныя ўяўленні аб светабудове адбіліся ў беларускім фальклоры. У народнай фантазіі спалучыліся матывы язычніцкіх і хрысціянскіх міфаў. Галоўнымі персанажамі такіх твораў з’яўляецца Бог і яго антыпод.

У некаторых народных творах хтанічныя істоты імкнуцца пераўтварыць хораша збудаваны Богам свет. Цікава тлумачацца змены месяца: “сонейка пахукае на месяц, нагрэе яго сваім бляскам, і той памаленьку пачне ачуняць да абрастаць целам да ісці на сваё мейсцо, каб свяціць у ночы. Так заўжды месяц дзьве нядзелькі расьце ды набіраецца сілы, а дзьве нядзелькі барукаецца з чортам”, — сцвярджае лявон Лябедзік з вёскі Чудзін.

У грэкаў серп маладога месяца з’яўляецца сімвалам Артэміды, г. зн. Нябеснай Царыцы, якая лічылася маці ўсяго існага, а Сонца — бацькам. Як адзначае даследчык М. Ф. Сумцоў, у старажытных вераваннях існавала два пункты погляду на тое, што з’яўляецца ў прыродзе жаночым пачаткам, а што мужчынскім; у некаторых выпадках Сонца ўвасабляла мужчынскі пачатак, а Поўня — жаночы, а ў некаторых — наадварот. Сонца і месяц у славян атрымалі значэнне апекуноў чалавечага шлюбу. А. П. Блавацкая выказала думку, што Сонца (Бацька), Поўня (Маці) і Меркуры (Сын) былі самай ранняй Тройцай у старажытных егіпцянаў [4, с. 9].

У славянскіх песнях Месяц — мужчына, Сонца — жанчына. У беларускіх народных песнях малады хлапец часта параўноўваецца з месяцам, а дзяўчына з сонейкам.

Месяц і сонца ўшаноўваліся ў паўночнай Расіі, прычым іх вяселле святкавалася на Купалле. У літоўцаў існуе міф пра тое, што Месяц, маючы за жонку Сонца, заляцаўся да ранішняй зоркі Аўшрыне. Сонца раззлавалася і мячом (промнем) рассекла Месяцу твар напалову.

У старажытнаіранскай і старажытнаіндыйскай традыцыях вобразам бажаства Поўні з’яўляецца бык. Тэксты іншых старажытных народаў сведчаць пра тое, што поўня была сімвалам пекла. Такое ж значэнне яна мае зараз і ў сібірскіх шаманаў. У народных уяўленнях паўдневых славян поўня таксама звязана з іншасветам.

Беларускія інфарматары паведамляюць, што выраб амулетаў і талісманаў-абярэгаў заўсёды залежаў ад становішча Поўні, кожнаму выпадку выраблення талісмана адпавядаў свій дзень па календару Поўні. Рускія хрысціліся на Поўню.

Як адзначае А. Голан, шанаванне Поўні індаеўрапейцамі ўяўляецца як спадчына раннеземляробчых вераванняў. Такія ж вытокі шанавання Поўні і ў неіндаеўрапейцаў.

Паводле Р. Грэйвса, культ поўні быў пашыраны таму, што яна ўнушала большы страх, чым сонца, яна не губляла сваёй яркасці да канца года і ад яе залежыў узровень вады. У міфах антычнасці, як і ва ўсходніх рэлігіях, багігн Поўні звязвалі сабою свет жывых і іншасвет, жыццё і смерць, адказвалі за дзетанараджэнне, панавалі ў царстве памёршых [8, с. 22].

Нашы продкі вызначалі шчаслівыя і нешчаслівыя дні па плыні Поўні. Верылі, напрыклад, у тое, што дзеці, якія нарадзіліся ў першы, шосты, сёмы, дзевяты, адзінаццаты, шаснаццаты дзень Поўні, жывуць вельмі доўга, а тыя, хто нарадзіўся ў трэці, пяты, трынаццаты, дваццаць дзевяты, — наадварот. Добра таксама, калі дзіця нараджаецца ў чатырнаццаты дзень Поўні, яно будзе дасканалым ва ўсіх адносінах. Магі, знахары, чарадзеі заўсёды лічылі, што ў час маладзіка ўся прырода абнаўляецца і людзі таксама атрымліваюць новыя сілы. Ад маладзіка Поўня растрачвае свае сілы, разам з гэтым змяншаюцца і сілы чалавецтва. Той, хто займаецца магіяй, заўсёды прысвячае сябе Поўні.

Цыкл Поўні складаецца з чатырох фаз, кожная з якіх цягнецца сем дзён. Шумеры заснавалі на гэтым цыкле свій каляндар. Адсюль і ўзнік каляндарны месяц, які складаецца з чатырох тыдняў па сем дзён кожны: плюс дадатковыя дні ў канцы кожнага цыкла, каб папоўніць тыя дні, калі Поўня на небе не бачна [8, с. 15].

Старажытныя людзі лічілі, што менавіта Поўня кіруе жыццём на зямлі, а паколькі цыклы яе складаюцца з сямі дзён, то і на зямлі жыццё павінна дзяліцца на сямідзенныя перыяды. Згодна магічнаму мысленню, так яно і ёсць. Чалавечае цела абнаўляецца кожныя сем гадоў. Знахары і магі лічаць, што хваробы развіваюцца згодна сямідзённаму цыклу. Кожная стадыя чалавечага росту завяршаецца на працягу сямі гадоў, кожная фаза Поўні — на працягу сямі дзён. Вялікі класічны астролаг Пталемей гаварыў: «Луна так же, как небесное тело, ближайшее к Земле, обильно оказывает своё влияние на обыденные вещи, ибо большинство из них, как одушевлённых, так и неодушевлённых, связано с ней и меняется вместе с ней.»

Нашы продкі вельмі многае звязвалі ў сваім жыцці з месяцам. Існавалі розныя прыкметы і павер’і, якія мелі сувязь з Поўняй. Напрыклад, зеллі лепш за ўсё збіраць у купальскую ноч, а калі ў іншы час, то ў апошняй фазе Поўні, пачынаючы з 23-га дня. Верылі, што чалавек, які нарадзіўся ў час навамесяца, будзе жыць доўга і ўсё жыццё будзе здаровым і вясёлым, а той, хто нарадзіўся па сходні, будзе жыць нядоўга і будзе сумным, непрыветлівым, з дрэнным характарам. Роды жанчын лягчэй праходзяць у перыяд Поўні, у гэты ж час хутчэй загойваюцца раны. У рускіх існуе павер’е, што, убачыўшы маладзік, неабходна трымацца за грошы, каб цэлы месяц быў прыбытак. Украінцы верылі ў тое, што нельга паказваць пальцам на Поўню, бо палец можа адсохнуць. У беларусаў існавалі прыкметы па месяцу да перамены надвор’я: кола вакол месяца — да ветру, калі месяц акружаны ясным колам, якое становіцца ўсё больш шырокім, то будзе яснае надвор’е. цмяны месяц — да мокрага надвор’я. калі поўні нябачна да чацвёртага дня па маладзіку пры паўднёвым ветры, то надвор’е будзе бурнае ўвесь той месяц. Цяжарнай жанчыне непажадана было глядзець на Поўню, бо лічылі, што дзіця тады можа нарадзіцца з якім-небудзь псіхічным захворваннем ці памесяўнікам. Менавіта пад ісход месяца ведзьмы і чараўнікі збіраюцца на шабашы. У час поўнай Поўні адбываюцца розныя незвычайныя рэчы. Асабліва небяспечныя ў гэты час сустрэчы з пярэватнямі.

У розных відах варажбы таксама выкарыстоўваюцца сімвалы Поўні. Верылі, што калі дзяўчыне ці жанчыне прысніцца поўня, гэта азначае, што ў хуткім часе яна стане цяжарнай.

Як начное свяціла Месяц супрацьпастаўлены Сонцу як дзённаму свяцілу.

Супрацьпастаўленасць Месяца и Сонца выказваецца і ў такой апазіцыі, як зменлівасць/нязменнасць. Месяц зменлівы “паводле вызначэння”. Зменлівасць жа сонца ўспрымаецца як нешта незвычайнае, цудоўнае — “гранне” ў пэўныя каляндарныя моманты ў перыяд паміж веснавым і восеньскім раўнадзеннем. Зменлівасць Месяца знаходзіць сваё вытлумачэнне ў этыялагічных паданнях. Так, у адным з іх апавядаецца, што “месяцу Бог вялеў свяціць уночы, покуль сонейка спачывае, толькі месяц вельмі гультаяваты, ён кепска свеціць, за тое Бог вялеў, каб ён кожныя чатыры нядзелі перараджаўся”. Паводле іншай версіі, “Бог, калі месяц састарае, крышыць яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу, на закваску. Зоры ападаюць туды, з іх пачынае рабіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край. Гэтак і нараджаецца Месяц.” У апошнім выпадку прасочваецца асацыяцыя Месяца і хлеба, але як бы “несапраўднага” ці “няцэлага”, бо ў адным выпадку ён не выпечаны, а ў другім (у загадках) ён найчасцей ужо губляе сваю цэльнасць. Але ў абодвух прыведзеных паданнях яўна абазначаецца тэма “пакарання Месяца” праз пазбаўленне яго пачатковай цэльнасці.

Такім чынам, у сістэме касмалагічных прэцэдэнтаў Месяц аказваецца “першым пакараннем” і тэма пакарання становіцца “скразной” у паданнях, якія тлумачаць некаторыя асаблівасці яго выгляду. Так, у мностве варыянтаў вядомае паданне пра забойства братам брата (Каінам Авеля), якіх Бог змясціў на Месяц як вечны напамін пра гэтае злачынства. І цяпер, калі ў поўню прыгледзецца на Месяц, то можна ўбачыць, як брат стаіць з вілкамі над забітым братам у выглядзе цёмных плямінаў. Чырвоны ж колер Месяца ў поўню нізка над небакраем тлумачыцца тым, што Месяц, які свяціў падчас забойства, прыняў кроў першага пакутніка.

У шэрагу купальскіх тэкстаў Месяц адыгрывае ініцыяльную ролю: ён раскладае купальскае вогнішча, сігналізуючы пра пачатак святкавання.

Адметныя асаблівасці прыпісваліся месяцаваму святлу. Так, пры святле Месяца гушкаюцца на дрэвах, плешчуцца на паверхні вады або бегаюць па палях, заманьваючы прахожых, русалкі. Засцерагаліся таго, каб святло Месяца падала на калыску з немаўлём. Некаторыя дзіцячыя хваробы тлумачылі тым, што “месяц засвяціў”. Святло Месяца было неспрыяльным для гуркоў, гарбузоў, гароху, бобу і маку, бо выклікала ў гэтых раслін пустацвет.

Зацьменне Месяца тлумачылі тым, што складкі белага адзення Чумы, развіваючыся ў паветры, затуляюць ззянне Месяца. Зацьменне Месяца выклікала страх у людзей, бо лічылася прадказваннем паморку жывёлы, з-за чаго адразу зачынялі калодзежы. Вера ў тое, што пасля смерці душы праведнікаў адыходзяць спачатку на Месяц, каб потым узняцца ў яшчэ больш высокія сферы, дазволіла людзям успрымаць гэтае свяціла як сімвал несмяротнасці, шчасця, аховы ад злых духаў. Таму такое пашырэнне набылі ўпрыгожванні, амулеты ў выглядзе Месяца. Сонца і Месяц выступаюць у бінарнай апазіцыі. Яны ходзяць па небе і не могуць дагнаць адно аднаго. У калядных песнях абодва свяцілы могуць сімвалізаваць мужчынскі і жаночы пачатак. Дзякуючы свайму зменліваму вобліку, Месяц вызначае рытмы жыцця на зямлі, надвор’е, прылівы і адлівы, развіццё вегетацыі, рост жывёл. Продкі былі перекананыя, што ад уздзеяння Месяца залежыць плоднасць жаночага арганізма. Пэўныя квадры месяца выклікалі ў людзей розныя, часам неадназначныя ўяўленні. У квадрах бачыліся перыяды жыцця: дзяцінства, сталасць, старасць, смерць, а затым уваскрасенне і нараджэнне ізноў. Маладзік мог лічыцца спрыяльным перыядам для распачынання справы, якая пойдзе на рост, на прыбытак; з другога ж боку, маладзік — увасабленне кволасці і нясталасці; поўня асацыіравалася з багаццем. Месяц на сходзе быў выразнікам старэння, хуткага знікнення. Таму дзецям, народжаным у канкрэтную квадру, прадказваўся адпаведны лёс: хто нарадзіўся ў маладзік, той будзе доўгавечны, маладжавы, а часам нават бяздзетны; хто прыйшоў у гэты свет у поўню, будзе мець вялікую сям’ю і вызначацца сталасцю, розумам; дзіця, якое маці нарадзіла ў 3-ю квадру будзе недаўгавечнае, хутка састарэе; у 4-ю — слабое, хударлявае. Жанчына, народжаная на мяжы старога і новага месяца можа быць бясплоднаю. Смерць гаспадара ў залежнасці ад квадры Месяца, магла пацягнуць пэўныя вынікі: калі чалавек паміраў у поўню — у сям’і па-ранейшаму застаецца лад; калі ў маладзік — пачнецца ў хаце бязладдзе [19, с. 492].

З Месяцам, нібыта апекуном закаханых, у прыватнасці, з маладзіком, звязвалася варажба. У яго пыталіся пра каханага; прасілі, каб сасніўся будучы жаніх; звярталіся да яго з замовамі і малітвамі. Калі бачылі першы раз маладзік, хрысціліся, спусціўшы рукаў на руку, ці трэслі манетамі ў кішэні або дакраналіся да золата, серабра — каб вадзіліся грошы.

На Месяц арыентаваліся чараўнікі, у маладзік збіралі зёлкі, а на поўню зачэрпвалі ваду з ракі апоўначы ці стралялі на скрыжаванні дарог са стрэльбы ў Месяц, каб стаць чараўніком ці паляўнічым. Месяц мог справакаваць розныя хваробы. Разам з тым Месяц успрымаўся і як аб’ект, ад якога залежыць пазбаўленне ад хваробы. Ад месячнага святла ў дзяцей маглі пачацца “крыксы”, і дзеля пазбаўлення ад іх выкідалі на двор пернік у палюшцы, каб Месяц свяціў на яго, а не на дзіця. Да маладзіка ў замовах звярталіся, каб балелі зубы. Пры маладзіку трэба было пашмараваць зямлёю бародаўкі і хапацца за галаву, каб яны сышлі. Каб пазбегнуць лунатызму ў дзіцяці, жанчына яшчэ падчас цяжарнасці павінна была асцерагацца ўначы месячных промняў. На поўню абводзілі крэйдаю па падлозе месячнае святло і клалі на тое месца дзіця-лунаціка. Трактоўкі месяца ў народных тлумачэннях сноў блізкія да сімвалічных уяўленняў у традыцыйна-песенных жанрах. Саснёны месяц абяцаў дзяўчыне жаніха, цяжарнай — сына, сямейным — удаўство, усход месяца — добрае, заход — смерць, сустрэча маладзіка з ветакам — хваробу і смерць у святле народных прыкмет Месяц успрымаўся як надзейны прадказальнік будучага надвор’я ў залежнасці ад квадры, колеру, ад павернутасці ўгору ці ўніз рожкамі, ад наяўнасці ці адсутнасці вакол сябе арэолу. Негледзячы на разнастайныя, часам супрацьлеглыя, парады на пачатак сяўбы ў залежнасці ад квадраў Месяца, народная мудрасць прыходзіла да высновы, што выкананне палявых работ не залежыць ад іх. Разам з тым сцвярджалі, что месячнае святло неаднолькава спрыяе пры сяўбе розных культур. Сяўба пры Месяцы дасць рэдкія ўсходы, а гарох, грэчка, каноплі будуць цвісці да восені, затое ўродзіць белая капуста.

Верылі, што маладзік мае ўплыў на вылежванне лёну, і таму яго высцілалі кругам ці паўкругам і звалі “Месяцам”. У адрозненне ад Сонца, якое было звязана з агнём, Месяц з’яўляўся увасабленнем вадзяной стыхіі.



Информация о работе «Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 91899
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх