3. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян

 

У старажытных славян сонца ўяўлялася ў антрапаморфным выглядзе, персаніфікавалася (як і месяц). М. І. Талстой адзначыў таксама наяўнасць у славянскай міфалогіі ўспрыняцця сонца і месяца ў зааморфных абліччах. “Сонца можа ўяўляцца буйвалам, валом, цялём, пеўнем, а месяц (луна) каровай, радзей — казлом, бараном,” — пісаў ён. Разам з тым вучоны адмаўляў пакланенне старажытных славян сонцу як галоўнаму боству, у чым разыходзіўся з многімі віднымі вучонымі. “Старажытныя славяне, відаць, не ведалі салярнай рэлігіі, гэта значыць не пакланяліся сонцу, як некаторыя старажытнаіранскія плямёны, не прымалі дзённае свяціла ў якасці галоўнага боства. Яны таксама не былі вогнепаклоннікамі, хаця шанаванне агню нябеснага (маланкі) і агню зямнога (сакральнага вогнішча) займала важнае месца ў іх светаўспрыманні і рылігійных паводзінах” [7, с.10].

Праблема спрэчная і складаная, не ўсе даследчыкі прытрымліваюцца такой думкі. М. Ф. Сумцоў лічыў, што нябесныя свяцілы ўдзельнічаюць ў арганізацыі і стварэнні шлюбаў. Адзін з раздзелаў яго працы “Пра вясельныя абрады, пераважна рускія” (Харкаў, 1881) называецца “Участие небесных светил в устроении человеческих браков”. Больш таго, у другой працы ён не толькі гаворыць аб кульце сонца, але і лічыць, што сонца, як і іншым міфічным боствам (зямлі, дамавому духу і інш.), прыносіўся ў ахвяру хлеб. А. М. Афанасьеў спасылаўся на розныя крыніцы, сярод якіх і Іпацьеўскі летапіс, і сцвярджаў, што ў славян быў вярхоўным уладаром сусвету прабог Сварог, роданачальнік іншых светлых багоў. Ад яго нарадзіўся Дажджбог — Сонца-цар, сын Сварога. Дажджбог упамінаўся Нестарам і ў “Слове пра паход Ігаравы”, на падставе гэтага А. М. Афанасьеў прыйшоў да высновы, што “в числе славянских богов, есть, следовательно, солнце, сын неба” [цыт. па 8, с.11].

Несумненна, што сонца ўшаноўвалася ў старажытнасці многімі народамі, у тым ліку і славянамі, аб чым сведчаць розныя крыніцы, сярод якіх не апошняе месца займае вусная паэзія. У беларускім фальклоры нямала бытавала легендаў пра тое, як Бог хадзіў па зямлі, павучаў людзей. Паляшук Л. Лебедзік расказаў А. Сержпутоўскаму легенду, як сонца разам з марозам і ветрам хадзіла па зямлі; яны сустрэліся з чалавекам, які сеяў на полі збожжа. У спрэчцы, хто дужэйшы, сонца перамагае. Сонца паўстае ў легендзе ў абліччы чалавека, як у іншых творах Бог. Персаніфікуюцца таксама вецер і мароз. Яны размаўляюць з чалавекам, спрачаюцца паміж сабой. Адным з самых старажытных язычніцкіх культаў з’яўляецца салярны культ. Сонца датэрмінавалася з пачаткам жыцця. Сонца займае адно з цэнтральных месцаў у міфалогіі розных народаў свету. Асабліва дасканала былі распрацаваны салярныя міфы ў егіпцян, дзе вялікае значэнне меў бог Сонца Ра (а пазней Гор). Ноччу, па егіпецкіх уяўленнях, Сонца праходзіла праз царства цемры, у падзем’і. Яно сустракала на сваім шляху розныя перашкоды, нават магло і зусім загінуць. Але ў сярэдзіне ночы адбывалася таемнае адраджэнне сонца, і раніцай яно зноў з’яўляецца на небе. Сонца выязджае на Залатой калясніцы, у якую запрэжаны вогненыя коні, аб’язджае свет днём па небе, а ноччу па падземнай рацэ на чаўне.

У мастацтве розных народаў свету, асабліва ў мастацтве егіпцян усіх эпохаў, прысутнічаюць шматлікія і разнастайныя выявы сонца: чырвоны ці залаты дыск, вялікае вока, дыск з доўгімі промнямі з далонькамі па канцах, існуюць старажытныя выявы калясніцы, якая пераводзіць дыск, што супастаўляецца з міфам пра сонечную калясніцу. Выявы разетак самых разнастайных відаў у прыкладным мастацтве Дагестана, грузіі і іншых народаў Каўказа, па думцы А. Голана, таксама з’яўляюцца хутчэй за ўсё выявамі сонца.

Існавалі выявы Сонца, падобныя на форму вока, у выглядзе кола з кропкай па сярэдзіне. У Рыгведзе сонца называецца боскім вокам, у міфалогіі старажытных грэкаў сонца называецца боскім вокам, у старажытных германцаў як вока Одына, у старажытных рымлян — як вочы Юпітэра.

Аб старажытным кульце сонца на Беларусі сведчаць народныя звычаі і абрады. Нашым продкам уласціва ўзвышанае, рэлігійнае, сакральнае стаўленне да сонца. Даследчык гісторыі рэлігій С. Токараў падкрэсліваў, што ў дачыненні шанавання сонца ў старажытных славян “абсалютна несумненна, што гэта быў менавіта народны земляробчы культ, што сонца шанавалася як апладніцель зямлі і падацель ураджаю” [21, с.111].

Па думцы А. Голана, культ сонца — гэта значыць пакланенне сонцу як вышэйшаму боству — існаваў толькі ў імперыі інкаў, Старажытным Перу. Сонца як боства шанавалася таксама ў старажытных цывілізацыях Месаамерыкі. Даследчык падкрэслівае, што элементы пакланення сонцу назіраюцца ў народаў, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, але не ва ўсіх і не ў розных відах і жанрах народнай творчасці. Археалагічныя знаходкі таксама падцвярджаюць захаванне рэшткаў салярнага культу. Напрыклад, у Балгарыі каля Варны быў знойдзены некропаль, якому 8 тысяч гадоў. Усе рэчы, раскапаныя там выключна залатыя, прычым многія звязаны з салярным культам. Знаходжанне іх у месцы захавання памёршых яшчэ раз падцвярджае, што старажытныя людзі абсалютна верылі ў сваё адраджэнне пасля смерці, так як і ў адраджэнне сонца кожную раніцу.

Старажытнагрэчаскі бог сонца Геліас з’яўляецца фактычна не больш чым міфалагізаванай персаніфікацыяй адпаведнай з’явы прыроды, ён не выконвае істотнай ролі ў рэлігійнай канцэпцыі грэкаў і іх культавых абрадах. У класічную эпоху з ім стаў атаясамлівацца Апалон, які паступова зусім выцесніў яго. А. М. Афанасьеў сцвярджаў, што Апалон — гэта вобраз неіндаеўрапейскага паходжання і першапачаткова з’яўляўся боствам сонца [цыт. па 8, с.12].

Старажытныя рымляне па сутнасці не мелі развітага салярнага культу. У старажытнарымскіх крыніцах упамінаецца боства па імені Сол, што значыць “сонца”, але значнай ролі ў рымскай міфалогіі яно не адыгрывала. Некаторыя факты падцвярджаюць рэшткі шанавання сонца і рымлянамі. Напрыклад, у Старажытным Рыме пастановы сената мелі сілу толькі тады, калі яны былі вынесены пры сонечным святле. На думку некаторых даследчыкаў, пакланенне сонцу ў Старажытным Рыме ўзмацнілася ў эпоху Імперыі пад уплывам культаў у іншых народаў, якія ўвайшлі ў склад Рымскай дзяржавы. Істотны ўплыў быў і з Ірана, адкуль у Рымскай імперыі распаўсюдзілася шанаванне Мітры, якога ў тыя часы называлі “непераможным сонцам”.

Больш поўнымі з’яўляюцца сведчанні пра сонечныя боствы народаў старажытнага Усходу. У шумераў бог сонца Уту займаў як бы другаснае становішча і быў больш блізкі да людзей, чым да звышнатуральных сіл. У старажытных семітаў сонца ўвасаблялася багіняй Шамшу. У канцы 4 тысячагоддзя да н. э. семіты з’явіліся ў Месапатаміі, і тут гэтая багіня была ідэнтыфікавана з шумерскім богам сонца Уту, што прывяло да ўзнікнення асіра-вавілонскага бога сонца па імені Шамаш. У кожным вялікім горадзе Месапатаміі быў ягоны храм.

Акадэмік Б.А. Рыбакоў прыводзіць шэраг прыкладаў, якія паказваюць этымалагічную сувязь імені славянскага боства Хорс, сугучнага з імем Гора, з грэчаскімі і славянскімі словамі, якія абазначаюць кола (“круг”), а кола – гэта сімвал неба. Звычайны сімвал бога гора – выява птушкі Сокало, над галавою якога абазначалі авал. Згодна пісьмовым тэкстам 3 тысячагоддзя да н. э., крылы Гора – гэта неба, вочы яго – сонца і месяц, і звычайны тытул Гора — “гаспадар неба”. У больш познія часы Гора таксама працягвалі выяўляць у выглядзе птушкі. Паводле старажытных уяўленняў егіпцян днём Сонца падарожнічае па небе на калясніцы, у якую запрэжаны белыя ці залатыя коні, а ноччу яно плавае на чаўне па падземнай рацэ Ніл у царстве Цемры і Холаду. Цяжкае начное падарожжа адымае яго сілы і энергію, але існуе чароўны таямнічы выток, які садзейнічае новаму адраджэнню Сонца — гэта Сонечная маці, якую завуць Фенікс. На гэтае імя было накладзена табу, яго нельга было называць, каб не пашкодзіць сонцу. Таму, магчыма, і забыліся пра яго жаночую сутнасць. Але засталася прыгожая легенда пра птушку Фенікс, якая памірае і адраджаецца зноў і ніколі не можа канчаткова памерці, гэта і сімвалізуе вечнае адраджэнне сонца. Птушка Фенікс увасабляе сонца, і, згодна з міфам Бліжняга Усхода, пра гэта ж пісаў і Герадот. Этымалогія імені Фенікс таксама ўказвае на салярнае паходжанне гэтага вобраза [8, с.12].

 У рускага народа ёсць казка “Фініст — ясны сокал”, дзе вельмі своеасабліва злучыліся ў адно бог Сонца Гор у выглядзе сокала і птушка Фенікс, якая ў іншых казках можа выступаць і пад імем Жар-птушкі. Увасабляюць у славян сонца таксама і птушка Рарог (якая стала эмблемай князя Рурыка) і залаты Пеўнік у народных казках і загадках.

Певень у народных уяўленнях наогул замяняе сабой сонца ўночы, сваім крыкам ён адводзіць злыя сілы і абвяшчае новы ўзыход сонца. Певень увасабляў жыццёвыя сілы і ўрадлівасць. У беларусаў на першую шлюбную ноч маладым даюць белага пеўня, каб абараняў іх і адводзіў злыя сілы. У паўднёвых славян жаніх на вяселлі абавязкова нёс жывога пеўня. Вельмі часта вобраз пеўня сустракаецца ў вымаўках, разьбе па дрэву і інш. У многіх міфалогіях свету певень звязаны з сонцам, нябесным агнём. У Рыгведзе расказваецца пра сонца, якое вязуць коні, конь выступае там у якосці вобраза сонца, само сонца называецца канём. Семантычная сувязь паняццяў “конь” і “Сонца” існавала ў старажытных грэкаў і гнрманцаў, нярэдка ў іх само сонца называлася канём. Сонца персаніфікавалася ў вобразе каня ў скандынаваў. У кельтаў конь лічыўся сімвалам сонца. Б. Рыбакоў сцвярджае, што ў старажытных славян “конь звязаны з сонцам, як бы замяняе яго”. Конь ва ўсходніх славян — сімвал усяго добрага і самага важнага. Гэта звязана з велізарнай роляй каня ў жыцці і рассяленні ўсіх старажытных індаеўрапейцаў, якія каня і прыручылі. Конь быў незаменны ў сельскай гаспадарцы [8, с.13].

Звернемся зноў да падарожжа Сонца. Уначы яно знаходзіцца ў падзем’і, дзе плыве па незвычайнай падземнай рацэ. Па старажытных вераваннях, заходзячае сонца апускалася ў зямлю ці ў ваду. У абоіх выпадках яно як бы трапляла ў іншы свет, у свет валадара падзем’я і вады. Уваход у гэты свет знаходзіцца недзе на захадзе, за морам. У славян ёсць звычай хавць нябожчыкаў да заходу сонца, каб заходзячае сонца дапамагло трапіць душам памёршых у іншы свет.

Адбіткі культу сонца ў дахрысціянскай рэлігіі славян і, ў прыватнасці, у беларусаў, прасочваюцца ў народных звычаях, абрадах, вусных жанрах фальклору. Але дакладных уяўленняў непасрэдна пра Сонца, яго існаванне, функцыі і месца ў язычніцкім пантэоне славян вельмі мала. Рускія і заходнееўрапейскія сярэдневяковыя пісьмовыя крыніцы называюць у якасці першасных і галоўных багоў славянскага язычніцтва іншыя імёны. Вядомы даследчык дахрысціянскіх рэлігій С. А. Токараў пісаў, што “вельмі цяжка знайсці сляды старажытнага ўяўлення аб бостве сонца. Мы навт дакладна не ведаем, якое з імён старажытнаславянскіх багоў, што захаваліся ў помніках, звязвалася з сонцам”. Сярэдневяковы рускі летапіс упамінае боства Дажджбог з эпітытам “соца-цар”. Пра Дажджбога гаворыцца ў “Хроніцы” Малалы, “Слове пра паход Ігаравы”. Разглядаючы шэраг славянскіх багоў, які прыводзіцца ў вытоках XI-XII ст., Б. А. Рыбакоў падзяляе іх на некалькі груп. Адну групу складаюць Сварог і сварожычы (сюды ж уваходзіць і Дажджбог разам са Сварожычам і Светавітам), у другую — боствы ўрадлівасці: Род, Вялес, Яравіт, Ярыла. І асобна, не ўваходзячы ні ў адну з груп, выдзяляецца Пярун. Даследчык адзначае іранскі ўплыў на назвы некаторых багоў, у тым ліку Дажджбога, Стрыбога, Хорса і Сімаргла. Славянскае імя бога сонца — Хорс — можа быць пастаўлена ў шэраг і са славянскімі, і з грэчаскімі словамі, якія абазначаюць “круг”, “акружнасць”, “акругу” і г. д. [8, с.14].

Б. А. Рыбакоў прыводзіць наступную схему праяў сонечнага культу старажытных славян:

1) Хорс (“круглы”) — божаства сонца, як свяціла… Культ сонца-свяціла ярка праявіўся ў земляробаў неаліту, а ўжо ў бронзавым веку з’явіліся ўяўленні аб начным сонцы, якое здзяйсняе свой падземны шлях па “мору змрока”…

2) Калаксай – міфічны цар сколатаў-праславян. Інтэрпрэтуецца як Сонца-Цар (ад “кола” – круг , сонца).

3) Сколаты – прыдняпроўскія праславянскія аратаі, названыя па імені свайго цара Калаксая… Запісаная Герадотам легенда… дазваляе перакласці слова “сколаты” як “нашчадкі сонца”.

4) Дажджбог – боскі міфічны цар, называемы часам Сонцам. Бог – падавец дабра (благ). У змяненні імені адлюстравалася пашырэнне ўяўленняў пра сонечнае боства.

5)“Дажджбожым унукам”, гэта значыць “унукам Сонца”, названы рускі князь з Прыдняпроўя, што дазваляе наблізіць водгулле язычніцкіх міфаў, якія захаваліся да XII ст. н. э., да старажытных міфаў пра нашчадкаў сонца, існуючых на гэтых жа месцах ў V ст. да н. э.

6) Апошнім водгуллем старажытных міфалагічных уяўленняў пра “ўнукаў Сонца”, якія дайшлі да нас, з’яўляецца раздзел рускіх багатырскіх казак”тры царствы” або “Залатое царства”.

Б. А. Рыбакоў называе таксама і Сімаргла — боства ніжэйшага парадку. Адзначае сувязь культу Сімаргла Пераплута з русальнымі святамі, з клопатамі пра добры ўраджай.

Такім чынам, можна яшчэ раз акрэсліць галоўных бостваў славян, звязаных з салярным культам. Гэта Дажджбог, сын Сварога, бог сонечнага свету (святла), і Хорс — боства сонечнага свяціла (але не святла). Яго можна разумець як дадатак вобраза Дажджбога — Сонца. Салярныя знакі маглі ў роўнай ступені абазначыць і Хорса, як канкрэтнае дзённае свяціла (вока святла”), і быць сімваламі Дажджбога [8, с.14].

Б. А. Рыбакоў разглядае выяву Дажджбога на старажытнай рускай вышыўцы. Вышыўка складаецца з двух ярусаў. Верхні ярус, які сімвалізуе нябесны звод, займае незвычайны велізарны вершнік. Галава яго падаецца ў выглядзе скоса пастаўленага квадрата, запоўненага крыжамі, і сонцападобнай фігуры з васьмю промнямі. Рукі яго ўзняты ўверх. Вакол вяршыні выявы трох жанчын з сонечнымі дыскамі, якія знаходзяцца па два (два кругі — сонца з крыжамі ўнутры) з бакоў кожнай жанчыны. На думку даследчыка, два дыскі, якія праходзяць як бы скрозь жанчыну, сімвалізуюць рух сонца. Тры жанчыны могуць сімвалізаваць раніцу, поўдзень і вечар ці інш. Апагей сонца — поўдзень — увасабляецца самім Дажджбогам, а дзве жаночыя фігуры будуць адпавядаць Ранічнай Зары і Вячэрняй Зары, а ніжняя фігура можа ўвасабляць ідэю “падземнага сонца”. Узнятыя ж уверх рукі вершніка паказваюць як бы зварот Дажджбога да свайго бацькі Сварога, да галоўнага Бога неба і ўсяго белага свету.

Рэшткі салярнага культу славян можна ўбачыць у народных звычаях, абрадах, рытуалах, творах вуснай народнай паэзіі. Здаўна на Беларусі існаваў звычай маліцца кожную раніцу на ўсход пры ўзыходжанні сонца. Вобраз Сонечнага Бога і іншыя матывы, звязаныя з салярным культам, адбіліся ў старажытных міфах, паданнях, легендах, казках. Б. А. Рыбакоў выдзяляе тры эры нябесных боскіх цароў у адпаведнасці з развіццём чалавечага жыцця:

1) Дасварогава эра. Першабытнасць (каменны век, адсутнасць сям’і) ;

2) эра Сварога (азнаямленне з металам, устанаўленне монагамнай сям’і);

3) эра Дажджбога, сына Сварога. Дажджбог — цар і Сонца (узнікненне дзяржаўнасці, царская ўлада падтрымлівае закон адзінай монагамнай сям’і, устанаўленне сонечнага календара).

Салярныя матывы даследчык разглядае таксама аналізуючы казкі і паданні пра волатаў. На Беларусі і Паўночнай Украіне было распаўсюджана імя Івана Сучыча. Пры тлумачэнні сабачага імені асілка Б. А. Рыбакоў апіраецца на герадотаўскі матэрыял пра неўраў, якія на некалькі дзён у год могуць прымаць аблічча ваўка. Час зімовага сонцастаяння вызначаецца, па народных уяўленнях, і як “ваўчыныя святы”. У гэты час пераапранаюцца ў ваўчыныя скуры. З ваўкамі звязаны павер’і пра тое, што міфічны нябесны воўк заглатвае сонца (зацменне). Штогадовыя воўчыя святы былі звязаны з штогадовымі сонечнымі фазамі, а сонечныя зацменні расцэньваліся як злосныя дзеянні чараўнікоў-валхвоў, якіх называлі ваўкалакамі [8, с.15].

На думку Э. Тайлара, Арфей, які спускаўся ў Аід па Эўрыдыку, — гэта само сонца, якое заходзіць і зноў выходзіць з Падзем’я. Э. Тайлар прыводзіць цікавыя сюжэты палінезійскіх і паўночнаамерыканскіх легендаў, якія аб’ядноўваюцца тым жа матывам: знікненне сонца на заходзе і вяртанне яго на світанні. Напрыклад, вельмі прыгожы міф паўночнаамерыканскіх індзейцаў пра Чырвоную Лебедзь. Гэты сімвал таксама звязаны з сонечным закатам. Ёсць у старажытных міфах і казках і іншыя шукальнікі іншасвету, якія ідуць да Сонца ў незвычайную сонечную краіну, дзе магчымы розныя цуды і дзе жыццё прымае іншыя, незвычайныя формы. Даследчык Я. Трубяцкой выказаў цікавую думку пра тое, што ёсць адно неўміручае, характэрнае ва ўсе часы і для ўсіх народаў, перажыанне містычнага вопыту, якое выклікана ў нас заходам і ўзыходам сонца. Пачатак і заканчэнне дня на нашым небасхіле ёсць натуральны напамін пра “вечны дзень” на ўскрайку зямлі…

Для язычніцкай свядомасці тое месца, дзе начуе сонца, ёсць краіна сапраўднага і, бясспрэчна, шчаслівага жыцця. “Гэта адвечны ўзбуджальнік урачыстага настрою, духоўнага і асабліва казачнага пад’ёму”.



Информация о работе «Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 91899
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх