4. Семантыка і функцыянальнасць міфалагемы Сонца ў традыцыйнай беларускай народнай культуры

Захаваліся разнастайныя выявы і ўзоры сонца ў беларускім народным арнаменце. У свядомасці беларусаў сонца непасрэдна звязана з іншымі прыроднымі з’явамі. У народнай творчасці раскрываюцца адносіны паміж паветрам, дажджом, громам, маланкай, і ўсё гэта адлюстравана ў дэкоры розных вырабаў.

Многія кампазіцыі беларускай вышыўкі змяшчаюць ідэю звяртання да Вялікага Сонца з просьбай, каб яно не паліла моцна зямлю і дало б дождж. М. С. Кацар у сваёй кнізе “Беларускі арнамент” прыводзіць прыклады тлумачэнняў сэнсу беларускага арнаменту, які давалі самі ткачыхі і вышывальшчыцы. Напрыклад, А. Маркава (1892 г. н., Магілёўская вобл.) сказала: “Каб зразумець ўзор Складанага Сонца, трэба ведаць замовы варажбітак-шаптух аб ураджаі, супраць хваробы гавяды і людзей. У вышыўках узораў Складанага Сонца і ў замовах — адны і тыя ж думкі і клопаты”. Гэты прыклад яшчэ раз сцвярджае, што ў старажытнай міфалагічнай свядомасці ўсё знаходзілася ва ўзаемасувязі, нішто не існавала асобна само па сабе. Сувязь існавання мікракосмасу (чалавека) была непарыўнай з існаваннем макракосмасу (сусвету), дзе адно з галоўных месцаў належыла і Сонцу, ад якога, па славянскіх павер’ях, залежыў дождж, значыць, і ўраджай, а значыць, і далейшы працяг жыцця. На беларускіх вышыўках часта можна ўбачыць узор, які складаецца са спалучэння сонца і дажджу, што служыць зарукай добрага ўраджаю [19, с. 645].

Выявы сонца, вырабленыя шляхам вышыўкі, ткацтва, разьбы па дрэву на франтонах жыллёвых пабудоў, мелі першапачаткова не эстэтычную, а магічную мэту: выклікаць дождж, вылечыць хваробу і г. д. напрыклад, 80-гадовая сялянка А. Васільева з Сянна расказала пра тое, што ў яе захварэў сын і ніхто не мог яму дапамагчы, але як толькі яна вышыла ўзор сонца — сын ачуняў.

Найбольш распаўсюджаная выява сонца ў беларускім арнаменце — гэта ромб з промнямі. Існаваў таксама і іншы старажытны язычніцкі сімвал сонца: крыж у крузе, яго можна ўбачыць у дэкоры ганчарных, кавальскіх, разьбяных вырабаў і, безумоўна, у ткацтве і вышыўцы.

У народным арнаменце Сонца, як галоўнае боства ў многіх народаў старажытнасці, у тым ліку і ў беларусаў, здаўна з’яўляецца асноўным элементам у арнаментыцы вырабаў побытавага, абрадавага, мастацкага прызначэння. На тэрыторыі Беларусі матыў сонца (Салярная сімволіка) вядомы з часоў неаліту; тагачасная кераміка, вырабы з дрэва і косці аздабляліся кружочкамі з кропкай у цэнтры. У разьбе па дрэве матыў Сонца набыў выгляд шматпроменнага круга-разеткі, якім аздаблялі побытавыя рэчы.

Асабліва папулярны матыў Сонца ў тэкстыльным арнаменце. Тэхналагічныя асаблівасці ткацтва і вышыўкі выклікалі асаблівую інтэрпрытацыю яго ў выглядзе ромба з промнямі ці адросткамі-кручкамі. Такі матыў аздабляў ручнікі, паясы, навалачкі, абрусы, кампаненты адзення і іншыя вырабы ўтылітарна-дэкаратыўнага і абрадавага прызначэння.

Сімвалічнае значэнне рамбічнаму арнаменту як сімвалу Сонца на Беларусі надавалася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя; сёння ён з’яўляецца проста адным з найбольш пашыраных і традыцыйных элементаў дэкору вырабаў утылітарна-мастацкага прызначэння.

4.1 Астранамічныя вобразы ў беларускіх замовах з касмалагічнымі матывамі

 

Палессе, як адна з найбольш архаічных славянскіх зонаў, здаўна прыцягвала ўвагу даследчыкаў традыцыйнай народнай культуры. Тэксты замоў (старажытнейшага па паходжанню фальклорнага жанру), запісаныя на тэрыторыі Палескага рэгіёна, ў некаторых выпадках здольны раскрыць прынцыпова важныя элементы архаічных узроўняў традыцыйнай карціны свету.

Адна з фундаментальных ідэй міфалагічнай свядомасці, згодна з якой сусвет ёсць не што іншае, як касмічна велізарнае цела чалавека, знайшла праяўленне ў некалькіх замоўных тэкстах, запісаных на тэрыторыі Брагінскага і Светлагорскага раёнаў. Замова “Ад дзіцячых хвароб”: “У вочы — сонейка, у патылічку — месячка, а ручкі — грабелькі, а ножкі — вілачкі. Сонейкам асвяціся, месячкам агарадзіся,, паганаму зносу не дапускайся, паганы знос — кукіш пад нос.” [14, с. 12].

Унутраная абгрунтаванасць выкарыстаных вобразных паралеляў — “вочы — сонейка”, “патылічка — месячык”; “сонейка ў вачах”, “месяц у плячах”, зоры на рабрах” — абумоўлена ўплывам касмаганічнай суаднесенасці космасу целу чалавека, асобныя часткі якога маюць пэўныя праекцыі ў навакольным свеце. “Міфапаэтычны светапогляд касмалагічнага перыяду зыходзіць у тоеснасці макракосмаса і мікракосмаса, прыроды і чалавека” абагаўляючы прыроду і яе магутныя сілы, чалавек не проста надзяляў іх розумам і іншымі ўласцівымі яму здольнасцямі, але і знешне надаваў ім падобнасць з самім сабою.

У старажытнарускай літаратуры прыпадабленне частак цела чалавека прыродным з’явам і наадварот з’яўлялася распаўсюджаным прыёмам, які дазваляе даследчыкам лічыць, што да таго, як стаць паэтычнымі вобразамі, гэтыя прыпадабленні адлюстроўвалі рэальныя ўяўленні нашых продкаў аб прыродзе.

Згодна канцэпцыі тоеснасці светабудовы чалавечаму целу, нябесныя свяцілы — сонца, месяц, зоркі — звязваліся міфапаэтычнай свядомасцю з верхняй часткай цела — галавой і, у першую чаргу, з вачыма. У старажытным Егіпце сонца і месяц лічыліся вачыма ўсемагутнага боства Ра, а індыйцы ўспрымалі сонца і месяц як вочы бога Нараяны. Паводле кітайскай міфалогіі, сонца і месяц утварыліся з вачэй вялікага Паньчу, цела якога адпавядала сусвету. У прыведзеных вышэй прыкладах, не звяртаючы ўвагі на іх прыналежнасць да самых розных культур, прасочваецца тэндэнцыя ўпадаблення сонца і месяца вачам чалавека і надзяленне іх зрокавай функцыяй. У духоўнай культуры беларусаў падобныя міфалагічныя ўяўленні трансфармаваліся і знайшлі праяўленне ў сістэме народных вераванняў, павер’яў і прыкмет, у вобразнай сістэме фальклорных тэкстаў, у шматлікіх паэтычных метафарах і фразеалагічных адзінках мовы [12, с. 255].

На прыкладзе архетыпу сонца прасочым, як у культурна-моўнай сістэме ўсходніх славян праяўляецца семіятычны статус гэтага нябеснага аб’екта ў традыцыйнай каціне свету. “Сонца — крыніца жыцця на зямлі — і па сённяшні дзень называецца ў Карпатах “тварам Божым”, а ў іншых месцах “вокам Божым”. А. М. Афанасьеў лічыў, што каляндарнае абазначэнне сонца і месяца чалавечымі тварамі караніцца ў паданнях найглыбейшай старажытнасці. “Міфалагема галавы — “сонца” лягла ў аснову такіх фразеалагічных адзінак, як “галава ідзе кругам”, “галава гарыць”, галава закружылася”; хоць абазначаюць яны стан чалавека ў цяжкай сітуацыі. Большасць фразеалагізмаў з кампанентам “галава” маюць пазітыўную каннатацыю, што вытлумачваецца наяўнасцю ў менталітэце рускіх архетыпа “галава=сонца, боства”.

Тэндэнцыя ўпадаблення сонца вачам чалавека іпрысваення яму зрокавай функцыі аўтаматычна вызначае семіятычныя і каштоўнасныя характарыстыкі вобраза сонца ў традыцыйнай народнай культуры. Пасылаючы цяпло і святло, адорваючы не толькі зямлю, але і яе нетры, сонца ў свядомасці чалавека было справядлівым боствам, усяправедным і усемагутным, якое аб усім ведае, усё бачыць. “Сляды салярнага культу захаваліся ў шматлікіх апакрыфічных расказах. У іх гаворыцца пра тое, што Сонца з’яўляецца тварам Госпада Бога. Па іншых расказах, Сонца — гэта акно, праз якое Бог глядзіць на Зямлю, а да людзей праз яго даходзіць райскі свет”. Сонца, якое ўсё бачыць, можа ашчаслівіць ці абяздоліць чалавека, выступае ў якасці дабрадзея ці суддзі- карніка. Амбівалентнасць міфалагемы сонца непарыўна звязана з разуменнем у культурнай традыцыі славян стыхіі агню. У міфалагічным светаадчуванні гарачыя сонечныя прамяні сканцэнтроўвалі ў сабе знішчальную сілу нябеснага агню і ўспрымаліся як увасабленне кары нябесных сіл.


Информация о работе «Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 91899
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх