1.3 Жыціі

Сярод шматлікіх відаў і жанраў некананічнай царкоўна-рэлігійнай літаратуры бадай найбольшае распаўсюджанне мела агіяграфія (у перакладзе з грэчаскай мовы – жыццяпісы святых). Інакш жыціі. Героі гэтых твораў – падзвіжнікі хрысціянства, якія за розныя заслугі перад царквой і верай былі прызнаны святымі. Іх жыццё павінна было служыць прыкладам для веруючых, таму жыціі ствараліся па пэўнай схеме з выразнымі маральна-дыдактычнымі мэтамі. Набожнасць, сціпласць, пакорлівасць, строгае захаванне хрысціянскага маральнага кодэксу, царкоўна-рэлігійных правіл і абрадаў, жыццё па боскіх запаведзях – вось асноўныя якасці, якімі павінен валодаць кожны веруючы, калі ён хоча заслужыць літасць Бога. Пропаведзь аскетызму, падзвіжніцтва ў імя веры, сцвярджэнне і ўмацаванне хрысціянскіх нормаў маралі, рэлігійнага светаразумення складае аснову ідэйнай накіраванасці жыційнай літаратуры.

Жыціі бытавалі як у сістэме спецыяльных агіяграфічных зборнікаў (мінеі, пралогі, альбо сінаксары, пацерыкі), так і асобна, у зборніках змешанага характару. Захаваліся, напрыклад, Супрасльскі (XI ст.) і Успенскі (XII ст.) рукапісы, старажытнарускія зборнікі жыцій тыпу «Чэцці мінеі» на стараславянскай мове, у якіх творы размешчаны па месяцах года ў адпаведнасці з датамі ўшанавання таго ці іншага святога. На Русі чыталіся таксама Егіпецкі і Сінайскі пацерыкі, перакладзеныя з грэка-візантыйскіх крыніц зборнікі займальных і павучальных навел і анекдотаў з жыцця манахаў. Скарочаныя тэксты жыцій змяшчаліся ў пралогах. У розных зборніках перапісваліся жыціі Аляксея, Антонія Вялікага, Васіля Новага, Фёдара Страцілата, Андрэя Юродзівага, Фёдара Студзіта і шмат якіх іншых святых хрысціянскай царквы.

Важныя ідэйна-мастацкія задачы, якія ставіліся перад аііяграфічным жанрам нарматыўнай хрысціянскай эстэтыкай, вызначалі асноўныя спосабы і прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, паказу чалавека ў жыціях. Змест гэтых твораў мае выразна павучальны, ілюстрацыйны характар, а ў вобразе святога паказваецца не проста станоўчы, а ідэальны хрысціянскі герой, які пазбаўлены індывідуальных рыс жывога чалавека і дзейнічае ў даволі ўмоўных абставінах. Аднак у асобных творах часткова пераадольваўся літаратурны схематызм, створаны даволі яркія малюнкі жыцця эпохі, а перажыванні галоўных герояў перададзены па-мастацку праўдзіва і пераканаўча. У жыціях змяшчаецца таксама нямала каштоўных звестак па гісторыі культуры, грамадска-палітычнай і эстэтычнай думкі свайго часу, таму гэтыя творы і сёння маюць вялікае пазнавальнае значэнне. Як папулярны жанр сярэдневяковай белетрыстыкі жыціі зрабілі вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё мастацкай прозы ўсходніх славян даўняй пары, асабліва старажытнарускай арыгінальнай агіяграфіі.

1.4 Патрыстыка

Адно а вядучых месц у сістэме царкоўна-рэлігійнай літаратуры займала патрыстыка – творы айцоў альбо настаўнікаў царквы (ад грэчаскага патэр – бацька), вядомых пісьменнікаў-багасловаў, яркіх прадстаўнікоў раннехрысціянскай павучальнай і аратарскай прозы. Патрыстычная літаратура ўзнікла на пачатку хрысціянства, у II–III ст., але найбольшага росквіту дасягнула пасля канчатковай яго перамогі і афіцыйнага прызнання ў Рымскай імперыі ў IV–V ст. Асноўныя жанры патрыстыкі – павучанне і пропаведзь (слова, казань), якія прадстаўляюць два галоўныя віды гэтай літаратуры – дыдактычнае і ўрачыстае красамоўства. Філасофскае абгрунтаванне рэлігійных догматаў хрысціянскага веравучэння, яго абарона і ўсхваленне (таму патрыстыку часам называлі апалагетыкай), пропаведзь хрысціянскай маралі – асноўны змест твораў айцоў царквы. Класікамі патрыстычнай літаратуры з'яўляюцца Іаан Златавуст, Васіль Вялікі, Рыгор Назіанзін (Багаслоў), Рыгор Ніскі, Іаан Дамаскін, Аўгусцін. Творы ўсіх гэтых пісьменнікаў, апрача апошняга, які стаў заснавальнікам заходнееўрапейскай лаціна-каталіцкай патрыстыкі, былі добра вядомы на Русі ў перакладах на царкоўнаславянскую мову.

Вялікай славай і аўтарытэтам карыстаўся Іаан Златавуст (347–407 гг.), найболып выдатны прадстаўнік урачыстага красамоўства. У сваіх словах, апрача чыста багаслоўскіх пытанняў, ён закранаў таксама важныя праблемы грамадскага жыцця, палка выкрываў заганы багатых, абараняў інтарэсы і правы прыгнечаных, змагаўся за духоўную свабоду чалавечай асобы. Яго творы вылучаюцца эмацыянальнасцю, прастатою і пераканаўчасцю выкладу, высокай дасканаласцю мастацкай формы. Яны аб'ядноўваліся ў асобныя зборнікі («Златавуст», «Златаструй», «Маргарыт» і інш.), якія на Русі дапаўняліся творамі мясцовых аўтараў. На традыцыях Іаана Златавуста выхоўваліся і вучыліся майстэрству цэлыя пакаленні царкоўных аратараў-прапаведнікаў хрысціянскага свету. Яму наследавалі, яго традыцыі выкарыстоўвалі і развівалі такія таленавітыя майстры старажытнарускай аратарскай прозы, як Кірыла Тураўскі і Рыгор Цамблак, а пазней беларускія і ўкраінскія пісьменнікі-палемісты.

1.5 Гістарычная проза

Багаты і разнастайны гістарычна-літаратурны матэрыял змяшчаюць перакладныя грэка-візантыйскія хронікі. Паводле зместу яны былі для свайго часу своеасаблівымі сусветнымі гісторыямі: у іх выкладаецца гісторыя далёкага мінулага народаў Еўропы і Блізкага Усходу, пачынаючы ад «стварэння свету». Найбольш характэрныя асаблівасці гэтых хронік – кампілятыўнасць, спалучэнне гістарычна сапраўднага і дакладнага з легендарным, выдуманым, багаслоўскае тлумачэнне гісторыі, згодна з якім усе падзеі і ўчынкі людзей прадвызначаюцца воляй Бога і грамадзянская гісторыя такім чынам цалкам падпарадкавана свяшчэннай. У XI–XIII ст. на Русі добра ведалі ў перакладах з грэчаскай мовы на царкоўнаславянскую візантыйскія хронікі Іаана Малалы (VI ст.) і Георгія Амартала (IX ст.).

У хроніцы Іаана Малалы апісваецца галоўным чынам гісторыя Старажытнага Егіпта, Грэцыі, Рыма і Візантыі. Яна каштоўная таксама багаццем звестак па антычнай міфалогіі. Дзякуючы гэтай хроніцы старажытнарускі чытач упершыню пазнаёміўся з папулярнымі грэчаскімі міфамі пра Зеўса, Геракла, Арфея, Дзядала і Ікара, Тэзея і Арыядну, з трагічнымі гісторыямі цара Эдзіпа, герояў Траянскай вайны і інш. Паводле літаратурнай формы хроніка нагадвае звод займальных апавяданняў. Яна прываблівае чытачоў багаццем разнастайнага гістарычнага і легендарнага матэрыялу, жывасцю і прастатой выкладу. Гэты твор паслужыў крыніцай для шэрага гістарыяграфічных кампіляцый, хранографаў і летапісных зводаў.

Тыпова сярэдневяковая па характары – хроніка Георгія Амартала, складзеная на аснове папярэдніх візантыйскіх хронік, розных жыцій, твораў патрыстычнай літаратуры, Бібліі і іншых крыніц. Гэта і вызначыла яе напоўненасць легендамі і паданнямі, паведамленнямі пра розныя цуды, незвычайныя выпадкі і здарэнні. Вялікая цікавасць да біблейскай і царкоўнай гісторыі, схільнасць да багаслоўскіх разважанняў і рэлігійнага маралізатарства – характэрныя асаблівасці творчай манеры Амартала. Нягледзячы на клерыкальныя пазіцыі храніста, твор меў важнае значэнне для старажытнарускіх чытачоў як каштоўная крыніца разнастайных, пададзеных у пэўнай сістэме звестак па міфалогіі і гісторыі народаў антычнага свету (асабліва Візантыі, гісторыя якой даведзена да 842 г.). На хроніку Георгія Амартала неаднаразова спасылаўся аўтар найбольш выдатнага летапісу Старажытнай Русі «Аповесці мінулых гадоў».

Вялікай папулярнасцю ў сярэдневяковай Еўропе і на Русі карысталася «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прысвечаная апісанню падзей 60–70-х гг. I ст. – паўстання Іудзеі супраць рымскага панавання і разбурэння рымлянамі Ерусаліма. Аўтар, удзельнік гэтага паўстання, пасля яго паражэння трапіў у палон, перайшоў на бок ворага, пасяліўся ў Рыме, дзе і апісаў гісторыю тых трагічных падзей, каб захаваць пра іх памяць у наступных стагоддзях і хоць часткова апраўдацца перад суайчыннікамі за сваю здраду. Ад візантыйскіх хронік твор Іосіфа Флавія адрозніваецца большай дэталёвасцю апісання, цэласнасцю і закончанасцю. Драматычная барацьба Іудзеі з Рымам выкладзена гістарычна дакладна і па-майстэрску, у лепшых традыцыях антычных гістарыёграфаў. Флавій не бясстрасны рэгістратар фактаў, а гісторык-пісьменнік, які імкнуўся спасцігнуць сэнс падзей, абгрунтаваць і сцвердзіць сваю канцэпцыю іх разумення. Гэта дасягаецца ўмелай пабудовай апавядання, жывасцю выкладу, акцэнтаваннем увагі чытача на найбольш яркіх эпізодах, шырокім выкарыстаннем простай мовы, дыялогаў і маналогаў герояў і іншымі прыёмамі. Таму «Гісторыя Іудзейскай вайны», будучы дакументальна дакладнай і ў цэлым аб'ектыўнай хронікай сапраўдных падзей, чытаецца як захапляючая гістарычная аповесць.


Информация о работе «Літаратура старажытнай Русі»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 57360
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
47641
0
0

... гераізму і патрыятызму. Яны служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў, ведаў і натхнення для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў. 3. Творы іншых жанраў Арыгінальная літаратура Беларусі XIV—XV стст. адносна небагатая. Калі не прымаць пад увагу шматлікія помнікі дзелавога пісьменства, якія не належаць да ўласна мастацкай літаратуры, хоць яны і не былі ў эпоху Сярэднявечча ...

Скачать
66233
0
0

... лася ў межах высокага "шцілю" барока. Свецкая ж часта выражала апазіцыйныя настроі ніжэйшых слаёў насельніцтва. Ёй больш адпавядаў сярэдні "шціль" барока. З духоўнай паэзіяй была звязана зыходзячая лінія развіцця старой беларускай літаратуры, з свецкай — узыходзячая лінія, нараджэнне новых традыцый. Духоўная паэзія, якая нараджалася і пашыралася пераважна сярод вышэйшага духавенства і магнацтва, ...

Скачать
65060
0
0

ў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры. 2. Францыск Скарына Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. ...

Скачать
28041
0
0

... Гэтая шматмоўная царкоўна-рэлігійная літаратура распаўсюджвалася як рукапісным, так і друкарскім спосабам, і мела ў свой час немалы попыт у чытачоў. 2. Свецкая літаратура Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, якія бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігі ...

0 комментариев


Наверх