3. Проза першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Зноў жа, як і ў паэзіі, у прозе першага пасляваеннага дзесяцігоддзя галоўнымі тэмамі былі асэнсаванне падзей толькі што адгрымеўшай вайны і працы па аднаўленню разбуранай народнай гаспадаркі, пераходу да мірнага жыцця.

У асваенні ваеннай тэматыкі заслугоўваюць увагі пачатковыя спробы былога франтавіка Івана Шамякіна, у якога выявіўся яркі эпічны талент. Напісаныя яшчэ ў вайну, паводле асабістага франтавога вопыту, аповесць "Помста" і апавяданне "У снежнай пустыні", пры ўсіх вучнёўскіх недахопах уяўлялі сабою сапраўдныя знаходкі нетрадыцыйнага для беларускай літаратуры "ваеннага" стылю, у напрамку якога будзе развівацца сталая рэалістычная проза аб вайне, пазначаная асаблівымі патрабаваннямі дакументальнай дакладнасці і асабістай перажытасці мастацкага матэрыялу. Драматычная калізія аповесці — маральная перамога маёра Раманенкі, які святое пачуццё помсты за смерць маці, дачкі, замучанай жонкі пранёс да парога дома злачынцы обер-лейтэнанта Генрыха Візэнера, але ўладай найвышэйшага духоўнага імператыва не ўчыніў расправы над сям'ёй немца. Памежны па экзістэнцыяльнай вастрыні драматычны канфлікт быў яшчэ ва ўсім псіхалагічным аб'ёме не па сіле маладому празаіку і вырашаны ў палярызавана аголеных страсцях, месцамі ў меладраматычных нотах і не раскрыты ў сваёй агульначалавечай праўдзе. Хоць акцэнты, дэталі ў гэтай пагранічнай падзеевай сітуацыі, унутраныя жэсты героя накрэслены, можна сказаць, з чуйным мастацкім тактам. Можа, яшчэ больш характэрны для пачатковых пошукаў празаіка твор "У снежнай пустыні". У вострасюжэтнай аўтарскай манеры, у адлюстраванні экстрэмальных эпізодаў вайны ў Запаляр'і, дзе атрымаў сваё баявое хрышчэнне будучы пісьменнік, адчуваецца бясспрэчная вывучка ў Джэка Лондана. Але ва ўсіх, нярэдка авантурных мастацкіх хадах твора, у паказе лётчыкаў, збітых на варожай тэрыторыі, і кіламетр за кіламетрам, на зыходзе сіл адольваючых шлях да сваіх, — столькі дакладнага адчування вайсковых абставін і ў цэлым псіхалагічна пераканаўчай матываванасці паводзін герояў, што твор выглядаў сапраўдным подступам пасляваеннай прозы да рэалістычнага паказу вайны.

Па свежых слядах ваенных падзей I. Шамякін на сумежным вайсковым вопыце зрабіў спробу асвоіць матэрыял партызанскага руху на Беларусі. Вынікам стала аповесць "Глыбокая плынь" (1949). Як першы, хай сабе белетрыстычны подступ да партызанскай тэмы, пабудаваны на тыпажах роднай Гомельшчыны, з цэнтральнай ідэяй партызанскага руху як глыбокай, усенароднай плыні супраціўлення ворагу, раман I. Шамякіна задавальняў першы попыт пасляваеннага чытача на кнігі пра толькі што адгрымеўшую ваенную навальніцу і ў ліку лепшых твораў саюзнай літаратуры быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Наколькі гэта быў толькі папярэдні, рамантызаваны ў духу часу вобраз партызанскай вайны, пакажуць наступныя, у тым ліку і дакументальныя творы непасрэдных удзельнікаў "вайны пад стрэхамі".

Зрэшты, і твор з асабіста перажытага вопыту, крыху пазнейшы раман "Згуртаванасць" (1951) Міколы Ткачова, былога франтавіка і партызана, вырашаны таксама цалкам у рамантызаваным плане, настолькі складаным, ды і недазволеным па тым часе для поўнага рэалістычнага выяўлення, заставаўся пласт вайны ў тыле ворага. Пры ўсёй нагрувашчанасці падзеевай героікі, слабай псіхалагічнай праяўленасці характараў і проста схематызме вобразаў кіраўнікоў партызанскага атрада Камлюка і Новікава ў "Згуртаванасці" М. Ткачова як вынік асабіста перажытага данесены рэальны каларыт часу, жывыя прыкметы жыцця роднай Краснапольшчыны пад акупацыяй, жудасныя явы фашысцкага "новага парадку", расслаенне насельніцтва ва ўмовах трагічнага ваеннага выбару.

З асабістага партызанскага вопыту выраслі таксама аповесці "Без нейтральнай паласы" (1950) У. Карпава, "Насустрач" (1951) У. Шахаўца, "Дняпроўскія хвалі" (1946) Р. Няхая, якія, аднак, у мастацкіх адносінах не ўзняліся з нарысавага фактаграфічнага стану ў асваенні жыццёвага матэрыялу.

Паказальна, што і Янка Брыль, якога вылучалі больш прадуманая канцэпцыя рэчаіснасці і сталая творчая культура, асваенне партызанскай жыццёвай паласы, з якою ён уласна і ўваходзіў у літаратуру, пачынаў таксама з нарысаў аб дзейнасці налібоцкіх атрадаў ("Нёманскія казакі", 1946). Неўзабаве малады празаік створыць глыбока псіхалагічную навелу "Адзін дзень" (1946—1952), завастраючы ўвагу на мабілізуючых маральных праблемах у вайне без лініі фронту, на даследаванне якіх не вельмі адважвалася і проза буйных жанраў. У творы з сапраўдным даследчым пранікненнем пісьменнікам раскрываецца вельмі важная ўнутраная сфера псіхічных паводзін чалавека ў пагранічных абставінах варожай акупацыі. "Партызанка" для Янкі Брыля сталася заключнай часткай яго пакутлівай адысеі на дарогах Другой сусветнай вайны. Ён сустрэў яе салдатам марской пяхоты на польска-германскім фронце, у сапраўдным пекле пад Гдыняй, зведаў жахі нямецкага палону, гібенне і здзекі ў арбайткамандах, нарэшце, пасля другога ўдалага ўцёку з палону знаходзіць сваё месца ў радах лясных салдат. Тады ў беларускім лесе па праву ўдзельніка і сведкі аўтар спрабуе ўзнавіць перажытае ў аповесцях "Сонца праз хмары" і "Жывое і гніль". Як вядома, матэрыял сваіх глыбока рэалістычных, па свежых слядах падзей, мастацкіх распрацовак пісьменнік змог рэалізаваць толькі ў 60-я гады ў вялікім эпічным палатне "Птушкі і гнёзды" (1962—1964). Але ўжо той фрагмент са свайго доўжанага ў часе асэнсавання перажытага — аўтабіяграфічная споведзь "Ты мой найлепшы друг" (1951), якую пісьменнік адважыўся апублікаваць, сваёй псіхалагічнай праўдай, культурай творчасці выйгрышна вылучалася сярод тагачасных твораў аб вайне.

З маладых празаікаў на буйнамаштабнае адлюстраванне вайны тады, яшчэ па памятных слядах падзей, наважваецца і Іван Мележ, які сустрэў яе на граніцы ў Карпатах салдатам артылерыйскага палка. Першымі прыступкамі ў асэнсаванні складаных перыпетый ваеннага ліхалецця стаў разгорнуты нарыс "Дарогі на ўсход і на захад" пра легендарнага камандзіра танкавай брыгады, двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Фёдаравіча Шутава. Знаёмства з жыццём танкістаў, сумежным з артылерыйскім вопытам аўтара, адчуваецца, было важным подступам да задуманага ім вялікага эпічнага твора "Мінскі напрамак" (1952) аб шматпакутнай эпапеі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У надзвычай эканомна размеркаванай хранатопнай сістэме рамана, што ўбірае ў сябе насычаныя напружанымі падзеямі чатыры месяцы бітвы і фабульна канцэнтруецца вакол сімвалічнага вобраза Мінскай магістралі як кампазіцыйнага стрыжня адзінства часу і месца дзеяння, пісьменнік ставіў перад сабой смелую, яшчэ і па сёння нявырашаную творчым вопытам задачу адначасовага паказу "стратэгічнай" і "акопнай" праўды вайны. І з гэтай задачай амаль што справіўся. Аднак усё роўна гэта былі толькі першыя подступы беларускай прозы да глыбінна-аналітычнага спасціжэння ваеннай тэматыкі. Пра гэта пасведчыць пазнейшая літаратура.

З перспектывы пазнейшага мастацкага працэсу бачацца і недахопы рамана М. Лынькова "Векапомныя дні", першая частка якога ўбачыла свет у 1951 г. Завершаны ж твор быў у 1958 г. Усе наступныя гады пісьменнік імкнуўся палепшыць свой эпічны гмах, на якім адбіліся зменлівыя ваенныя, пасляваенныя і пазнейшыя пераходныя ідэйна-эстэтычныя ўстаноўкі. I як толькі ў перыяд грамадскага пацяплення ўзнялася рэалістычная хваля ваеннай прозы, эпапеі "Векапомныя дні" суджана было выпасці ў мастацкі пасіў, падзяліць лёс маладнякоўскай прыгодніцкай літаратуры аб грамадзянскай вайне і інтэрвенцыі на Беларусі.

У пераходны ўжо час былы франтавік Аляксей Кулакоўскі, які меў немалы журналісцкі вопыт у даваенныя гады, выступіў з буйным эпічным творам "Расстаемся ненадоўга" (1952-1954) — першай часткай сваёй ваеннай дылогіі. Уласным вайсковым матэрыялам малады пісьменнік распарадзіўся даволі абачліва. Адхіліўшыся ад сацыялагічных канонаў, ён засяродзіў сваю ўвагу на паказе ўсёй драмы вайны праз сярэдняга чалавека ў побытавым разрэзе жыцця, праз яго псіхалагічны выбар у найсуровейшых выпрабаваннях сярэдзіны XX стагоддзя. "Расстаемся ненадоўга" па задуме сваёй — сацыяльна-псіхалагічны раман. Псіхалагічным эксперыментаваннем і абумоўлена абцяжаранасць сюжэта неабавязковымі, хоць і каларытнымі эпізодамі і падрабязнасцямі.

Драматызм пасляваеннага літаратурнага працэсу цяжка разгадваемы ў сваім ушчыльнёным наслаенні ваеннага і мірнага часоў. Канфлікты неймаверна напружанага пасляваеннага жыцця, усе бядоты, нястачы, людское гора спісваліся за кошт ваеннага ліхалецця. На самы цяжар пасляваеннага аднаўлення прыпадаў пік сацыялістычнага эксперымента XX стагоддзя, нізведзеную вайною на нулявы цыкл эканоміку, адкінуты за рысу элементарнага існавання дабрабыт прымусілі суіснаваць з ілюзіямі найшчаслівага камуністычнага заўтра. Заняволеная сацыяльным заказам літаратура спрабуе пратрымацца на ідылічным пафасе казачнага залечвання ран вайны і ператварэння папялішчаў у сады камунізму. Памяткаю антыэстэтыкі бесканфліктнасці застануцца ў беларускай літаратуры некалі расхваленыя аповесці А. Стаховіча "Пад мірным небам" (1948), У. Краўчанкі "Станаўленне" (1947), М. Паслядовіча "Цёплае дыханне" (1948), Т. Хадкевіча "Вяснянка" (1949), якія з-за неглыбокага ведання жыцця, лакіроўкі пасляваенных цяжкасцей застануцца ў разрадзе белетрыстыкі ці, ва ўсякім выпадку, толькі нарысавага разведвання жыццёвых праблем. Нават празаікі з больш-менш рэалістычнай канцэпцыяй рэчаіснасці ў разгар тэорыі бесканфліктнасці збіваюцца на ілюстрацыйную паэтызацыю калгаснага "раю". Так, Янка Брыль, калі яшчэ для аповесці "У Забалоцці днее" (Дзяржаўная прэмія СССР за 1952 г.) і знаходзіў канфлікт у драматызме калектывізацыі заходнебеларускай вёскі, дык у цыкле нарысавых эцюдаў "Дзеля сапраўднай радасці" (1952) абмяжоўваецца ўслаўленнем калгасных будняў, не адважваючыся на колькі-небудзь сур'ёзны аналіз жыццёвых працэсаў.

У магістральнай для беларускай літаратуры вясковай тэме, дзе традыцыйна яна мела нямала творчых адкрыццяў, праблематыка аказалася дашчэнту спустошанай, рэальнае жыццё проста абыходзілася. Выключэнне духоўнага фактару, забарона на агульначалавечы канфлікт дорага абышліся пасляваеннай літаратуры. Падзвіжніцкая, з поўным прыдушэннем жаноцкай годнасці, пераважна ўдовіная праца ад цямна да цямна, бо мужчынам даставаліся кіруючыя пасады, ранняе ўваходжанне ў жыццё абпаленага вайной маладога пакалення, што разам з мацяркамі вынеслі невыносны цяжар пасляваенных гадоў, неаплачаны працадзень і змарнаванне спаконнага тытанічнага працалюбства селяніна безаблічным калектыўным гаспадараннем, — нічога з тых рэальных праблем вёскі не сустракаецца ў пасляваеннай прозе. Выключэннем можна лічыць творы "Сад" (1945), "Не выбралі" (1948) і "Дабрасельцы" (1958) А. Кулакоўскага, дзе пасляваенная вёска паказана досыць рэалістычна (за гэта, дарэчы, сам пісьменнік паплаціўся, будучы амаль што адлучаным ад літаратуры).

У пасляваеннай прозе, хай сабе сціпла, былі прадстаўлены ўсе вымярэнні нацыянальнай рэчаіснасці: за творамі аб нядаўняй вайне і бягучым пасляваенным дні паўставала як бы падводным ярусам айсберга літаратура аб адметных старонках мінулага. Якуб Колас, дапісваючы заключную частку трылогіі "На ростанях" (1954), з вышыні сталага вопыту нязменна, праз пачасавую прызму сваёй маладосці, працягваў асэнсоўваць падзеі пачатку стагоддзя, прадвызначыўшыя драматычныя зрухі і крызісны характар яго падзей.

У блізкай да позняга Я. Коласа манеры, аднак з несумненнай індывідуальнай пячаткай напісаны Я. Брылём яго самыя раннія творы "Сірочы хлеб" (1942-1956), "У сям'і" (1943-1955), "Граніца" (1948). Пад пяром маладога празаіка, у спектры яго светабачання вобразы хлопчыка Даніка, гаротніцы маці, настаўніцы панны Марыі ў "Сірочым хлебе" праменяцца якойсьці дадатковай таямніцай жыцця, бо вельмі ўжо многа ў іх аўтарскага, менавіта аўтабіяфафічнага разгадвання, самапазнання свету.

Лёс Заходняй Беларусі ў прамежжы дзвюх сусветных войнаў — адметная старонка нацыянальнай гісторыі і культуры. Багатая палымянымі падзеямі гістарычная паласа, калі даведзены да адчаю народ у значнай сваёй масе ішоў у падполле, расстаноўка класавых сіл, агульнанароднае, з-пад сялянскіх стрэх абуджэнне нацыянальнай свядомасці, што вылілася ў арганізацыйных формах сялянска-работніцкай Грамады і КПЗБ, знайшлі сваё яскравае адлюстраванне ў заходнебеларускай эпапеі "Сустрэнемся на барыкадах" (1952) Піліпа Пестрака — пісьменніка-рэвалюцыянера, непасрэднага ўдзельніка апісаных падзей. Самы моцны бок рамана зноў жа ў яго дакументальнай падаснове. Не выпадкова А. Фадзееў, які праяўляў жывую цікавасць да дасягненняў беларускай пасляваеннай прозы, называў яго "раманам-хронікай", "раманам-біяграфіяй". Твор да гэтай пары прываблівае асабістай перажытасцю падзей, усё гэта жывая быль, праўдзівая эпоха народнага змагання. Пры ўсіх недахопах псіхалагічнай характарыстыкі і менавіта раманнага разгортвання глыбіннага свету чалавека жыццёва запамінальнымі вобразамі ў творы паўстаюць галоўны герой Андрэй Касцевіч і яго таварыш па барацьбе рамантызаваная Вольга-Надзея (угадваецца прататып Веры Харужай), галерэя змагароў з сялянскага асяроддзя (Дзям'ян Гарагляд, Сцяпан Касцевіч, Міхал Кушалевіч). Традыцыйная цяжкасць выпісвання "новых" тыпаў часткова кампенсуецца каларытнасцю малюнкаў народнага жыцця.


Информация о работе «Літаратура ваеннага i пасляваеннага перыяду»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 49200
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
64814
0
0

... , Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы. Беларуская наступальная аперацыя з’яўляецца адной з самых буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў ІІ сусветнай вайне. Войскі чатырох франтоў наступалі на больш, чым 1 000-кіламетровым фронце і з 23 чэрвеня па 29 ...

Скачать
46272
0
0

... і, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, Ганаровы грамадзянін Мінска. Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на даваенны час, калі, з аднаго боку, у народзе мроіліся надзеі на шчаслівае жыццё, а з другога – паступова ішоў працэс абясцэньвання ранейшых каштоўнасцей. Барабанны грукат уяўных перамог і дасягненняў перакрываў стогн і плач ахвяраў сталі ...

Скачать
29151
0
0

... фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў. 4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў ...

Скачать
34105
0
0

... . Гэта ўжо не «жалезныя людзі» (К. Чорны) першай паловы 20-х гадоў, а сапраўдныя «жывыя людзі», духоўна багатыя і развітыя. Пры ўсіх адмоўных момантах і выдатках у развіцці беларускай «малой» прозы 1920-х гадоў, абумоўленых найперш складанымі сацыяльна-палітычнымі і ідэалагічнымі абставінамі, менавіта ў ёй былі створаны класічныя ўзоры нацыянальнага апавядання, на якія арыентавалася пазнейшая ...

0 комментариев


Наверх