2. Паэзія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Цэнтральнымі тэмамі ў паэзіі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, як і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры, былі дзве: ваеннай і аднаўленчая.

Пасля зведанага людзьмі памежнага падзення цаны жыцця ў гады ваеннага ліхалецця вяртанне доўгачаканага міру, гэтае ваганне шаляў лёсу ад смерці ў быццё перажывалася людзьмі з дзівосным пачуццём першага дня тварэння. Невыказныя станы паяднання вялікіх людскіх мас у радасці выхаду з ваеннай навальніцы ў мірны дзень найбольш моцна і таленавіта адлюстраваліся ў вершах К. Кірэенкі ("На радзіме"), П. Панчанкі ("Першая цішыня"), М. Лужаніна ("Скончыўшы паход") і некат. інш. Разам з тым радасць сканчэння вайны азмрочвалася страшэннымі разбурэннямі на радзіме і велізарнымі чалавечымі стратамі. Гэта адбілася ў такіх вершах, як "Франтавік" П. Панчанкі, "Зварот" П. Глебкі, "...Сумна пахне палын" А. Вялюгіна і цэлым шэрагу іншых твораў.

Узорам патрыятычнай лірыкі да гэтай пары застаюцца вершы паэтаў, якіх лёс закінуў на чужыну ў пасляваенныя гады. Замежны цыкл М. Калачынскага, вайсковыя і пасляваенныя шляхі якога пралеглі праз Балканы, прыдунайскія краіны, Аўстрыю, Германію, і сёння ўспрымаецца як найбольш яркая старонка жыццёвай кнігі паэта. У патрыятычнай тэме сапраўдны росквіт перажывае талент М. Лужаніна, пачатковыя паэтычныя спробы якога адносяцца яшчэ да маладнякоўскай пары. Вершы германскага перыяду 1945—1946 гадоў ("Васілёк", "Дзве вясны", "Драч" і інш.) у праніклівых супастаўленнях свайго і чужога, бо "пяць еўрапейскіх сталіц бачыў занёманскі хлопец", у непаўторнай танальнасці часу даносяць нясцерпную настальгію спакутаванага салдацкага сэрца па айчыне.

Беларуская паэзія чуйна жыла ўзвышанымі пасляваеннымі парываннямі хлебароба, зведаўшы на нейкі час сапраўднае абнаўленне ў традыцыйна вызначальнай для яе вясковай тэме нават ва ўмовах заблытаных вытворчых адносін калектыўнага гаспадарання. Творам, які спалучаў вайну і мірны аднаўленчы будзень, крытыка справядліва называла паэму П. Броўкі "Ясны кут" (1944). Напісаны адразу пасля вызвалення Беларусі, твор у высокім эпічным гучанні ўзнаўляе вобраз краіны-паланянкі са спаленымі селішчамі і скалечанымі лёсамі людзей, ступіўшых з ваеннага ліхалецця ў найцяжэйшую пасляваенную рэальнасць. Пазней у паэме "Хлеб" (1946) П. Броўка выкажа абвостранае галоднымі ваеннымі гадамі, чатырохгадовай адарванасцю ад працы тое рэальнае абуджэнне цягі да зямлі, якое з даваеннай пары аказалася аслабленым у хлебароба, абязлічаным калектыўным землекарыстаннем. У творы, увасобіўшым лепшыя нацыянальныя традыцыі ў асваенні вясковага жыцця, паўстае бясконца дарагі свет працоўных спадзяванняў учарашняга салдата, а сёння сейбіта.

З маладых галасоў былых франтавікоў сваёй агульначалавечай танальнасцю вылучалася паэзія К. Кірэенкі. Уладар паэтавых думак — незабыўныя з маленства краявіды роднага Прысожжа. Паэзія К. Кірэенкі заварожвае танчэйшым імпрэсіянізмам патаемных змен прыродных явішчаў. Лепшыя яго прыродаапісальныя медытацыі "Асенняе рэха" (1945), "Ранак" (1947), "Раніца на Свіцязі" (1948), "Грукні ў акно, вясна" (1948), "Балада пра тэлефон" (1951), "Летняя ноч" (1953) — гэта, па сутнасці, мазаічна складзены чароўны тэатр праходжання пор года, працякання сутак, трыванне дрэў і траў, сціханне прытомленых палёў, долаў і вод на схіле дня...

Пакаленне, на якое лёг увесь цяжар утапічнага сацыяльнага эксперымента, усё ж да канца не згубіла агульначалавечых арыентацый, адчування таямніцы жыццёвых феноменаў. У паэмах П. Панчанкі "Маладосць у паходзе" (1945), А. Куляшова "Новае рэчышча" (1948) і "Толькі ўперад" (1950), М. Лужаніна "Зварот маладосці" (1944, 1957) пад бадзёрысты "Марш энтузіястаў" б'ецца гарачая споведзь пакалення, што ў несупынным ахвярным паходзе дзеля ідэалаў недасяжнай будучыні, "пад вогненным небасхілам" войнаў умела радавацца жыццю, берагчы сяброўскую вернасць і боскую таямніцу кахання, цаніць высакароднае, святое ў чалавеку.

У паэтычным працэсе пасляваеннага перыяду ўзнікаюць розныя творчыя плыні, вядзецца спрэчка мастацкіх "школ". Матэрыял вялікай вайны і суровых пасляваенных гадоў уяўляў суцэльную мастацкую цаліну. У подступах да яго паэты ў першую чаргу рабілі стаўку на фальклорна-літаратурную тыпізацыю, выпрацаваную шляхам шматступеннай аранжыроўкі вусна-паэтычнай спадчыны папярэднімі літаратурнымі пакаленнямі. Найбольш выразна гэта выявілася ў творчасці П. Броўкі і А. Куляшова. П. Броўка ўдала сумясціў лірычныя прыёмы з эпічнай абагуленасцю фальклорнага светасузірання, даўшы цікавы жанравы сімбіёз адычнага стылю. А. Куляшоў праз фальклорнае светабачанне ў паэмах "Ясны кут" і "Хлеб" дасягаў ліра-эпічнага сплаўлення жывой драмы жыцця з ідэалізаванымі памкненнямі грамадскай свядомасці сучасніка, не збіваючыся на апісальны "аповяд у вершах", што пазней, у час асаблівага запанавання тэорыі бесканфліктнасці, дасць пра сябе знаць у такіх яго буйных паэтычных творах, як "Родныя берагі" (1948), "Добры друг" (1949), "Чырвон-гарадок" (1950).

У паэтаў "ваеннай" генерацыі П. Панчанкі, К. Кірэенкі, А. Вялюгіна дамінуе выяўлена лірычнае адлюстраванне жыцця ў магістральным напрамку сусветнай і, у прыватнасці, усходнеславянскай паэзіі, з дасягнутай к гэтаму часу гранічнай вытанчанасцю паэтычнай тэхнікі, псіхалагічнай культуры пачуцця, па-сучаснаму раскаванага паэтычнага слоўніка.

Цікавы паэтычны тып уяўляла паэзія Максіма Танка. Ёю ўвабрана надзвычай многае ад народнай эстэтыкі, пра што сведчылі напісаныя ў пасляваенны час, з рэдкім пераўвасабленем у фальклорную стыхію, песенныя творы: "Няма сцежкі карацейшай" (1952), "Не сумуй жа, браце мой" (1952), "Вяселле" (1953), "Заручыны" (1953) і інш. Але для паэта вельмі важным быў "эксперыментальны" давераснёўскі перыяд, адзначаны інтэнсіўным засваеннем арсеналу еўрапейскай паэзіі, у тым ліку і ў яе мадэрных дасягненнях. Прыёмы навейшай паэзіі — парадокс, самаіронія, гіпербалічнае адушаўленне свету, фабульна разгорнуты асацыятыўны вобраз — і з'явіліся тым паэтычным трансфарматарам, што ўзбуйняў жыццёвую канкрэтыку ў расквечаны, абагулена цэласны нацыянальны космас (вершы "Вясной" (1946), "Другу" (1946), "Добра было б..." (1947), "Стары гасцінец асамотнены" (1946), "Перад зімовым сном палёў" (1948), "На родных сцежках" (1950).

У вершаванай тэхніцы ў цэлым назіраецца спрэчка дзвюх тэндэнцый. З паэтычных эксперыментаў 20-х гадоў прыходзіць перабольшанае захапленне тропікай і перайначанне кампазіцыйнай структуры твора. З класічным ладам верша, што развівае тэму ўсёй сістэмай метрычнага дзеяння паводле ўнутрыінтанацыйнага яго разгортвання, якога прытрымліваюцца яшчэ Якуб Колас ("Рыбакова хата"), Пятро Глебка, часткова Аркадзь Куляшоў і Кастусь Кірэенка, пачынае спаборнічаць "кінематаграфічная" кампазіцыя, дзе асноўны цяжар пераносіцца на аўтаномны мікравобраз, своеасаблівае "пляценне" тропаў. Побач з М. Танкам, П. Панчанкам з іх пераходнымі формамі віртуозным майстрам тропавай, мазаічнай кампазіцыі выявіў сябе А. Вялюгін — вынік колішніх заняткаў у інстытуце кінематаграфіі. З клопатаў гэтай "школы" па аднаўленню формы — тропавы імажынізм і мазаічная кампазіцыя — надоўга запануе ў паэзіі, будзе мець плеяду паслядоўнікаў у пакаленні шасцідзесятнікаў.

Пасляваенны перыяд у беларускай паэзіі не быў роўны. Суровай праўдай рэчаіснасці пазначаны лепшыя творы непасрэдна першых пасляваенных гадоў, на паэзіі ва ўсім адчуваецца яшчэ водсвет вогненнай ваеннай пары. Нават элементы жыццёвай ідэалізацыі яшчэ дараваліся паэзіі, успрымаліся як натуральнае жаданне франтавога пакалення выбавіцца з вялікага гора вайны, на ўсе грудзі ўздыхнуць, наталіцца марай доўгачаканага міру. На жаль, з прыняццем партыйных пастаноў 1946—1948 гг. "Аб часопісах "Звезда" і "Ленинград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", "Аб кінафільме "Большая жизнь", "Аб оперы "Великая дружба" В. Мурадэлі" на працяглы перыяд усталёўваецца жорсткае адміністратыўнае кіраўніцтва культурай, практыка якога крытыкавалася ў пазнейшых урадавых рашэннях як "дапушчэнне яўных перабольшанняў і аднабаковасці ў ацэнцы паасобных твораў". Ва ўмовах канфармісцкай апекі паэзія перажывае глыбокі ўнутраны крызіс, збіваецца на суцэльнае ўсхваленне бясхмарных поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, шукае канфлікты ў афіцыйнай тэме барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм, спыняецца на творчым раздарожжы.

З больш-менш прыкметных твораў гэтага часу можна назваць паэму А. Зарыцкага "Аповесць пра залатое дно" (1953), жыццёвыя калізіі якой уступалі ў яўны канфлікт з прадпісаннямі сацыялістычнага мастацтва. Гэтак званыя маральныя "плямы" грамадства ў творы аказваюцца зусім не спадчынай "выклятага" мінулага, а спараджэннем параўнаўча новай прафесіі навукоўцаў. Раскрыццём у навуковых і асабістых узаемаадносінах дырэктара інстытута прафесара Крушыны, таленавітага вынаходніка Шацілы, што з франтавой пары выношвае мару стварэння "балотнага камбайна", і вучонага сакратара, а затым намесніка дырэктара кар'ерыста Шпунта, які сваім неўтаймоўным дзяляцтвам і махінацыямі здольны загубіць любую жывую справу, — пісьменнік засяроджваў увагу найперш на рэальных агульначалавечых страсцях, выкрываў маральныя язвы сучасніка, першапрычыну вытворчых, эканамічных і ўсіх іншых канфліктаў і перашкод грамадскаму прагрэсу.


Информация о работе «Літаратура ваеннага i пасляваеннага перыяду»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 49200
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
64814
0
0

... , Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы. Беларуская наступальная аперацыя з’яўляецца адной з самых буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў ІІ сусветнай вайне. Войскі чатырох франтоў наступалі на больш, чым 1 000-кіламетровым фронце і з 23 чэрвеня па 29 ...

Скачать
46272
0
0

... і, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, Ганаровы грамадзянін Мінска. Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на даваенны час, калі, з аднаго боку, у народзе мроіліся надзеі на шчаслівае жыццё, а з другога – паступова ішоў працэс абясцэньвання ранейшых каштоўнасцей. Барабанны грукат уяўных перамог і дасягненняў перакрываў стогн і плач ахвяраў сталі ...

Скачать
29151
0
0

... фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў. 4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў ...

Скачать
34105
0
0

... . Гэта ўжо не «жалезныя людзі» (К. Чорны) першай паловы 20-х гадоў, а сапраўдныя «жывыя людзі», духоўна багатыя і развітыя. Пры ўсіх адмоўных момантах і выдатках у развіцці беларускай «малой» прозы 1920-х гадоў, абумоўленых найперш складанымі сацыяльна-палітычнымі і ідэалагічнымі абставінамі, менавіта ў ёй былі створаны класічныя ўзоры нацыянальнага апавядання, на якія арыентавалася пазнейшая ...

0 комментариев


Наверх