1.2 Персанаж і аўтар

персанаж аўтар твор

Адносіны аўтара да свайго героя могуць быць ці адчужанымі (у пераважнай большасці выпадкаў), ці мець прыкметы пэўнай унутранай роднаснасці. Аўтар (хоча ён таго ці не) заўсёды выражае праз мастацкую тканіну твора свае адносіны да персанажа: да яго пазіцыі, светапогляду, каштоўнасных арыентацый і г. д. Нейтральным аўтар, нават у сітуацыях, калі падкрэсліваецца непрадузятасць і аб’ектыўнасць абмалёўкі персанажаў (асабліва гэта практыкавалі пісьменнікі-натуралісты другой паловы ХІХ ст. – Э. Заля, Г. Флабэр, Г. дэ Мапасан і інш.), быць не можа.

Паміж пісьменнікам і яго персанажамі заўсёды існуе пэўная дыстанцыя, нават у творах аўтабіяграфічнага жанру, таму што пісьменнік асэнсоўвае ўласны жыццёвы вопыт, як правіла, з пэўнай часавай адлегласці.

Персанажы знаходзяцца і дзейнічаюць у мастацкіх творах «па законах жыцця» пад непасрэдным «наглядам» аўтара. Яны – аўтарскія стварэнні. Разам з тым некаторыя героі пры ўсёй цеснай сувязі з творамі, дзе яны «нарадзіліся», і адпаведна з аўтарам, што вывеў іх на свет, здольныя пакідаць гэтыя творы і пачынаць жыць самастойным жыццём, непадуладным аўтарскай волі. Яны набываюць статут свайго роду сімвалаў пэўнага светасузірання, застаючыся пры гэтым непаўторнымі як індывідуальнасці. Такімі героямі з’яўляюцца, напрыклад, Гамлет, Дон Кіхот, Тарцюф, Фауст і некат. інш. для культуры сусветнай; Чацкі, Таццяна Ларына, Наталля Растова, Абломаў і інш. для культуры рускай; Паўлінка, Пісарэвіч («Жартаўлівы Пісарэвіч» М. Гарэцкага), Саўка («Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча) і некат. інш. для беларускай культуры.

Папулярнасць і высокі сацыяльны статут такога роду персанажаў часам падштурхоўваюць некаторых пісьменнікаў унесці сваю ўласную лепту ў грамадска-культурнае «жыццё» чужых славутых літаратурных герояў. Ёсць такія факты і беларускай літаратуры. Так, у пачатку 1920-х гг. вядомы беларускі драматург Ф. Аляхновіч узяўся «дапрацаваць» быццам бы сюжэтна незавершаную «Паўлінку» Я. Купалы і напісаў аднаактоўку «Заручыны Паўлінкі», у якой усё-такі намеціў шлях да шлюбу галоўнай гераіні з яе каханым – Якімам Сарокам.

Знакамітыя літаратурныя персанажы могуць жыць самастойным жыццём, незалежна ад іх стваральнікаў, не толькі ў літаратурных тэкстах (маюцца на ўвазе творы-наследаванні, дапрацоўкі, рэмінісцэнцыі і г. д.) і публіцыстыцы, але і ў творах іншых відаў мастацтва: у музыцы, жывапісе, скульптуры і г. д. У свеце існуе нават практыка ўзвядзення помнікаў літаратурным героям (напрыклад, помнік Дон Кіхоту і Санча Пансе ў Мадрыдзе).


1.3 Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм

У персанажы, як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д., вылучаецца ўнутранае і знешняе.

Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму.

На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа.

Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць тут творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога надзвычай багатыя сваім душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя».

Пасля некаторага перапынку ў класіцыстычную эпоху псіхалагізм актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры к другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.-Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.).

Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (героі паэм Дж. Байрана, А. Пушкіна, М. Лермантава і інш.).

Аб ХІХ жа стагоддзі, і асабліва аб другой яго палове, можна ўжо весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы.

Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо стала ўвайшоў у сусветную літаратуру і замацаваўся ў ёй, нельга гаварыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спачатку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэтым плане вызначыліся футурысты), а затым і радыкальная савецкая (А. Луначарскі, пралеткультаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай пачалі адносіцца да перадачы пісьменнікамі нюансаў складанага духоўнага стану асобы, прызываючы звяртаць больш увагі на адлюстраванне матэрыяльнага свету.

Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей магчымасцей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоўнай вобразнасці прыгожага пісьменства, апеліруючай не толькі да пачуццяў, але і непасрэдна да розуму чалавека, яго інтэлекту,– шматстайны ў сваіх прыёмах і сродках выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя разнавіднасці і формы выяўлення.

Па-першае, псіхалагізм, па В. Халізеву, можа быць яўным, адкрытым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «падтэкставым». Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую – І. Тургенева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў.

Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з вядучых сучасных рускіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вылучае тры: прамую, ускосную і сумарна-абазначальную. Першая з іх перадае ўнутраны свет персанажаў шляхам непасрэднай аўтарскай перадачы-расповеду аб тым, што творыцца ў душах герояў. Другая адлюстроўвае ўнутраны свет персанажаў «праз знешнія сімптомы», г. зн. праз перадачу мімікі, жэстаў, асаблівасцей рухаў і інш. І трэцяя паведамляе аб думках і пачуццях герояў «з дапамогай называння, гранічна сціслага абазначэння тых працэсаў, што працякаюць ва ўнутраным свеце».

У межах названых форм існуе шмат канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца:

1) апавяданне ад першай асобы;

2) апавяданне ад трэцяй асобы;

3) няўласна-простая ўнутраная мова;

4) сумеснае ўжыванне апавядання ад першай асобы і апавядання ад трэцяй асобы з іх чаргаваннем, а таксама паралельным выкарыстаннем няўласна-простай унутранай мовы;

5) псіхалагічны аналіз і самааналіз (раздзяленне складанага душэўнага стану на пэўныя элементы-часцінкі);

6) унутраны маналог (пры ўмове давядзення яго да сваёй лагічнай мяжы ён можа перарастаць у «плынь свядомасці»);

7) «дыялектыка душы»;

8) «мэтавае» псіхалачна-адцяняючае і параўнальнае выкарыстанне партрэтных і пейзажных дэталей, а таксама дэталей рэчыўнага свету.

Як бачна, канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў адлюстравання душэўнага стану персанажа, стварэння яго ўнутранай псіхалагічнай карціны даволі многа. Галоўнае, каб пісьменнік творча, умела і па прызначэнню карыстаўся імі.

Наогул жа практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная.



Информация о работе «Персанаж ў мастацкім творы»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 28640
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
51925
0
0

... , мае для літаратурнага стылю важнейшае значэнне». Пад стылем (ад ст.-грэч. stylos – завостраная палачка для пісьма на васковых дошчачках) падразумяваецца эстэтычнае адзінства ўсіх кампанентаў вобразна-экспрэсіўнай формы твора, якое скіравана на раскрыццё і ўвасабленне цэласнага мастацкага зместу. Гэта ўстойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, сродкаў мастацкай выразнасці, якая валодае, як прав ...

Скачать
136497
1
0

... сапраўдную народную мову, прытым іншы раз з такой этнаграфічнай дакладнасцю, што можна тэрытарыяльна лакалізаваць мову персанажаў, а іншы раз і мову самога аўтара.1 У творах І.Пташнікава дыялектызмы выступаюць не як іншародныя ўкрапванні, а запаўняюць прабелы літаратурнай мовы, надаючы ёй пластычнасць і каларытнасць, таму што ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне шматвекавая гі ...

Скачать
27793
0
0

... і. 2.2 Пафас, яго разнавіднасці Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць ...

Скачать
24496
0
0

... вывучэння iх выкарыстоўваць немэтазгодна. 3. Публiцыстычныя творы XVI – XVIII ст.   У гэты перыяд развіваецца кнігадрукаванне, і таму неабходна адзначыць, што літаратуразнаўцы ўмоўна падзяляюць гісторыка-літаратурныя творы на рукапісныя і друкаваныя. Да рукапісных яны адносяць тыя матэрыялы, якія засталіся ў асабістым архіве пісьменніка і зберагліся незалежна ад таго, надрукаваныя яны ці не ...

0 комментариев


Наверх