1.6 Моўна-стылёвыя асаблівасці твора

 

1.6.1 Склад і спецыфіка мастацкай мовы

У літаратуры як мастацтве слова сродкам адлюстравання і перадачы жыцця з’яўляецца мова. Гэта «першаэлемент» (М. Горкі) мастацкай літаратуры, «матэрыял і інструмент» (Я. Колас) пісьменніка. Менавіта ў мове «атрымліваюць канчатковае афармленне ідэі і вобразы, сюжэтна-кампазіцыйныя і жанравыя асаблівасці мастацкіх твораў».

Мастацкая мова – гэта «сістэма, якая грунтуецца на нацыянальнай мове і найбольш поўна выяўляе яе творчыя магчымасці паводле слоўнавобразнага (пісьмовага) адлюстравання рэчіснасці». Яна «шырока карыстаецца фанетыка-марфалагічнымі, лексіка-фразеалагічнымі, інтанацыйна-сінтаксічнымі сродкамі. Мае пэўную адметнасць у залежнасці ад таго, у якіх відах літаратуры (паэзіі ці прозе) выкарыстоўваецца, у які час і якія пісьменнікі да яе звяртаюцца».

Сістэма моўна-выяўленчых сродкаў, асноўныя складнікі якой пункцірна абазначаны В. Рагойшам у прыведзенай намі цытаце, досыць разгалінаваная. Аднымі з найбольш распаўсюджаных у ёй з’яўляюцца лексіка-фразеалагічныя сродкі.

Вельмі важнае значэнне пры напісанні мастацкага твора адводзіцца ўмеламу выкарыстанню аўтарам сінонімаў, антонімаў, амонімаў і паронімаў, амографаў і амафонаў, фразеалагізмаў – сродкаў, якія шырока бытуюць у літаратурнай мове народа і ўжываюцца практычна ўсімі яе носьбітамі без нейкага абмежавання.

М. Лазарук і А. Ленсу называюць дадзеныя лексічныя адзінкі агульнанароднымі альбо агульнаўжывальнымі сродкамі ў складзе мовы твораў мастацкай літаратуры. Яшчэ іх імянуюць актыўнай лексікай.

Не так шырока, як першая разнавіднасць лексічных сродкаў, але ж усё-такі даволі часта і ў асноўным з мэтай індывідуалізацыі вобразаў-персанажаў, а таксама для перадачы каларыту часу, эпохі, асаблівасцей нейкага этнаграфічнага рэгіёна ці краіны, прыкмет сацыяльнай групы, асяроддзя, прафесійнага стану, роду заняткаў і г. д. выкарыстоўваецца ў мове мастацкай літаратуры спецыфічная, паводле М. Лазарука і А. Ленсу, лексіка (часта яе імянуюць таксама пасіўнай лексікай ці лексікай абмежаванай сферы ўжывання), якую складаюць архаізмы і гістарызмы, дыялектызмы (правінцыялізмы), варварызмы, вульгарызмы, жарганізмы, прафесіяналізмы, неалагізмы. Да разраду спецыфічнай лексікі прымыкаюць і аўтарскія наватворы.

Надзвычай важная роля ў мастацкай мове, і асабліва ў мове паэтычных твораў, адводзіцца тропам альбо спецыяльным сродкам, паводле тэрміналогіі М. Лазарука і А. Ленсу. Тропаў, якія ўтвараюць сістэму пераносных значэнняў слоў, даволі многа. Найбольш распаўсюджаныя сярод іх – гэта эпітэт, параўнанне, метафара, алегорыя, сімвал, перыфраза, метанімія, гіпербала, літота, эўфемізм, іронія, сарказм.

В. Рагойша звяртае ўвагу на важную ролю ў агульным лексіка-фразеалагічным выяўленчым радзе анамастычных сродкаў, з якіх вылучаюцца антрапаніміка (імёны і прозвішчы людзей) і тапаніміка (геаграфічныя назвы). «Прычым, – зазначае вучоны, – у творчасці пісьменнікаў анамастыка, як правіла, матывавана ідэйна-сэнсавымі і мастацка-выяўленчымі задачамі, узгоднена з законамі роднай мовы. Асобныя онімы (назвы і імёны) становяцца нярэдка назвамі твораў ці іх раздзелаў («Ганка» У. Галубка, «Барбара Радзівіл» Р. Баравіковай, «Ніжнія Байдуны» Я. Брыля, «Ясельда» Я. Янішчыц), асобных вершаваных ці празаічных зборнікаў («Beralle» Р. Барадуліна, «Наталля» Я. Скрыгана, «Азбука Васі Вясёлкіна» В. Віткі). У творчасці кожнага значнага пісьменніка выкарыстоўваюцца сотні, нават тысячы онімаў».

Марфалагічныя выяўленчыя асаблівасці мовы рэалізуюцца ў асноўным праз наданне экспрэсіўных значэнняў кораням слоў, іх суфіксам і прэфіксам.

Майстэрства пісьменніка выяўляецца не толькі ва ўмелым выкарыстанні лексіка-фразеалагічных багаццяў мовы, але і ў тым, наколькі ён добра адчувае слова. Асабліва важна гэта для паэтаў.

Фанетычныя выяўленчыя асаблівасці мастацкай мовы рэалізуюцца з дапамогай гукапісу альбо інструментоўкі. Гэта такія гукавыя паўторы ў мастацкай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць. Сярод іх вылучаюць гукавую анафару, эпіфару, кальцо, стык. Асобнымі відамі гукапісу, апрача названых, з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, гукаперайманне. Усе элементы гукапісу ў літаратурнай практыцы выкарыстоўваюцца, як правіла, «у спалучэнні, суадносяцца з лексікай, інтанацыйна-сінтаксічнай арганізацыяй твора».

Інтанацыйна-сінтаксічная арганізацыя твора альбо літаратурны сінтаксіс, альбо, урэшце, паэтычны сінтаксіс – яшчэ адзін вельмі важны момант у яго агульнай моўна-выяўленчай сістэме. Да сінтаксічных выяўленчых сродкаў адносяць інверсію, недасказ, рытарычныя фігуры, паралелізм, разнастайныя паўторы і г. д. Як слушна зазначаюць М. Лазарук і А. Ленсу, «усё багацце сродкаў паэтычнага сінтаксісу, а тым больш разнастайныя стылёвыя значэнні, якія яны набываюць у кожным канкрэтным выпадку, пералічыць немагчыма. Зрэшты, у гэтым няма патрэбы, бо аналіз паэтычнага сінтаксісу не зводзіцца да адшуквання стылістычных фігур. Сінтаксіс мастацкага твора – не простая сума розных фігур, а іх пэўная сістэма, прычым сістэма складаная, абумоўленая зместам, вобразнымі асаблівасцямі твора. Выявіць гэтую абумоўленасць – вось галоўнае ў літаратуразнаўчым аналізе».

Адрозненне мастацкай мовы ад літаратурнай (у шырокім сэнсе, г. зн. унармаванай і ўпарадкаванай мовы пэўнага народа) не толькі ў насычанасці яе тканіны вобразна-выяўленчымі фігурамі і сродкамі. Спецыфіка мовы твораў мастацкай літаратуры таксама і ў тым, што яна «намнога болей, чым іншыя тыпы выказванняў, і, галоўнае, па неабходнасці мае схільнасць да выразнасці і строгай арганізаванасці. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам, а таму не прымае якога-небудзь пераафармлення, перабудовы. У сувязі з гэтым мастацкая мова патрабуе ад таго, хто ўспрымае яе, пільнай увагі не толькі да прадмета паведамлення, але і да яе ўласных форм, да яе цэласнай тканіны, да яе адценняў і нюансаў».

Мастацкая мова функцыянуе ў двух асноўных формах – вершаванай (паэзія) і невершаванай (проза), якія многімі сваімі рысамі і якасцямі адрозніваюцца адна ад другой. «Вершаваная форма «выціскае» практычна з усіх слоў максімум выяўленчых магчымасцей, з асаблівай сілай прыкоўвае ўвагу да слоўнай тканіны самой па сабе і гучання выказвання, надаючы яму як бы гранічную эмацыянальна-сэнсавую насычанасць». Слоўная экспрэсія, імкненне да моватворчасці, яскрава выражаны эстэтычны пачатак – дадзеныя якасці і прыкметы як бы ўзвышаюць пэўным чынам паэзію над прозай. Разам з тым і ў прозы ёсць свае унікальныя якасці і ўласцівасці, якія дазваляюць ёй у многіх момантах не толькі не саступаць прозе, але і пераўзыходзіць яе. Пры звароце да прозы перад пісьменікам «адкрываюцца шырокія магчымасці моўнай шматстайнасці, спалучэнне ў адным і тым жа тэксце розных манер думаць і выказвацца». Паэзія, як правіла, маналагічная. Проза ж дыялагічная, і ў гэтым яе несумненная станоўчая якасць. Акрамя таго, проза імкнецца да канстатуючага, абазначальнага слова, пазаэмацыянальнага і «нестылёвага». У ёй найбольш поўна і шырока выкарыстоўваюцца адлюстроўваючыя і пазнавальныя магчымасці мовы.

Вершаваная і празаічная мова таксама адрозніваюцца паміж сабой тым, што першая, як правіла, арганізавана рытмам – раўнамерным чаргаваннем моўных адзінак (складоў ці націскаў, радкоў, гукаспалучэнняў і г. д.). Дарэчы, сустракаецца ў літаратуры і г. зв. рытмічная проза («Песня пра Сокала» М. Горкага, «Пэўна, любіце вы, пане» М. Багдановіча і інш.), аднак гэта хутчэй выключэнне, чым заканамернасць.

У некаторых творах мастацкай літаратуры (звычайна там, дзе адлюстроўваецца жыццё пэўных сацыяльных, прафесійных і інш. слаёў, груп, калектываў і г. д.) істотна розняцца паміж сабой уласна аўтарская мова і мова персанажаў (г. зв. рознамоўе альбо рознагалоссе). Калі першая, як правіла, унармаваная і ўпарадкаваная, г. зн. з’яўляецца літаратурнай у шырокім сэнсе гэтага слова, дык другая можа мець у сваім складзе элементы прастамоўя, жаргону, дыялектных гаворак і іншых слоў і выразаў з разраду спецыфічнай лексікі. Акрамя таго, мова дзеючых асоб паводле сваёй сінтаксічнай будовы вельмі блізкая да гутарковай.


Информация о работе «Кампаненты-складнікі змястоўнай формы твора»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 51925
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
27793
0
0

... і. 2.2 Пафас, яго разнавіднасці Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць ...

Скачать
57116
2
0

... плённа ўзаемадзейныя тэндэнцыі мастацкай вобразнасці". Акрамя мастацкага вымыслу ёсць яшчэ адно паняцце, без усведамлення якога нельга глыбока і па-сапраўднаму разабрацца ў сутнасці і спецыфіцы мастацкага вобраза, ва ўсякім разе, найбольш распаўсюджанага вобраза ў мастацтве - рэалістычнага. Гэта паняцце тыповага (тыпізацыі). Слова "тып" (тыповае) выкарыстоўваецца ў дачыненні да мастацтва ў двух ...

Скачать
44962
0
0

... асобных жанрах публітыстычнага). Асаблівасці жывога, вуснага маўлення вызначаюць у большасці асаблівасці размоўнага стылю, для якога характэрна нязмушанасць, суб'ектыўнасць, дыялагічнасць і эмацыянальнасць. белоруская мова культура вымаўлення 7. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення Каб трывала авалодаць арфаэпічнымі нормамі, трэба не толькі ўмець дакладна вымаўляць гукі, з якіх ...

Скачать
13048
0
0

чарадзейныя казкі і сацыяльна - бытавыя. Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму - адной з самых старажытных рэлігій чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма - ...

0 комментариев


Наверх