1.9 Школа «плыні свядомасці»

Разгляд дадзенага пытання пачнём з напаміну, што трэба адрозніваць «плынь свядомасці» як асобны прыём, што ўжываецца пісьменнікамі побач з іншымі прыёмамі мастацкага псіхалагічнага аналізу, і «плынь свядомасці» як цэлы накірунак, школу ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХХ ст., прадстаўнікі якой абсалютызуюць дадзены прыём ва ўласнай творчасці, даводзячы пры гэтым яго даволі часта да крайніх форм.

Літаратура «плыні свядомасці» (англ. stream of consciousness) – творы, у якіх непасрэдна ўзнаўляецца душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін «плынь свядомасці» належыць амерыканскаму філосафу і псіхолагу У. Джэймсу, які сцвярджаў, што свядомасць – гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, нечаканыя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адзін аднаго, алагічна пераплятаюцца.

Як мастацкі метад і стыль «плынь свядомасці» ўяўляе сабой крайнюю ступень і форму ўнутранага маналога, у якім аб’ектыўныя сувязі з рэальным асяроддзем узнавіць надзвычай цяжка, наогул амаль што немагчыма.

Папярэднікамі дадзенай школы яе прадстаўнікі лічаць англійскага пісьменніка ХVІІІ ст. Л. Стэрна, аўтара шматтомнага рамана «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі», а таксама Л. Талстога, які адкрыў новы этап у распрацоўцы сродкаў псіхалагічнага аналізу.

Адным з класічных прадстаўнікоў школы «плыні свядомасці» лічыцца англійскі пісьменнік Дж. Джойс з яго вядомым «Улісам» (1922), а таксама раманам «Памінкі па Фінегату» (1939). Акрамя гэтага пісьменніка школу «плыні свядомасці» прадстаўляюць У. Фолкнер, Г. Стайн (ЗША), В. Вулф (Англія). Вялікае месца займае «плынь свядомасці» ў шматтомным рамане М. Пруста «У пошуках згубленага часу», над якім пісьменнік працаваў з 1905 па 1922 гг., «аднак тут асацыятыўны расповед бліжэй да ўнутранага маналога, у большай ступені (за шэрагам выключэнняў) лагічны, да таго ж у рамане праяўляюцца і іншыя мастацкія метады, найперш – імпрэсіянізм і рэалізм».

Як мастацкі прыём «плынь свядомасці» выкарыстоўваецца і ва ўласна рэалістычнай літаратуры, у тым ліку і беларускай, аб чым сведчаць раннія раманы К. Чорнага.

Школа «плыні свядомасці», пік у развіцці якой прыпадае на 1920–1930 гг., аказала пэўны ўплыў на станаўленне французскага «новага рамана», англійскага рамана «малой тэмы» (Э. Поуэл, П.Х. Джонсан), нямецкага сацыяльна-псіхалагічнага рамана (У. Йонсан, А. Андэрш).

1.10 «Новы раман»

«Новы раман» («неараман» альбо «антыраман») – умоўны тэрмін, што служыць для абазначэння шэрагу твораў французскіх пісьменнікаў, у прыватнасці, «Трапізмы» (1938), «Планетарый» (1959), «Залатыя плады» (1963), «Вы чуеце іх?» (1972) Н. Сарот, «Змены» (1957) М. Бютора, «У лабірынце» (1959) А. Роб-Грыйе, «Дарогі Фландрыі» (1960) К. Сімона і некат. інш., дзе адмаўляецца традыцыйная тэхніка празаічнага выкладу матэрыялу і зроблены спробы выпрацаваць новыя прыёмы, заснаваныя на бясфабульнасці і безгеройнасці.

Прадстаўнікі «новага рамана» лічаць, што традыцыйны раман стаў анахранізмам, зжыў сябе. Згодна з А. Роб-Грыйе, галоўнае месца ў «новым рамане» павіны заняць рэчы і прадметы, а не асоба з яе душэўным станам. Знешні свет рэчаў кажа нам значна болей, чым глыбіні чалавечай душы. У «новым рамане» не павінна быць таксама месца для аўтарскіх разваг. Гэта асноўныя пасылкі артыкула А. Роб-Грыйе «Шлях будучага рамана» (1956).

Н. Сарот перабудову раманнай структуры павяла ў крыху іншым накірунку. У праграмнай працы «Эра падазрэння» (1956) яна зыходзіла з тэзіса ўстарэласці самога паняцця асобы. Згодна з Н. Сарот, герой рамана, пачынаючы з Бальзака, паступова губляў свае асноўныя якасці – продкаў, уласнасць, вопратку, цела і, урэшце, характар. Герой сучаснага рамана – гэта істота бясконтурная, няпэўная, няўлоўная і нават нябачная, нейкае ананімнае «я», якое найчасцей за ўсё з’яўляецца адлюстраваннем аўтара. Пісьменніца засяродзілася на псіхалагічным стане такога свайго «няпэўнага» героя. На яе думку, галоўнай задачай раманіста павінна стаць даследаванне падсвядомага, «тайнае змярканне душы». Фабулу і дзеянне ў творы павінен замяніць дыялог як сродак раскрыцця рухаў душы.

М. Бютор культываваў «паліфанічныя тэксты», у якіх былі сумешчаны мазаіка думак, успрыманняў з элементамі эсэістыкі, што давала ў выніку «міфалагему» пэўнай цывілізацыі.

 Як зазначае С. Велікоўскі, «у шэрагу выпадкаў прыёмы пісьма «неараманістаў» атрымалі змястоўнае напаўненне («Змены» Бютона, «Дарогі Фландрыі» Сімона, «Вы чуеце іх?» Сарот). Аднак адказ ад абмалёўкі цэласных характараў і звядзенне на нішто сюжэтнага разгортвання, супрацьпастаўленне пазнавальнай здольнасці мастацтва і яго каштоўнасна-сэнсавай накіраванасці нярэдка заводзяць эксперыментатарства «неараманістаў», і асабліва іх пераемнікаў па «тэкстуальнаму пісьму» (Ф. Солерс, Ж. Рыкарду з яго «новым новым раманам» і інш.), у тупік самадастатковай пісьменніцкай тэхналогіі».

С. Велікоўскі ў прыведзенай вышэй цытаце ўказаў на асноўныя шляхі эвалюцыі «новага рамана»: гэта стварэнне яшчэ навейшага – «новага новага рамана» альбо «рамана-тэксту» структуралісцкага і постструктуралісцкага кшталту.

Своеасаблівым водгукам на пошукі «неараманістаў», а таксама на шматлікія спрэчкі і дыскусіі вакол шляхоў развіцця рамана ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХХ ст. стаў артыкул «Хлеб літаратуры» (1964) слыннага беларускага празаіка І. Шамякіна.


Информация о работе «Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм і постмадэрнізм як напрамкi лiтаратуры i мастацтва»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 54585
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх