1.8 Экзістэнцыялізм

Экзістэнцыялізмам (ад лац. exsistentia – існаванне) імянуецца своеасаблівы філасофска-эстэтычны рух ХХ ст., які адносна моцна выявіў сябе таксама і ў мастацкай літаратуры.

Як літаратурная плынь экзістэнцыялізм пачаў фарміравацца ў французскай літаратуры ў сярэдзіне 1930-х гг. у творчасці філосафаў і пісьменнікаў Ж.-П. Сартра, А. Камю, С. дэ Бавуара. Разам з тым яго філасофскія вытокі ляжаць раней, у самым пачатку ХХ ст., у працах нямецкага філосафа К. Ясперса, датчаніна С. К’еркегора, рускіх мысліцеляў Л. Шастова і М. Бярдзяева. Падкрэслім, што менавіта ў пачатку ХХ ст. пачалося філасофскае асэнсаванне чалавечай «экзістэнцыі» і пабудова на гэтай аснове цэлай светапогляднай сістэмы. Мастацкія ж вытокі асэнсавання «экзістэнцыі» (г. зв. «экзістэнцыяльныя матывы» ў творчасці пісьменнікаў і мастакоў наогул) ляжаць вельмі-вельмі глыбока, літаральна ў самых першых кроках сталага мастацтва і праходзяць «чырвонай ніткай» праз творчасць многіх буйных пісьменнікаў. Адной з ключавых фігур у гэтым плане стаў у сусветнай літаратуры Ф. Дастаеўскі з яго цяжкімі маральна-філасофскімі пошукамі ў творчасці.

«Філасофія існавання» аперыруе такімі катэгорыямі, як «клопат», «трывога», «роспач», «адчай», «закінутасць», «адзінота», «варожасць свету», што перадаюць надзвычай складаны і супярэчлівы стан асобы ў дастаткова моцнай ступені выяўленых антыгуманістычных варунках грамадскага развіцця чалавецтва ў ХХ ст. (татальнае нівеліраванне асобы, адчужэнне яе ад грамадства; зністажальныя вынікі дзвюх сусветных войнаў; пагроза ядзернай катастрофы; шматлікія прыродныя катаклізмы,). Ды, урэшце, на думку многіх экзістэнцыялістаў, сама трагічная існасць чалавечага жыцця ў выніку непазбежнай смерці напрыканцы яго з’яўляецца нічым іншым, як абсурдам.

Назіраючы «крызіс эпохі», экзістэнцыялісты фіксуюць незваротную страту ў ёй духоўнага сэнсу і каштоўнасцей. Асноўная афарбаванасць стану быцця чалавека ў варожым яму свеце – гэта страх, пачуццё адзіноцтва, пакуты сумлення. Разам з тым экзістэнцыялісты «імкнуліся не толькі адлюстраваць і асэнсаваць сітуацыю, у якой аказаўся сучасны чалавек, але і даць яму магчымасць глянуць у твар цяжкой ісціне свету, знайсці свой асабісты шлях».

У філасофскім экзістэнцыялізме вылучаюць дзве разнавіднасці: хрысціянска-рэлігійную (К. Ясперс, Г. Марсель, М. Бярдзяеў) і атэістычную (Ж.-П. Сартр, А. Камю, М. Хайдэгер). Менавіта апошняя атрымала шырокае распаўсюджанне ў мастацкай літаратуры.

Ж.-П. Сартр у сваім філасофскім трактаце «Быццё і небыццё» (1943) асэнсаваў жыццё чалавека як безупынныя ўцёкі ад смерці і паўсядзённасці. Чалавек адзінокі і закінуты ў свеце. Боская прадвызначанасць чалавечага лёсу – поўная выдумка. А раз так, дык чалавек цалкам адказны за самога сябе. Спасцігаючы сваю «экзістэнцыю» (гэта адбываецца звычайна ў «пагранічных сітуацыях», да якіх адносяцца барацьба, пакуты, смерць), чалавек набывае свабоду, якая ёсць выбар самога сябе, сваёй сутнасці. Апошняе накладвае на чалавека адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. Такім чынам, чалавек трактуецца перш за ўсё як істота, што прыносіць сваё жыццё ў ахвяру ўласнай прадвызначанасці. Разважанні Сартра аб адказнасці індывідуума за ўсё, што адбываецца ў свеце, прыцягнулі да экзістэнцыялізму шырокую ўвагу грамадскасці і вялікую колькасць прыхільнікаў у час Другой сусветнай вайны, калі фашызм мог быць пераможаны толькі сумеснымі намаганнямі.

Ідэі Сартра-філосафа знайшлі сваё непасрэднае выражэнне ў яго мастацкай творчасці, у прыватнасці, у раманах «Млоснасць» (1938), «Шлях свабоды» (1949), п’есе «Мухі» (1943) і інш. творах.

Крыху іншы варыянт атэістычнага экзістэнцыялізму адлюстраваўся ў творчасці А. Камю. У сваім эсэ «Міф аб Сізіфе» (1942) Камю адштурхоўваўся ад паняцця першапачатковай абсурднасці свету. Са смерцю Бога чалавек губляе сэнс свайго існавання. Чалавек, прадстаўлены толькі самому сабе, становіцца чужым у гэтым свеце. Яго вельмі часта апаноўвае думка: а ці наогул трэба працягваць жыць, калі жыццё пазбаўлена ўсякага сэнсу і мэты?! І А. Камю адказвае на дадзенае пытанне даволі нечакана і нават крыху парадаксальна – так, трэба працягваць жыць, жыць наперакор усяму, дзейнічаць без надзеі нават на невялічкі поспех. Менавіта ў гэтым заключаецца сапраўдная мужнасць і годнасць чалавека.

Мастацкая рэалізацыя філасофскіх ідэй А. Камю ажыццёўлена ім самім у рамане «Чума» (1947), а таксама ў п’есе «Праведныя» (1949).

Як зазначае Г. Адамовіч, «філасофія існавання» (у сэнсе сістэмы светапогляду – В. Я.) зусім не закранула настрой думак прадстаўнікоў беларускай культуры. Але некаторыя творы асобных беларускіх аўтараў сугучныя экзістэнцыялізму. Верш М. Багдановіча «Ой чаму я стаў паэтам…» быццам прасякнуты экзістэнцыялісцкім матывам канечнасці, няпэўнасці жыцця, але ў той жа час з’яўляецца і аспрэчваннем гэтага сцверджання. Пачуццё бязвыхаднасці, безабароннасць уласнага жыцця выяўляюцца ў «гранічнай сітуацыі» – на фізічна адчувальнай мяжы са смерцю («Грудзі ныюць, цела вяне»), але на гэтай мяжы жыццё ўспрымаецца як поўнае і цэльнае <...>. Смяротна хворага паэта ратуе ад поўнага ўпадку духу думка аб радзіме: «І толькі на цябе надзея, Край родны мой!» (верш «Даўно ўжо целам я хварэю…»), вера ў вышэйшае прызначэнне чалавека на зямлі (верш «Жывеш не вечна чалавек») і інш. У гэтай жа плыні жыццесцвярджэння, нягледзячы на экзістэнцыялісцкае перажыванне свайго «быцця-ў-свеце», вырашаецца праблема экзістэнцыі ў А. Разанава («Першая паэма шляху» і інш.). <...> У беларускай прозе блізкасць да экзістэнцыялізму выразней выяўляецца ў «гранічных сітуацыях» (раман «Млечны шлях» К. Чорнага, аповесці «Альпійская балада», «Сотнікаў» і інш. В. Быкава), прычым сапраўднымі героямі, людзьмі застаюцца тыя, хто, нягледзячы на пагрозу смерці, выконвае свой чалавечы абавязак перад народам, перад радзімай».

К канцу 1950-х гг. экзістэнцыялізм як літаратурна-мастацкая плынь вычарпаў сябе, аднак у той альбо іншай ступені паўплываў на некаторыя постмадэрнісцкія новаўтварэнні (школу «новага рамана», тэатр абсурду і інш.), а таксама на творчасць шэрагу буйных прадстаўнікоў рэалістычнай літаратуры, у тым ліку і беларускіх аўтараў, пра што ўжо гаварылася крыху вышэй.


Информация о работе «Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм і постмадэрнізм як напрамкi лiтаратуры i мастацтва»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 54585
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх