Курсавая работа

на тэму

“Судовы лад Вялікага княства Літоўскага”


выканала:



План:

Уводзіны

І. Вышэйшыя судовыя органы дзяржавы

1.   Вялікакняскі (гаспадарскі) суд

2.   Суд паноў-рады, соймавы суд

3.   Камісарскі і маршалкоўскі суды

4.   Галоўны суд (Трыбунал), скарбавы трыбунал

5.   Духоўны суд

ІІ. Мясцовыя судовыя органы

1.   Замкавы (гродскі) суд

2.   Земскі суд

3.   Падкаморскі суд

4.   Магістрацкі суд

5.   Каптуровы суд

6.   Копны суд

7.   Вотчынны суд феадалаў над залежнымі ад іх людзьмі

8.   Камісія вайсковая, палюбоўны (трацейскі) суд

Заключэнне


Уводзіны

Задача навукі гісторыі дзяржавы і права – вывучэнне гістарычнага ходу падзей у іх канкрэтнасці і храналагічнай паслядоўнасці, выяўленне асноўных заканамернасцей развіцця структуры і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і правадносін грамадзян, прававога становішча класаў, саслояў і розных сацыяльных груп насельніцтва, выяўленне і вывучэнне крыніц права, высвятленне развіцця асобных галін права і дзяржаўнага, адміністрацыйнага, цывільнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш.

Гісторыя дзяржавы і права Беларусі вывучае працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы і права на тэрыторыі нашай Радзімы ў іх цеснай узаемасувязі на розных этапах жыццядзейнасці нашых суайчыннікаў.

Адным з самых цікавых этапаў у гісторыі Беларусі з’яўляецца перыяд Вялікага княства Літоўскага.

Гэта дзяржава на працягу некалькіх вякоў была адной з самых магутных на еўрапейскім кантыненце. І было б памылкай не разгледзець і не вывучыць гэтую слаўную старонку беларускай гісторыі.

Паколькі тэма гэтай курсавой работы “Судовы лад Вялікага княства Літоўскага”, то мы будзем разглядаць, менавіта, судовую сістэму старажытнай дзяржавы. Я лічу, што разгляд гэтай тэмы з’яўляецца даволі актуальным на сеняшні дзень. Судовыя органы – гэта неад’емная частка ці то сярэднявяковай, ці то сучаснай дзяржавы. Яны, як і іншыя органы дзяржаўнага кіравання іграюць ролю фундамента ў арганізацыі грамадства і яго кантраляванні.

Судовая сістэма ВКЛ без сумненняў адрозніваецца ад сучаснай, аднак ёсць і аднолькавыя ці сходныя рысы. Гэта перш усяго, заключаецца ў самой прыродзе органаў правасуддзя. Яны ўзніклі па волі самаго чалавека, якому было патрэбна вырашаць спрэчкі з сабе падобнымі, пры ўдзеле пасрэдніка (суддзі). З цягам часу суд, акрамя гэтай функцыі, ужо выконвае і іншыя. Ён выступае, як орган дзяржавы, працуе, каб падтрымліваць парадак, для спакойнага і квітнеючага жыцця жыхароў краіны, каб забяспечваць справядлівасць і ўмацоўваць дзяржаву.

Нас таксама хвалюе наша сучаснае жыццё і наша будучыня. мы маем вельмі добрую магчымасць выкарыстоўваць вопыт нашых продкаў і павінны скарыстаць яго. мы маем магчымасць параўноўваць і сапастаўляць мінулае, сучаснае і будаваць будучае. Таму вывучэнне і разгляд гістарычнай мінуўшчыны мае вялікае значэнне для нас. У нашым выпадку, разгляд судовага ўладкавання ВКЛ дапаможа нам зразумець, што было пачаткам сучасных судовых органаў. Вывучэнне ж гэтай тэмы, а тым больш прымяненне мінулага вопыту на справе ў сучасным варыянце, можа дапамагчы знайсці нейкія новыя шляхі, ідэі ва ўдасканаленні суда сеняшняга дня.

Разгляд судовага ладу ВКЛ зводзіцца да разгляду судовых органаў перыяду XV - XVI ст. ст., часткова XVII ст. Да канца XV – пачатку XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім дзейнічаў тыповы для раннефеадальнага перыяду прынцып, згодна з якім органы дзяржаўнай улады адначасова выконвалі судовыя функцыі. У гэты час судовая ўлада належыла вялікакняскім ураднікам ці чыноўнікам -ваяводам, старастам і дзяржаўцам, якія з’яўляліся судовай і адміністрацыйнай уладай. Такое становішча заставалася і пасля выдання Статута 1529 г, які прадпісаў ваяводам, старастам і дзяржаўцам выбраць кожнаму ў дапамогу сабе двух “сялян”. Апошнія павінны былі пры адсутнасці ваявод, стараст і дзяржаўцаў разам з іншымі ўраднікамі разглядаць судовыя справы. І толькі ў перыяд паміж першым і другім Статутамі былі праведзены рэформы ў галіне заканадаўства і судаводства, заканчэннем якіх з’явілася заснаванне Галоўнага Літоўскага Трыбуналу, як папыткі аддзялення суда ад адміністрацыі. Такім чынам, на працягу XVI ст. назіраецца адыход ад парадку разгляда судовых спраў органамі дзяржаўнай улады.

Характэрнай рысай усіх судоў ВКЛ у XV – XVI ст. ст. быў іх падзел па класава-саслоўнаму прынцыпу. У гэты перыяд на Беларусі меліся дзве сістэмы судовых органаў – агульныя суды для ўсяго насельніцтва (агульнасаслоўныя), заснаваныя на старажытным звычаёвым праве і на законе, і саслоўныя суды (для духавенства, шляхты, мяшчан, сялян, татар, яўрэяў). Саслоўныя суды для шляхты былі поўнасцю аддзелены ад адміністрацыі і дзейнічалі на падставе закона ў адпаведнасці з тэорыяй аб падзеле ўлад. Астатнія саслоўныя суды дзейнічалі на аснове Бібліі, Карана, Торы, спецыяльных нарматыўных актаў ці старажытнага копнага права.

Асноўнымі судовымі органамі для феадалаў-шляхты былі: вялікакняскі (гаспадарскі) суд, галоўны, замкавы, земскі, падкаморскі і кантуровы суд. У дачыненні да простага народу суд і расправу чынілі феадалы і іх намеснікі, службовыя асобы дзяржаўнага кіравання – ваяводы, старасты, дзяржаўцы, іх намеснікі, а часам і сам гаспадар з панамі – рады.

Як гэта ўжо вядома суд – гэта дзяржаўны орган, які разглядае грамадзянскія і крымінальныя справы на падставе дзеючага заканадаўства ў адпаведнасці з прынятымі працэсуальнымі правіламі. Таму для больш дасканалага вывучэння судовай сістэмы Вялікага княства Літоўскага трэба разглядаць заканадаўчыя акты і дакументы таго часу, дзе былі зафіксаваны правілы, у адпаведнасці з якімі працавалі суды.

Найбольш вядомымі і даступнымі для даследчыка з’яўляюцца Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў, якія сталі вяршыняй сістэматызатарскай кадыфікацыйнай дзейнасці. Распрацоўкі іх вялі выдатныя вучоныя – юрысты таго часу, якія добра ведалі мясцовае звычаёвае беларускае права, гісторыю рымскага і права іншых дзяржаў, а таксама мелі багаты практычны вопыт. Сярод іх можна назваць Францыска Скарыну (Статут 1529 г); Аўгусціна Ратундуса, Пётра Ронзія, дзяка вялікакняскай канцылярыі Марціна Валадковіча, падканцлера Астафея Ваповіча (Статут 1566 г); канцлера ВКЛ Л. І. Сапегу (Статут 1588 г.) і інш.

Так, асаблівая ўвага ў Статуце 1529 г. надавалася судова-працэсуальнаму праву. Суд быў важным органом, які забяспечваў ахову правапрадку. Дзейнасць яго была накіравана на абмежаванне самавольства феадалаў, наданне праву аўтарытэту. Асаблівая ўвага надавалася парадку ажыццяўлення правасуддзя, абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей і захавала паўнату правоў, толькі для буйных феадалаў. Судова-працэсуальнаму праву ў Статуце 1529 г прысвечаны VІ раздзел.

Змены, якія адбыліся ў сярэдзіне XVI ст. у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці выклікалі правядзенне аграрнай, адміністрацыйнай у тым ліку і судовай рэформ, патрабавалі ўдасканалення права. Таму і была створана камісія ў 1551 г для распрацоўкі новага Статута.

У выніку судовай рэформы 60-х г. XVI ст. з’явіўся новы судовы орган – земскі суд. Гэта быў выключна шляхецкі суд. Канчатковае прававое афармленне земскага суда праведзена Бельскім прывілеем і Статутамі 1566 і 1588 г. У Статуце 1566 г. судоваму ладу і судоваму працэсу быў прысвечаны IV раздзел, у Статуце 1588 г – І і IV р. У Статуце 1566 г упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага і ствараліся земскія і падкаморскія суды. У Статуце 1588 г. гэтая лінія была падтрымана і працягнута, бо ў ім было зафіксавана з’яўленне новага суда, які абмежоўваў уладу князя – Галоўнага Трыбуналу. Судовая ўлада была замацавана за вялікакняжацкім і галоўным судамі, а таксама за мясцовымі судамі.

Акрамя гэтага, для вывучэння гэтай тэмы можна выкарыстаць больш познія даследванні беларускіх вучоных-юрыстаў, гісторыкаў. Сярод іх можна назваць работы Леантовіча Ф. І. “Суд господарей и их советников в ВКЛ до и после Люблинской вунии”//Журн. Мін-ва юстыцыі 1909 №6, 1910 №2; Лапно І. І. “Зeмский суд в ВКЛ в XVI в” СПб, 1897; Любаўскі М. К. “Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской Унии включительно” 2-е выд. М. 1915 г.; Даніловіч І. “Взгляд на литовское законодательство и литовские Статуты”//Юр. запіскі, выдадзенныя П. Рэдзькіным Т. 1. М. 1841 г. Аднак гэтыя працы не даступны для кожнага даследчыка, бо яны знаходзяцца ў дзяржаўных архівах, музеях Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы. Таму для розгляду судовых уладкаванняў ВКЛ у XIV – XVI ст. ст. мы можам ужыць працы сучасных даследчыкаў. Гэта працы І. А. Юхо “Крыніцы беларуска-літоўскага права”; Т. І. Доўнар, В. А. Шаўкапляс “Государство и право Беларуси в XIV- XVI в. в.”; А. Ф. Вішнеўскі “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі IX – пач. XX ст. ст.” Гэтыя аўтары выкарыстоўвалі пры напісанні сваіх работ багаты дакументальны матэрыял, таму мы таксама можам давяраць ім.

З мэтаю вывучэння судовага ладу ВКЛ я паставіў перад сабой задачу адказаць на наступныя пытанні:

–     Якія ўвогуле існавалі суды на Беларусі ў XIV – XVI ст?

–     Які быў склад (віды) судоў?

–     Парадак фарміравання і дзейнасць?

–     Падсуднасць спраў і кампетэнцыя?

–     Роля таго ці іншага суда ў тагачасная сістэме судовых органаў?

Разгляд гэтых асноўных пытанняў дазволіць нам зразумець, як жылі нашы продкі, як абаранялі свае інтарэсы, чым кіраваліся. І гэта дапаможа нам пашырыць агульнае ўяўленне аб нашай старажытнай дзяржаве, зразумець, як Вялікае княства Літоўскае дасягнула сваёй славы і магутнасці.


І. 1. Вышэйшым агульнагалоўным судом лічыўся вялікакняскі (гаспадарскі) суд, а таксама суд паноў Рады, Сойма і як іх разнавіднасці – камісарскі суд.

Падсуднасць сппраў гаспадарскаму суду да сярэдзіны XVI ст. была даволі шырокай, але затым быў устаноўлены інстанцыйны парадак, па якому судовыя справы трэба было разглядаць у мясцовых судах па першай інстанцыі. Аднак гаспадарскі суд таксама мог разглядаць справы як па першай, так і па другой інстанцыям. У якасці суда першай інстанцыі разглядаліся толькі справы па дзяржаўных злачынствах, па ісках да шляхты аб выпатрабаванні дзяржаўных маёнткаў з земляў, аб прыналежнасці да саслоўя шляхты, па скаргах на незаконныя дзеянні вышэйшых службовых асоб, “споры о силе и значении различных жалованных грамот, затрагивающих интересы государственной казны” (Статут 1588 раздз. 1, арт. 3, 4, 14, 15; раздз. 3. арт. 11; раздз. 4, арт. 63, 83, 90), па палітычным злачынствам (уцёкі ў варожыя землі, не падпарадкаванне рашэнням гаспадара па судовым справам, не ўважлівыя адносіны да афіцыяльных актаў і іх падробка) і інш. Выключна да падсуднасці гаспадарскага суда адносіліся справы аб злачынствах супраць паноў-рады, ваявод, кашталянаў, стараст, суддзяў у час выкананняімі сваіх службовых абавязкаў. Альтэрнатыўная падсуднасць была ўстаноўлена па ісках замежных гасцей. Іх справы маглі разглядацца па выбару істца ў гаспадарскім або ў іншым судзе: “Устанавливаем, если бы которому чужеземцу при нас, государе или хотя бы в наше отсутствие … случилось от которого местного жителя насилие, побои, разбой …, тогда обвиняемый в тех делах без позвы, а мещанин, простой человек без сроков, не затягивая ничем, обязан отвечать по вызову перед нами, перед воеводами и врядниками нашими замковыми …” (Статут 1588, раздз. 4, арт. 28).

У якасці суда другой інстанцыі гаспадарскі суд разглядаў любые справы, якія прыходзілі ў парадку апеляцыі па рашэнні з мясцовх судоў (арт. 90, 40, раздз. 4). Разгляд спраў у гаспадарскім судзе вёўся пры ўдзеле вялікага князя і радных паноў. Састаў гаспадарскага суда не быў рэгламентаваны ў Статуце, але на практыцы на судзе абавязкова павінны былі прысутнічаць у якасці засядацеляў радныя паны. Іх колькасць не была вызначана ў законе: магло быць два-тры чалавекі, а падчас 20 і болей. Усё залежала ад важнасці справы, месца і часу, а таксама ад таго, якое службовае становішча займалі ісцец і адказчык.

2. Разнавіднасцю гаспадарскага суда лічыўся суд паноў. Па даручэнню вялікага князя суд паноў-рады мог разглядаць тыя справы, якія паступалі на імя гаспадара. Ён мог разглядаць справы незалежна ад таго, ці ўся Рада была ў зборы, ці толькі яе частка.

Часам асобныя крымінальныя ці грамадзянскія справы гасудар разглядаў разам з панамі-рады прама на Сойме. Такі суд называўся соймавым. Звычайна праводзіўся раз у два гады. Па Статуту 1588 г., справы ў соймавым судзе разглядаліся гасударом, панамі-радамі і васмю дэпутатамі сойма: “… если бы кто какого-либо сословия был найден явно подозреваемым в том, что виновен в оскорблении нашего государева величия …, где кому идет о чести, и о жизни, таковых шляхту, подданных наших, и в каком другом месте, только на общем сейме великом с панами радами … мы, государь, будем судить” (раздз. 1, арт. 4), “… что касается чести, мы сами, государь, должны судить.” (раздз. 3, арт. 46). Такі суд узнік у канцы XV ст. Яго рашэнні лічыліся канчатковымі. Аднак, калі на соймавым судзе гаспадар адсутнічаў ці яго кропка гледжання разыходзілася з думкай большасці, то за гаспадаром захоўвалася права памілавання.

3. Справамі па зямельных спрэчках феадалаў з дзяржаўнымі маёнткамі займаліся спецыяльныя камісары, якія павінны былі выязджаць на месца і там разглядаць спрэчкі. “Кто бы с подданных наших этого государства Великого княжества Литовского, какого-либо состояния будучи, нашим имуществом государевым, людьми, землями и иным доходом бесправно и без наших дарственных грамот захватив владел …” (Статут 1588, р. 1, арт. 15) или “когда кто с подданных наших народа шляхецкого какого-либо состояния особа обратится к нам, считая себя обиженной в земле своей воевод, старост, державцев …. Тогда мы сразу без всякой задержки на рассмотрение и разрешение таковых споров о землях должны комиссаров наших трех лиц, а именно кашталяна или маршалка, и к таму подкаморого того павета и с ним третьего шляхтича, в том же повете оседлого ….”(р. 4, арт 83).

Аднак да судовай рэформы 1564 г. суд не быў аддзелены ад адміністрацыі. Існавала некалькі судовых інстанцый. З кніг “Літоўская метрыка” вядома, што на працягу1528 – 1547 г. існаваў так званы камісарскі суд пад старшынствам вялікакняскага маршалка Матея Вайцеховіча Яновіча. Большасць судовых спраў разглядалася ў Вілне, аднак многія з іх – у гарадах і мястэчках. З гэтай крпкі гледжання суд Матея Вайцеховіча можна лічыць “выяздным”, асабліва, калі ён стаў старастай Жмудзі, ён вершыў суд у розных мястэчках на яе тэрыторыі, напрыклад, у м. Шаўкенай суд працягваўся без перапынкаў 4 месяцы з 19-га жніўня па 18-е снежня 1542 г., затым 27-га снежня ў Арогале, 28-га ў Вількіі, зразу 3 справы ў адзін дзень і г. д.[1] Ужо ў самым загалоўку рукапіснай “книги” Л. М. гаварыцца, што гэта розныі судовыя справы, вырашанныя “через асесоровъ, от его королевсъкое м(и)л(ос)ти высажоных”[2], і надалей пералічаны прозвішчы па роду і занятках. Аднак састаў суда не быў пастаянным. Пастаянным заставаўся толькі яго галава – Матей Яновіч. Ён і вяршыў на працягу 20 гадоў розныя судовыя справы. Са спраў бачна, што згодна з нормамі літоўскага права ў якасці суддзяў выступаюць, як правіла, кто-небудзь з саноўнікаў і паноў. Часам – гэта саноўнікі, па рангу вышэй М. Яновіча. Аднак характэрным было тое што састаў суда як бы дапаўняўся яшчэ пералічанымі ў канцы справы “притом” прысутнічаючых асоб, своеасаблівых засядацеляў, якія падмацоўвалі сваёй прысутнасцю дакладнасць судовых рашэнняў. Прытым сярод іх нярэдка буйныя вельможы – княззі: Бранецкі (№№ 170-172), Богуш Аляксандравіч Масальскі (№№ 172, 180, 185), Сямён Пронскі (№ 184) і інш[3].

Амаль што пастаянна прысутнічаць гаспадарскія “дваране”[4], якім часам даручалася разгледзець некаторыя мелкія справы.

Пры разглядзе некаторых спраў “присутствуют” і прадстаўнікі іншых саслоўяў: епіскапы і ксяндзы (№№ 153, 161, 277, 280, 288 і інш.), войты, бургамістры. Пры разглядзе справы пад № 164 “присутствует” проста мяшчанін, мяркіннскі Высоцкі, аднак і судовая справа разглядалася паміж мяшчанамі таго ж мястэчка Мяркіне[5].

У асобных справах суд вядзе капа (№№ 32, 79, 144 …). Суддзяў маглі выбіраць сабе і бакі, якія спрачаюцца (№№ 25, 33, 37 – 40 і г. д.) Ёсць некалькі спраў (№№ 210, 224, 266, 395), у якіх па даручэнню маршалка, пазней і ваяводы Матея Войцеховіча, судзяць яго ўраднікі ці проста паны[6].

Увогуле, камісарскі суд ствараўся гаспадаром для разгляду адной канкрэтнай справы, якая прыйшла на імя гаспадара. Рашэнні гэтага суда, зробленыя без папярэдняга паведамлення аб меркаванні вялікага князя, можна было абскардзіць самому князю.

Адной з разнавіднасцей гаспадарскага суда быў маршалкоўскі суд. Яго мог узначальваць адзін марашалак ці два. Гэты суд разглядаў справы па даручэнню або загаду гаспадара. Месцам правядзення яго пасяджэнняў быўзвычайна гаспадарскі двор, а калі ўзнікала неабходнасці, то ён мог пераязджаць і ў іншыя месцы[7]. Як пастаянная ўстанова пры вялікім князі маршалкоўскі суд узнік к канцу XV ст. і не перастаў існаваць пасля выдання Статута 1529 г.

Як вядома, вялікі князь вельмі часта адсутнічаў у дзяржаве, а ў межах самаго ВКЛ нярэдка пераязджаў з рэгіёна ў рэгіён. Па гэтай прычыне феадалам цяжка было знайсці вышэйшага суддзю. Больш таго, гаспадарскі суд збіраўся рэдка, у выніку разгляд асобных судовых спраў затрымліваўся на дзесяткі гадоў. Напрыклад, вялікі князь Аляксандр у сваім канстытуцыйным прывілеі 1492 г. абяцаў неадкладна разгледзець тыя судовыя справы, якія не паспеў вырашыць яго бацька. “Але яго пераемнік Жыгімонт І павінен быў паутарыць гэтыя абяцанні і амаль праз 40 гадоў пасля смерці Казіміра абяцае “без отволоки” закончыць усе тыя судовыя справы, якія не паспеў закончыць яго бацька Казімір і яго брат Алякандр. Але такія самыя завалы спраў засталіся і пры пераемніках Жыгімонта І – пры яго сыне і пры Стэфане Баторыю”[8].

4. З мэтай разгрузіць гаспадарскі суд, граматай караля Стэфана Баторыя ад 1 сакавіка 1581 г. быў утвораны Галоўны суд (Трыбунал) найвышэйшы суд ВКЛ. З утварэннем Галоўнага Трыбуналу судовая ўлада вялікага князя і паноў-рады абмежоўвалася. Гэта з’ява ўказвае на пастаянную тэнденцыю да аслаблення ўлады вялікага князя ў дзяржаве і ўмацавання ролі шляхты. Мяркуем, што з утварэннем Галоўнага суда ўзмацняўся і суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага.

Ва ўводнай частцы закона 1581 г. “Способ прав трибунальских” абгрунтоўваецца неабходнасць утварэння Галоўнага суда, акрэсліваецца яго кампнтэнцыя. У раздзеле “Способ обирания судей” разглядаецца парадак фарміравання і склад Літоўскага трыбунала.

Трыбунал ВКЛ (Галоўны суд) ствараўся для апеляцыйнага перагляду спраў, але асобныя справы ён мог разглядаць у парадку першай інстанцыі. Пастановы яго мелі сілу пастаноў сойма. Галоўны суд складаўся, як правіла, 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках з мясцовай шляхты, па два ад кожнага павета, тэрмінам на адзін год[9]. Пры гэтым трэба адзначыць, што выбраннымі маглі быць толькі шляхцічы, якія мелі ўласныя зямельныя ўладанні (аседласць), засведчаныя ў праве і мясцовых звычаях.

Кожны член Галоўнага суда павінен быў прымаць удзел у яго рабоце не меньш 6 месяцаў і потым мог не з’яўляцца на сесіі, як выканаўшы свае абавязкі. Колькасць суддзяў – членаў Галоўнага суда – пры разглядзе спраў не адзначалася дакладна і магла быць рознай, але кворум суда па грамадзянскім справам адзначаўся ў 6 чалавек. Па заканчэнню тэрміну паўнамоцтваў асоба магла быць зноў абрана членам Галоўнага суда толькі праз 6 гадоў. Члены Галоўнага суда з сваўго ліку абіралі старшыню, які мог зноў абірацці на гэтую пасаду толькі праз 4 гады[10].

Галоўны суд разглядаў апеляцыі на рашэнні (выпакі): 1) гродскіх, земскіх і падкаморскіх судоў; 2) панскіх судоў у адносінах служылых шляхцічаў, прыгавораных да пакаранню смерцю, турэмнага заняволення ці буйных грошавых штрафаў. (“Однако же апеляция допускается по сему статуту на обе стороны как истцовой, так и ответной без припятствия в главный суд”. р. ІІІ, а. 11; р. ІV, арт. 40, 56).

Па першай інстанцыі Галоўны суд разглядаў справы, якія раней былі ў кампетэнцыі вялікакняскага суда “вси справы пришлые, которые кольвек на суд наш господарский припадати бы имели”). Асаблівую катэгорыю спраў складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых асоб і суддзяў. Галоўны суд разглядаў і тыя справы, якія былі адкладзены гаспадарскім судом да 1581 г.

Пад юрысдыкцыю трыбунала пападалі таксама справы, звязаныя з іскамі з-за царкоўнай маёмасці. Пры разглядзе такіх спраў стваралася сумесная калегія ў якую ўваходзілі члены Галоўнага суда і прадстаўнікі духавенства, якіх прызначалі спіскамі.

Акрамя разгляду судовых спраў галоўны суд займаўся і натарыяльнымі клопатамі: завяраў завяшчанні, сведчыў дагаворы пазыкі, куплі-продажу маёнткаў і г. д.

Сесіі Галоўнага трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага суддзямі маршалка. На пасаду старшыні звычайна рэкамендаваўся Радай адзін з паноў

Справы разглядаліся судовай калегіяй з 2 – 7 чалавек, аднак магла быць і іншая колькасць суддзяў у калегіі; але не менш чым два. Пастановы ці рашэнні (дэкрэты) трыбунала прымаліся большасцю галасоў на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права. Не прымалі ўдзелу ў разглядзе справы члены суда з таго самага павета, што і бакі ў спрэчцы. Як адзначалася, рашэнні (дэкрэты) Галоўнага суда мелі сілу соймавых пастаноў, таму яны не маглі быць абскарджаны, адменены нават вялікім князем. Выкананне рашэнняў праводзілася паветавымі судамі, або паветовымі старастамі.

Месцам работы Галоўнага суда (сесій) былі Вільня (штогод), Менск і Навагародак (па чарзе праз год). Да 1588 г. сесіі праходзілі і ў Троках. Кожная сесія (кадэцыя) магла працягвацца не болей як 22 тыдні, пасля суддзі пераязджалі ў чарговы горад.

Акрамя Галоўнага трыбунала было яшчэ некалькі судоў вышэйшай інстанцыі, у прыватнасці, суд літоўскай скарбавай камісіі, або “Скарбавы трыбунал”. Ён быў утвораны ў ВКЛ пазней, у 1609 г. і складаўся з падскарбіяў (земскага і дворнага), з аднаго сенатара і сямі шляхцічаў выбраных на сойме. Скарбавая камісія збіралася 4 разы на год на пасяджэнні на 4 тыдні кожная. Да кампетэнцыі скарбавага трыбунала адносіліся ўсе справы, якія тычыліся гандлёвых кантрактаў, спрэчак паміж купцамі і іскаў па векселях, злачынных дзеянняў накіраваных супраць службовых асоб, дзяржаўнага скарба. Нарэшце, гэтаму трыбуналу належалі справы, звязаныя з нявыплатай дзяржаўных падаткаў. У 1726 г. пастановай Гродзенскага сойма частка функцый скарбавага трыбунала была перададзена Галоўнаму літоўскаму трыбуналу.

5. Нельга не адзначыць, што на Беларусі, як і ўбольшасці еўрапейскіх краін таго часу, існавалі і асобныя суды для веруючага насельніцтва. Так званы духоўны суд у ВКЛ меў шмат падобнага з адпаведнымі судамі на Захадзе, бо большасць рэлігій прыйшло іменна адтуль.

Духоўны суд – орган пэўнай рэлігійнай арганізацыі, які разглядаў справы духавенства і веруючых. Наяўнасць сярод насельніцтва ВКЛ розных веравызнанняў абумовіла існаванне для праваслаўных, католікаў, пратэстантаў, іўдзеяў і мусульман духоўных судоў. Кампетэнцыя і юрысдыкцыя гэтых судоў былі неаднолькавыя. Каталіцкай і праваслаўнай царкоўнай юрысдыкцыі належалі духоўныя асобы, іх дзеці, жонкі, розныя “божыя” людзі. Пад прысуд духоўнага суда таксама падпадалі справы аб злачынствах супраць рэлігіі (ерась, святатацтва, кравазмяшэнне, развод, “чужаложства”), некаторыя справы аб спадчыне і падзеле маёмасці. Кампетэнцыя праваслаўных і каталіцкіх судоў на працягу 16 ст. зазанала істотныя змены, што было звязана з ростам рэфармацыйнага руху і незадаволенасцю свецкіх феадалаў непамерным узвышэннем духавенства і царквы. Спробай выражэння ўзнікшых супярэчнасцей былі прававыя акты, выдадзеныя Аляксандрам, Жыгімонтам І і Жыгімонтам ІІ, якія абмежавалі юрысдыкцыю духоўных судоў.

Праблемы ўзаемаадносін станаў свецкага і духоўнага адлюстраваны і ў Статуце 1588 г., які вызначыў катэгорыі спраў духоўнага характару і забараніў пашырэнне на грамадскія і крымінальныя юрысдыкцыі духоўнага суда (“Так же устанавливаем, что епископы, прелаты духовного сословия и их управляющие княжат, панов и всей шляхты, рыцарства, и мещан, и всех подданных наших, как и шляхетскiх, не должны никого к себе в духовное право по светским делам вызывать. Также и сама шляхта …. Но что будет относиться и принадлежать к духовному праву, то в духовном праве должно решаться и судиться” (арт 31); “О доказывании справедливости в обидах светских с сословиями духовными с сословиями светскими” (арт 2); арт 33, 34)[11]. Забаранялася таксама выбіраць духоўных асоб у склад свецкіх судоў (р. 4, арт. 2). Па асобных справах ствараліся сумесныя суды з духоўных і свецкіх суддзяў. Некаторыя катэгорыі спраў вырашаліся рознымі судамі, напрыклад справы аб разводзе разглядаў духоўны суд, а падзел маёмасці пасля разводу – свецкі суд (Статут 1588 г., р. 5, арт. 20).

Судаводства ў духоўным судзе вялося паводле прынцыпаў інквізіцыйнага працэсу, асабліва па справах аб святатацтве, ерасі, дзе выкарыстоўваліся даносы, сачэнні, катаванні пры допытах і інш.

Апеляцыі на рашэнні духоўнага суда з 1581 г. разглядаз Трыбунал ВКЛ, у якім была спецыяльная камісія па справах духоўных асоб. Шырокія паўнамоцтвы мелі духоўныя суды, якія разглядалі справы яўрэйскага і татарскага насельніцтва.

Такім чынам, вышэйшыя судовыя органы дзяржавы прадстаўлялі з сябе шырокую разгалінаваную сістэму. Акрамя агульнаых судоў, такіх як гаспадарскі, суд паноў-рады, соймавага, былі і спецыялізаваныя: камісарскі, духоўны, скарбавы. Маршалкозскі суд разглядаў справы па даручэнню, ці загаду гаспадара. Існаваў суд, сякі ўвогуле абмяжоўваў уладу вялікага князя і паноў-рады. Такім судом быў Галоўны суд. Ён разглядаў апеляцыі, аднак асобныя справы мог разглядаць у парадку першай інстанцыі.

ІІ. Пасля вышэйшых судовых устаноў у судовай сістэме Вялікага княства Літоўскага ішлі ніжэйшыя, ці мясцовыя судовыя органы.

1. Сярод мясцовых судоў найбольш старадаўнім быў замкавы, ці гродскі, суд, пасяджэнні якога праводзіліся ў замку, ці, як яго называлі, горадзе, гродзе, ад чаго і пайшла назва суда. Замкі даваліся ў кіраванне ваяводам, а таксама старастамі, якія ажыццяўлялі адміністрацыйныя, фінансавыя і судовыя функцыі. Ваявода ці стараста разглядалі справы не аднаасобна, а з удзелам мясцовых феадалаў. Часам стараста ці ваявода перадавалі свае абавязкі па гродскаму суду намеснікам – падстарасце ці падваяводзе. У дадзеным выпадку ў склад гродскага суда ўваходзілі падстараста (падваявода), гродскі суддзя і гродскі пісар, якія прызначаліся старастам ці ваяводам. Аднак гэтыя службовыя асобы калі прызначалі членаў гродскага суда павінны былі прытрымлівацца патрабаванняў закона, якія прад’яўляліся суддзям. Прычым гэтыя патрабаванні ўвесь час ускладняліся. Так, калі Статут 1566 г загадваў выбіраць у гродскія суддзі толькі мясцовую шляхту, то Статут 1588 г. патрабаваў, каб гэтыя шляхцічы, акрамя таго, ведалі беларускую грамату, мясцовыя законы. Гэта тлумачыцца далейшым развіццем феадальных адносін, якое вяло за сабой ускладненне судаводства і развіццё ўсіхгалін права, што ў сваю чаргу патрабавала ад членаў суда спецыяльных юрыдычных ведаў.

Падсуднасць замкаваму суду была даволі шырокай ахоплівала асноўныя катэгорыі крымінальных спраў. Замкавы суд з’яўляецца агульнасаслоўным. У ім разглядаліся справы па абвінавачванню шляхты, мяшчан і сялян. Ён разглядаў як крымінальныя (аб разбоях, забойствах, падпальваннях, крадзяжах, чараўніцтве), так і некаторыя грамадзянскія справы (невыкананне дагавору заема, арэнды). Але ў асноўным гродскі суд разглядаў менавіта крымінальныя справы. Прычым ўсе пералічаныя катэгорыі іх разглядаліся дадзеным судом толькі ў тых выпадках, калі злачынца быў затрыманы на месцы ці злоўлены на працягу 24 гадзін пасля ажыццяўлення злачынства ці (калі адсутнічаў факт затрымання вінаватага) калі заява была передадзена ў суд не пазней тыдня пасля здзяйснення злачынства. У астатніх выпадках заявіцель павінен быў звяртацца ў земскі суд.

Ісцамі ў гродскім судзе ніколі не маглі быць прыгонныя сяляне, бо ў адпаведнасці са Статутам 1588 г. заяву замест іх даваў гаспадар і не к вінаватым сялянам, а к іх гаспадару. Гэта юрыдычная норма закона яшчэ раз падкрэслівае бяспраўнае становішча прыгонных.

Замкавы суд мог дзейнічаць у двух саставах: вышэйшым (як першая і другая інстанцыі) і ніжэйшым (толькі ў якасці першай інстанцыі).

У склад вышэшага замкавага суда ўваходзіў ваявода, або стараста, або дзяржаўца і прадстаўнікі мясцовых феадалаў. Так, полацкі ваявода абавязаны быў разглядаць усе справы “са старшими баярами Полацкими”, віцебскі “с князи и бояры и з мещаны”[12].

Ніжэйшы гродскі суд складаўся з намесніка ваяводы, або намесніка старасты, а таксама суддзі і пісара. На пасаду намесніка, суддзі і пісара ў гродскім судзе маглі быць прызначаны толькі шляхціцы, якія валодалі нерухомай маёмасцю (мелі “асёдласць”) у дадзеным павеце, ураджэнцы ВКЛ, дабрачынныя, якія ведалі права і ўмелі пісаць (Статут 1588 г., р. IV, а. 37). Штодатычыцца часу склікання і правядзення замкавага суда, то аб гэтым сведчыць арт. 33 р. IV Статута 1588 г: “Устанавливаем, что сесии для отправления правосудия судом замковым должны быть в каждом месяце и начинаться должно первого числа каждого месяца. А если где бы первого числа пришелся праздник, тогда назавтра после праздника сессия начинаться будет. А длиться судебная сессия должна две недели…”

Вышэйшы гродскі суд (ваявод, страст, дзяржаўцаў) павінен быў, атрымаўшы скаргу на пастанову ніжэйшага суда, не пазней чатырох тыдняў прыбыць на сваё месца або даручыць сваім бліжэйшым намеснікам – кашталяну, маршалку, харужаму – разгледзець справу па апеляцыі. Апеляцыі на рашэнні вышэйшага гродскага суда падаваліся ў Галоўны суд: “…по жалующейся стороне их рассмотрение и решение показалось бы вынесенным не в соответствии с правом, тогда та сторона жалующаяся будет иметь право по такому делу подать апелляцию и отзыв в главный трибунальный суд” (Статут 1588 г., р. IV, арт. 37).

Такім чынам, галоўная роля ў замкавым судзе належала службовым асобам мясцовай адміністрацыі. Аднак сам факт уключэння ў склад гродскага суда прадстаўнікоў мясцовых феадалаў, а затым суддзі і пісара, якія таксама былі прадстаўнікамі мясцовых феадалаў, але ўжо валодалі прававымі ведамі, сведчыць пра пэўныя зрухі ў судаводстве, развіцці права, панскі суд пачаў аддзяляцца ад адміністрацыі і ўзнікла неабходнасць мець спецыяльныя юрыдычныя веды.

Справаводства замкавага (гродскага) суда вёў пісар.

Дастаўка заяў і выкананне рашэнняў суда ажыцяўляліся павятовымі вознымі і судовымі прыставамі[13].Пры замкавым судзе знаходзіўся кат, была турма, у якой утрымліваліся зняволеныя па рашэннях замкавага, земскага і Галоўнага судоў. Важнай функцыяй замкавага суда было выкананне прыгавораў і рашэнняў іншых судоў.

У кампетенцыю гродскага суда ўваходзілі і некаторыя адміністрацыйныя функцыі: у час работы сваёй сесіі і сесіі земскага суда ён вызначаў дом для судовага пасяджэння, а затым размяркоўваў кватэры для членаў земскага суда і іншых чыноўнікаў, якія прыязджалі на сесіі, ажыццяўляў рашэнні земскага, Галоўнага суда і іншых судовых органаў, фіксаваў завяшчанні, акты падараванняў, куплі-продажу, залога, займу. Іскавыя патрабаванні бакоў, рашэнні суда, заявы вознага і інш. асоб па забеспячэнне доказаў, розныя натарыяльныя дзеянні заносіліся ў актавыя кнігі, якія вяліся ў гродскім судзе.

Як ужо было адзначана, апеляцыі на рашэнні гродскага суда перадаваліся ў Галоўны суд. Ў гэтым выпадку выкананне рашэнняў гродскага суда прытрымлівалася. Аднак калі пры разглядзе справы па згодзе аднаго з бакоў іншы даваў прысягу ці сам апелянт прызнаваўся ў судзе, а таксама ў некаторых іншых выпадках у адпаведнасці з заканадаўствам апеляцыя ў Галоўны суд забаранялася[14].

Шляхціцаў і іншых асоб, якія ўчынілі злачынствы ў час ваеннай службы, маглі судзіць службовыя асобы каманднага саставу арміі – гетман, ваевода, кашталян, маршалак, харужы – у залежнасці ад часу і месца злачынства, асобы злачынцы і пацярпелага і цяжкасці злачынства (Статут 1588 г., р. ІІ, арт 6, 8).

2. Найбольш тыповым, аддзеленым ад адміністрацыі саслоўным судом для шляхты быў земскі павятовы суд[15]. Яго ўзнікненне на Беларусі адносіцца да першай паловы XVI ст. Аднак да 60-х г. г. суддзі гэтага суда прызначаліся.

У асноўным ён разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы па абвінавачванням шляхты. Земскі суд выконваў таксама функцыі натарыята, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Канчатковае прававое афармленне земскага суда праведзена Бельскім прывілеем 1564 г. і Статутам 1566 і 1588 г. г. (“Якож за волею и допущением нашима позволеньем рад наших обраны на то были через них же самих и с посродку тых же станов особы певные, рады наши маршалковы земскiе, хоружiе и иные особы роду i народу шляхецкого, до которих справ чужоземских, которые заседим не о днем оправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаща судового то становили и написали … на том сейме великом вальном Бельском в одно ровное право в однакiй а не инайший суд моц и поступки судовые и послушенства…”[16].

У састаў земскага суда ўваходзілі суддзя, падсудак і пісар, якія выбіраліся на з’езде з павятовай шляхты. На кожную пасаду з’езд вылучаў чатырох кандыдатаў з мясцовых аселых шляхціцаў-хрысціян (“веры годных”), якія валодалі беларускай граматай, ведалі права і не займалі духоўных і дзяржаўных пасад. “А мы с тех четырех одного, который нам приглянется и понравиться, выберем на место таго умершего вряднiка не откладывая установили и прывилеем на тот врод пожизненно либо до повышения с милости нашей на иную какую высшую должность или достоинство должны его утвердить”[17]. Такім чынам прызначэнне асоб на пасады земскага суда ў апошнім выпадку залежала ад волі гаспадара.

Законам не быў дакладна вызначаны ўзроставы цэнз, але звычайна патрабавалася, каб асоба не была маладзей 23 гадоў. На першай сесіі новы суддзя публічна прысягаў, што будзе судзіць справядліва, не зважаючы на грамадскае і матэрыяльнае становішча людзей, асабістыя адносіны да іх. Яшчэ адным патрабаваннем да суддзяў было тое, што ім забаранялася сумяшчаць сваю працу з іншай службай (на духоўная ці дзяржаўнай пасадзе).

Справы ў земскім судзе разбіраліся пасесійна. Сесіі збіраліся тры разы на год: трохкрольская ў студзені, траецкая ў чэрвені і міхайлаўская ў кастрычніку – і працягваліся кажная тры-чатыры тыдні.

Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 г. і Стутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588 г. г. на старабеларускай (да к. XVII ст.), а пазней на польскай мовах.

Калі на судзе сярод прысутных былі людзі, дасведчаныя ў пытаннях права, то суддзі запрашалі іх да “рассудку праўнага”. І яны мелі дарадчы голас пры вынясенні судовых пастаноў. Кожны, хто быў на судзе, мог сказаць тое, што ведаў па разглядаемай справе, выказаць свой погляд на яе.

Рашэнні земскага суда можна было абскардзіць у Галоўны ці гаспадарскі суд. падача апеляцыйнай скаргі прытрымлівала выкананне рашэнняў ці прыгавораў земскага суда. Як ужо было сказана, усе справаводства знаходзілася ў руках пісара. Яму таксама дапамагалі подпіскі, колькасць якіх вызначаў сам пісар. Прычым, ён жа нес асабістую адказнасць за дакладнасць усіх актаў земскага суда, якія выдавала канцылярыя.

Такім чынам, стварэнне земскіх судоў сведчыла пра важны этап у развіцці судовага ладу і права ў феадальным грамадстве. Іх заснаваннем быў пакладзены пачатак арганізацыі судовай сістэмы на новай тэарэтычнай аснове раздзялення ўлад, бо яны былі першымі судамі, цалкам аддзеленымі і незалежнымі ад мясцовай адміністрацыі. Іх узнікненне стала магчымым дзякуючы стварэнню шырокага пісанага права, што ў сваю чаргу выклікала неабходнасць новай прафесіі – юрыста.

3. Другім судом, аддзеленым ад органаў дзяржаўнага кіравання, быў падкаморскі суд. У кампетэнцыю гэтага суда ўваходзілі, выключна, справы па спрэчках аб межах землеўладанняў феадалаў, бо такія справы цікавілі і былі ў цэнтры ўвагі саміх землеўладальнікаў і дзяржаўных органаў. Асабліва шмат такіх спраў знаходзілась ў гаспадарскім судзе, які не быў ў стане іх сваечасова разглядзець. Каб пазбавіца ад цяжкасцей у вырашэнні гэтых спраў, у 1565 г. на Віленьскім сейме, быў утвораны спецыяльны межавы суд – падкаморскі.

У гэтым судзе справы вырашаў падкаморый з удзелам саміх бакоў. Пасада падкаморага лічылася ганаровай і даходнай, таму што значная частка судовых пошлін, што ўносілі бакі, шла ў даход судзі. Паводле Статута 1566 г., падкаморый прызначаўся непасрэдна гасударам. З 1588 г. чатырох кандыдатаў на гэтую пасаду выбіралі на павятовых сойміках, а затым аднаго з іх зацвярджаў гасудар ( р.ІХ, арт. 1). Патрабаванні да кандыдата на гэтую пасаду былі такімі ж, як да іншых суддзяў. Прававое становішчо яго сярод адміністраціі павета было надта высокім, паколькі заканадаўча падкаморый па рангу быў пастаўлены пасля маршалка і вышэй земскіх харужага, судзі, падсудка і пісара[18]. У сеймавых дакументах яго подпіс фігураваў ў першых радках сярод іншай шляхты.

Памочнікамі падкаморыя былі землямеры – каморнікі, якія прызначаў сам падкаморый з шляхты, якая мела маенткі. Каморнікі па даручэнню падкаморыя маглі разглядаць справы ў дачыненні зямлі памерам не больш 1 валокі. Калі ў працэсе разгляду справы дзеянні каморніка абскардзіліся адным з бакоў, тады спрэчку разглядаў падкаморый[19] .

Разгляд справы у падкаморскім судзе адбываўся на месцы граніц землеўладанняў. Там жа падкаморый слухаў тлумачэнні бакоў, паказанні сведак, разглядаў пісьмовыя доказы, выносіў свае рашенне, паказваў на мясцовасці дзе павінна праходзіць мяжа, устанаўліваў мясцовыя знакі.

Рашэнні падкаморнага суда падлягалі неадкладнаму выкананню, але маглі быць абскарджаны ў гаспадарскі або Галоўны суд : “…когда бы кому с подданных наших постановление суда земского или замкового, так самих воевод, старост, как и их врядников судейских или подкоморного, или комиссарское не согласное с правом показалось как исцу, так и ответчику, можно будет после судебного постановления обжаловать в Главный суд о том, что ему судить надлежит.’’ ( Статут 1588 г., р. ІV., арт. 86, 67, 39). Калі ж узнікала паміж бакамі спрэчка аб праве уласнасці на маентак або зямлю ці іншыя патрабаванні на маёмасць, падкаморскі суд такіх патрабаванняў не разглядаў і прапанаваў ім звярнуцца з іскам у земскі ці камісарскі суд. Рашэнні падкаморскага суда і рэестры спраў запісваліся у кнігі земскага павятовага суда. Падкаморскія суды на Беларусі існавалі да ХІХ ст.


Информация о работе «Судовы лад Вяликага княства Литоускага»
Раздел: Государство и право
Количество знаков с пробелами: 62268
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх